Беларусы купілі 109 квіткоў на Алімпіяду ў Бразіліі


Беларускія заўзятары купілі 109 квіткоў на Алімпіяду ў Бразілію, найдаражэйшы квіток каштаваў амаль Br 3 тысячы.

Пра гэта паведаміла карэспандэнту БелТА намесніца галоўнага бухгалтара прадпрыемства «Цікетпро» Аксана Ліпай. Самы дарагі білет, набыты беларусамі, абышоўся ў Br 2 866,14; самы танны каштаваў Br 204,03.

Значная іх частка – гэта квіткі на цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпіяды (42 штукі). Таксама беларусы паедуць падтрымаць спартоўцаў у на спаборніцтвах па атлетыцы, боксе, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, водных відах спорту, вялікім тэнісе.

«У цэлым асаблівага ажыятажу вакол квіткоў на Алімпійскія гульні не было. На гэта мог паўплываць шэраг фактараў, сярод якіх рознага роду асцярогі, звязаныя з наведваннем Бразіліі, значныя фінансавыя выдаткі на пералёт і знаходжанне ў краіне. Бліжэй да Алімпіяды, па меры таго, як нашыя спартоўцы заваёўвалі алімпійскія ліцэнзіі, беларусы выяўлялі цікавасць да квіткоў на пэўныя віды спорту, але куплена ў апошнія месяцы было толькі некалькі квіткоў », – адзначыла Аксана Ліпай.

XXXI летнія Алімпійскія гульні пройдуць з 5 да 21 жніўня ў Бразіліі. Асноўнай пляцоўкай будзе Рыа-дэ-Жанейра. Спаборніцтвы таксама адбудуцца ў Сан-Паўлу, Бразільі, Белу-Арызонце і Сальвадоры. Кампанія «Цікетпро» выступае афіцыйным распаўсюднікам квіткоў на Рыа-2016 у Беларусі.

Калі ўзяць пад увагу, што насельніцтва Беларусі афіцыйна складае 9,5 млн чалавек, то на Алімпіяду паедзе блізу 0,001 % грамадзянаў Беларусі.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў