Беларусы не будуць цалкам аплочваць камунальныя паслугі, бо дзяржаве гэта нявыгадна?


З 1 студзеня наступнага года беларусаў чакае чарговае падаражэнне жыллёва-камунальных паслуг. Праўда, абяцаюць улады, плацяжы вырастуць не больш чым на 5 долараў у эквіваленце. Адпаведны праект дакументу плануецца падрыхтаваць да сярэдзіны лістапада.

Па выніках 2018 года беларусы мусяць узяць на сябе 76,3 % выдаткаў жыллёва-камунальных службаў. Пра тое, што беларусы павінны плаціць за паслугі па сабекоштах, чыноўнікі сцвярджаюць не першы раз. Гэтак, у 2016 годзе казалі, што стоадсоткавая аплата камунальных будзе з 2018 года. Потым удакладнілі: акрамя ацяплення і гарачай вады. Цяпер планы дзяржава перанесла на 2020 год.

Тарыфы ж на ЖКГ растуць. Сёння беларусы, перадусім жыхары Менску, пакрываюць 100 % выдаткаў на каналізацыю, вываз смецця, асвятленне пад’езду, электрычнасць для працы ліфта і ўборку пад’езду. А вось за ацяпленне і гарачую ваду насельніцтва плоціць толькі 20 % ад сапраўдных коштаў.

Адная манаполія надае паслугу, кантралюе яе якасць і вызначае тарыф

Што цікава, раней беларусы ўжо аплочвалі цалкам і электраэнергію (нават пераплочвалі), і практычна цалкам ацяпленне, але пасля сітуацыя змянілася. Гэтак, у далёкім 2003-м грамадзяне краіны пакрывалі 107 % выдаткаў на электраэнергію і 98 % за ацяпленне.

Паводле словаў дырэктара ўстановы «Эфектыўнае кіраванне будынкамі» Уладзіміра Навасяда, у беларусаў сапраўды ёсць досвед стоадсоткавай аплаты камунальных паслуг. Але раней гаворка ішла не пра тарыфы, а пра сабекошт той ці іншай паслугі камунальнай гаспадаркі. Цяперашняя сістэма тарыфікацыі камунальных паслуг, паводле суразмоўцы, падобная да карупцыі.

«Манаполія аказвае паслугу, кантралюе яе якасць і сама ж на пачатку года вызначае тарыф. То бок кошт гігакалорыяў і кілават-гадзін. А розніцу яна забірае з бюджэту па выніках года. Атрымліваецца, што чым горш яна спрацуе, тым больш яна атрымае датацыяў. І крытэр ацэнкі гэтай паслугі – тарыф. У краінах, дзе адбылася трансфармацыя ЖКГ, сышлі ад тарыфаў і прыйшлі да сабекошту гігакалорыяў і кілават-гадзін – роўна да таго, колькі пэўная паслуга каштуе без нейкіх датацыяў і тарыфаў. У гэтым і ёсць выйсце», – зазначыў Уладзімір Навасяд.

На думку адмыслоўца, пакуль у Беларусі будзе існаваць тарыфікацыя, ведамствы і дзяржаўныя манаполіі будуць зацікаўленыя ў тым, каб грамадзяне не аплочвалі 100 % той ці іншай паслугі, бо «тым самым яны пазбавяцца манапольнага права атрымліваць прыбытак з выдаткаў».

Тарыфы на ЖКГ павялічваюць, але 100% мы пакуль не плацім

Навошта дзяржаве палохаць насельніцтва падвышэннем тарыфаў?

Патрэбу перавесці насельніцтва на стоадсоткавую аплату камунальнага сэрвісу ўлады Беларусі тлумачылі ўмовамі для атрымання крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. Праўда, як заявіў Лукашэнка, такі пункт з’явіўся «нават не з падачы МВФ», а «з падачы дзеячаў ва ўрадзе». А рэзкі рост выдаткаў на камунальныя паслугі, паводле яго, мог прывесці да грамадскіх хваляванняў. У выніку Беларусь прыпыніла перамовы пра крэдыт. Але прыпыніць – не значыць адмяніць. Аднавіць перамовы запланавалі праз два гады – у 2020-м. На гэты год якраз прызначанае чарговае павышэнне тарыфаў.

Разам з тым, МВФ не патрабаваў ад Менску стоадсоткавай аплаты тарыфаў, а толькі казаў пра неабходнасць «прыняць і рашуча рэалізаваць смелую праграму рэформаў з добра спланаванаю паслядоўнасцю дзеянняў, якія ўлучаюць у сябе лібералізацыю цэнаў, захады для вываду тарыфаў на паслугі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі і транспарту на ўзровень поўнага пакрыцця выдаткаў».

Як падкрэсліў Уладзімір Навасяд, МВФ замест стоадсоткавай аплаты ў межах існай сістэмы прапаноўвае рэфармаваць сістэму надавання камунальных паслуг насельніцтву.

«Гаворка ідзе пра тое, што неабходна зрабіць раздрабленне дзяржаўных манаполіяў, правесці аграмадную працу сярод манапалістаў. І ўжо потым, пасля пераходу да сабекошту той ці іншай паслугі, і будзе стоадсоткавая аплата», – заявіў суразмоўца. Ён таксама дадаў, што гэтыя 100 % могуць нават быць меншыя за тыя грошы, што цяпер плоцяць беларусы.

Адмысловец таксама назваў варыянты таго, як ужо сёння можна часткова развязаць пытанне аплаты камунальных паслуг, у межах дзейнага заканадаўства. У прыватнасці, гаворка ідзе пра масавае стварэнне таварыстваў уласнікаў. І каб неасноўныя паслугі таварыствы атрымлівалі ад прыватных установаў. То бок, гаворка ідзе пра клірынг, інжынірынг і шэраг іншых працаў, якія звязаныя з абслугоўваннем і эксплуатацыяй аб’екту.

Але да канца гэты механізм у Беларусі не задзейнічаны. Бо ў краіне толькі 16 % дамоў стварылі таварыствы ўласнікаў або жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы.

«Толькі сам уласнік жытла, самі жыхары ў гэтых дамах зацікаўленыя ў рэформе гэтага сектару эканомікі. І апроч іх гэту праблему ніхто не ў стане цяпер развязаць», – падкрэсліў Уладзімір Навасяд.

МГ

Глядзі таксама
Каментары