Беларусы на самаізаляцыі: «Тыдзень ператварыўся ў адзін вялікі панядзелак». Фотарэпартаж праз ўэб-камеру


Партрэты, адпаведныя выклікам часу – праз ўэб-камеру.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

 

«Беларусь – самая адкрытая краіна» – жартуюць у сеціве. Але нягледзячы на тое, што ў краіне афіцыйна не ўводзілі каранціну, багата беларусаў прынялі рашэнне сысці ў самаізаляцыю. Карэспандэнтка «Белсату» даведалася, як змянілася жыццё такіх людзей, і зрабіла іх партрэты, адпаведныя выклікам часу – праз ўэб-камеру.

Наста, 52 дні ў самаізаляцыі. Праваабаронца з каманды «Human Constanta»

Наста паказвае маску, у якой выходзіць каб выгуляць сабаку.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Гэта новыя ўмовы, да якіх трэба сябе прыстасаваць. А 8:30 звоніць буднік, аб 11-й сядаю працаваць – і да 8-й вечара. Выходжу толькі гуляць з сабакам і адзін раз наведала пошту, каб аплаціць падаткі. Прадукты замаўляю праз інтэрнэт ці прашу набыць суседзяў.

На працы мы хутка навучыліся карыстацца онлайн-сэрвісамі. Камунікацыі хапае, за дзень – па 5–6 размоваў праз відэасувязь. Цяпер мы можам нават больш, чым раней. Напрыклад, нядаўна мы рабілі онлайн-размовы аб праблемах правоў чалавека на фоне COVID-19, і ў нас удзельнічалі міжнародныя эксперты.

Мерапрыемстваў, запланаваных на канец траўня, мы яшчэ не адмянялі, чакаем. Бо жывыя трэнінгі больш эфектыўныя. Хочацца жывой камунікацыі, больш глыбіннай і якаснай.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Фізічнай актыўнасці мала. Я стараюся займацца ёгай і раблю зарадку, але гэтага мала. Стала больш чытаць, за два тыдні прачытала Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». І мой сабака шчаслівы – я ж цэлы дзень дома!

Наста і Эрык.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Я шмат чую пра тое, што пасля COVID-19 свет ужо не будзе ранейшы, і тут я таксама згодная. Як і любое ўзрушэнне, гэтыя падзеі пакінуць пасля сябе сляды і на нас, і на свеце. Праяўляецца ўсё найлепшае і найгоршае ў людзях. Я ўжо адчуваю ў сябе змены, гэта датычыць і новых навыкаў, і здольнасці адаптавацца. І ўнутраныя працэсы паказваюць, што для мяне было і ёсць сапраўды каштоўнаснае, па кім і па чым сумуеш у першую чаргу і чаго не стае ў ва ўмовах ізаляцыі.

Вельмі хочацца, каб у першую чаргу мы запомнілі гэты час як здольнасць салідарызацыі і самаарганізацыі, як перавагу пачуцця сацыяльнай адказнасці над эгаізмам, як тое, што паветра можа стаць чыстым без самалётаў і брудных заводаў. Спадзяюся, гэта нас усё ж шмат чаму навучыць.

Наста займаецца ёгай на самаізаляцыі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Калі ўсё скончыцца, першым цягніком паеду ў Вільню праветрыцца.

Від з вакна ў кватэры Насты Лойкі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Павал, інжынер-энергетык. 21 дзень на бальнічным (дыягназ – бранхіт)

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падаецца, столькі вольнага часу, але дні праляцелі хутка. Першы тыдзень шмат спаў, потым усталяваў сабе гульні – даўно хацеў пагуляць і нагуляўся. А потым стала сумна, і я зразумеў, што марную час. Тады напісаў сабе спіс справаў і дарабіў іх усе. Пачаў вучыць ангельскі і набраў вагу (смяецца). А вось класціся спаць стаў вельмі позна, дакладней, рана, а 4-й раніцы. А яшчэ перастаў галіць бараду, заўжды цікава было даведацца, якая яна, калі адрасце.

А яшчэ навучыўся шыць маску без машынкі, глядзі, як атрымалася!

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Я тры тыдні на бальнічным. Мне ставяць дыягназ бранхіт. Мне цяжка дыхаць, у паліклініцы рабілі флюараграфію, яна добрая. У пятніцу зрабілі КТ, у панядзелак буду размаўляць з доктарам, даведаюся, што ў мяне. Калі закрыюць бальнічны ліст, я вазьму адпачынак і буду сядзець у самаізаляцыі. А потым паглядзім, як будзе.

Спадзяюся, што пасля пандэміі людзі больш будуць шанаваць прафесію доктара. Мне б вельмі гэтага хацелася.

Чакаю, калі нарэшце сустрэнуся з сябрамі і паедзем з імі на прыроду.

Двор Паўла Шмоткіна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Марына, каардынатарка сацыяльных праектаў, сузаснавальніца цэнтру «Жывая Бібліятэка», 47 дзён у самаізаляцыі

Марына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

НДА пачалі адмяняць свае мерапрыемствы. І нашая «Жывая Бібліятэка» адмяніла. Да таго ж мой хлопец нядаўна прыляцеў з Еўропы, і яму трэба пабыць на каранціне.Таму мы даволі лёгка прынялі рашэння самаізалявацца.

Я працую ў некалькіх арганізацыях, частка маёй працы дагэтуль была дыстанцыйнай. Але «Жывую Бібліятэку» мы рабілі офлайн, цяпер мы сустракаемся ў Zoom (праграма для аддаленай канферэнц-сувязі). Працы стала больш, сяджу 24х7. Мінулы тыдзень перарос у адзін вялікі панядзелак, і пад канец тыдня я прымусіла сябе адпачываць. На выходных мы пасадзілі зеляніну, і стала весялей. Кожную раніцу мы прачынаемся і ідзем глядзець, як там нашыя раслінкі, – з’явілася новая забава.

Расліны на падваконні Марыны.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Нядаўна была вымушаная паехаць на працу, для гэтага арандавала ровар праз «Колабайк». Мы не закупаліся загадзя, нарэшце дабраліся да нашых хатніх запасаў. Часам ходзім у краму, раз на 3–4 дні: абіраем час, калі людзей мала. Бывае, замаўляем піццу.

З восені пачала хадзіць на зумбу. Цяпер танцую дома – у нас заняткі онлайн. Нядаўна са знаёмымі сабраліся па відэасувязі з ежай і напоямі. Думалі сабрацца на гадзінку, а прагаварылі цэлых тры.

Але перыядычна накрывае недахоп камунікацыі. Падчас другога тыдня мне было вельмі складана. І я шукала любыя прычыны, каб выйсці з дому, глядзела, якіх прадуктаў не хапае, каб выйсці на вуліцу. Але гэта прайшло.

Я першы раз усталявала сабе гульню на тэлефон, гэта дапамагае пераключыцца.

Зміцер і Марына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Беларусы згуртаваліся вакол праблемы, і гэта мяне натхняе. Мабілізацыя на валанцёрства, фінансавую падтрымку, шыюць маскі для дактароў, бізнес дапамагае школам пераходзіць у онлайн. Мы можам салідарызавацца, і хочацца, каб гэта не змянілася, калі эпідэмія пойдзе на спад.

Я чатыры месяцы не бачыла маці. Мы цяпер шмат размаўляем. Адчуваю сум па жывой камунікацыі, па магчымасці абняцца і ўбачыцца.

Вакно Марыны і Змітра.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У нас ёсць план са Зміцерам: калі ўсе скончыцца, мы паедзем у Кіеў! А раней мы вельмі шмат падарожнічалі.

Кацярына і Ігар, журналісты «Белсату». 52 дні ў самаізаляцыі

Кацярына і Ігар.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Кацярына: «Я свядома самаізалявалася, бо адчуваю адказнасць за сваю сям’ю і не хачу рызыкаваць. Пакуль я застаюся дома. Але дапускаю, што ў надзвычайнай сітуацыі буду гатовая весці рэпартаж «у полі». Муж падтрымаў мае рашэнне».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ігар: «Як і да самаізаляцыі, у вольныя гадзіны мы чытаем кнігі – у асноўным, нон-фікшн. На шчасце, у нас вельмі аб’ёмная бібліятэка. Нядаўна прачыталі цікавае даследаванне навуковай журналісткі Соні Шах «Пандэмія» – пра гісторыю распаўсюду розных вірусаў. Вельмі карысна разумець гэты механізм. Па вечарах глядзім серыялы, слухаем музыку, гатуем што-небудзь смачнае. Выходзім цяпер толькі ў краму па прадукты (натуральна, у масках і пальчатках), а таксама проста падыхаць паветрам».

Кацярына: «Безумоўна, свет зменіцца, але для нас галоўнае, як зменіцца Беларусь. Адназначна будуць эканамічныя наступствы, але нельга выключаць і негатыўных сацыяльна-палітычных, калі кіраўнік дзяржавы працягне называць пандэмію «псіхозам».

Від з вакна Кацярыны і Ігара.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Вельмі не хапае жывога кантакту з блізкімі, з калегамі, паездак па краіне. Адмянілася адразу некалькі крутых івэнтаў за мяжой, куды мяне запрашалі…Калі ўсё скончыцца, паедзем у Вільню, будзем шпацыраваць па вуліцах і знаёміцца з людзьмі. Але не магу сказаць, што сядзець дома сумна, бо сумна нам разам не бывае!»

Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў