Беларусы губляюць давер да праваахоўнікаў. Як нам з гэтым жыць далей?


Катаванні ў РАУСах і за кратамі, ваяўнічыя заявы Лукашэнкі ды міністра абароны, тэхніка супраць мірных людзей – усё гэта яшчэ болей распаляе недавер грамадства да праваахоўных органаў. Наколькі праблема глыбокая, ці магчыма выправіцьсітуацыю і якім чынам? Пра гэта і не толькі мы паразмаўлялі з украінскім палітолагам Яўгенам Магдам.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

Вы сачылі ці сочыце за катаваннямі, якія адбываліся падчас разгонаў пратэстаў і ў ізалятарах у Беларусі?

Калі я ўключаўся ў эфір «Настоящего времени», паказвалі, як б’юць затрыманых у Кастрычніцкім РАУС. Мне па-чалавечы было цяжка каментаваць. Я ўважліва сачу за сітуацыяй у Беларусі. У мяне няма ніякай ідэалізацыі Лукашэнкі, але я не разумею логікі такіх дзеянняў. Можна неяк растлумачыць логіку ўжывання сілы падчас акцый пратэсту, але збіццё затрыманых толькі падрывае давер да ўлады. Гэта класічны прыклад дзеянняў, якія маюць падоўжаны эфект, які будзе і далей захоўвацца.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што 60 % фотаў збіцця – фэйк.

Нават калі адзін адсотак гэтых фотаздымкаў праўдзівы, то гэта вельмі сур’ёзная праблема. Вядома, што колькасць сілавікоў у Беларусі на тысячу насельніцтва нашмат вышэйшая, чым у іншых краінах Еўропы. Напрыклад, у 2,5 разы вышэйшая, чым ва Украіне. Гэта стварае эфект супрацьстаяння паміж сілавікамі і народам. Я думаю, што гэта ёсць і будзе сур’ёзнай праблемай для беларускай улады.

Гледзячы па апошнім выказванням і падзеям, урад спадзяецца ўжо не толькі на сілавікоў. Напрыклад, міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра тое, што пратэстоўцы «будуць мець справы з арміяй».

Заява міністра абароны – гэта адное, а практыка – зусім іншае. Калі армія пачне выконваць міліцэйскія функцыі, то гэта не дэманстрацыя моцы Лукашэнкі ды яго атачэння, гэта хутчэй дэманстрацыя яго слабасці. Гэта значыць, што той высокай колькасці праваахоўнікаў папросту недастаткова. Але ж беларуская армія – гэта такія самыя грамадзяне Беларусі, якія на тэрмін службы апранутыя ў вайсковую форму. Вырастае верагоднасць таго, што хтосьці з вайскоўцаў будзе пераходзіць на бок пратэстоўцаў, хтосьці будзе адмаўляцца выконваць падобныя загады. Магчыма, гэта зараз падаецца фантастычным сцэнаром, але гэтак падзеі развіваліся ў шматлікіх краінах. Разлічваць, што ўсе вайскоўцы будуць захоўваць сябе так, як бачыць гэта міністр абароны, я б не стаў.

Тыя заявы, якія робіць Лукашэнка, тыя дзеянні сілавікоў і самога Лукашэнкі – ці можна сказаць, што тут ёсць расейскі след?

Мне цікава параўноўваць розныя заявы. Я параўноўваю заявы Лукашэнкі падчас прэзідэнцкай кампаніі, калі ён паказваў сябе галоўным абаронцам незалежнасці Беларусі, з цяперашнімі. У мяне такое ўражанне, што іх робяць розныя людзі. Я дапускаю, што іх фарміруюць ужо расейскія паліттэхнолагі, якія прыехалі ў Беларусь разам з расейскімі журналістамі. Пазаўчора ў Горадні заявы былі падкрэслена ваяўнічыя. Я не думаю, што гэта дапамагае знайсці агульную мову з уласнымі грамадзянамі.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Ці яшчэ магчыма аднавіць давер грамадзянаў да цяперашняй улады?

Аляксандр Лукашэнка выйграў бы палітычна, калі ў кантэксце канстытуцыйных змен, пра якія ён кажа, закрануў бы пытанне вяртання да Пагоні і бела-чырвона-белага сцягу. Калі глядзець тэхналагічна, то вяртанне не паменшыла б пратэсты, але стварыла б падставы для паразумення. Цяпер жа ў мяне такое ўражанне, што Лукашэнка ўспрымае любыя спробы кампрамісу як сваю слабасць. Ён дзейнічае ў сваёй звычайнай палітычнай манеры, але не выходзіць з палітычнага крызісу, толькі паглыбляе.

Сёння супраць мірных пратэстаў мы бачым сілавікоў з тэхнікай. Гэта сапраўды неразуменне сітуацыі ці наўмысныя дзеянні ў бок узмацнення рэжыму?

Не хочацца прагназаваць узмацненне рэжыму і казаць пра паліцэйскую дзяржаву. Гэта нагадвае, калі полымя намагаюцца пагасіць газам ці палівам. Калі закручваць гайкі, то рана ці позна разьбу сарве. Улада Беларусі дзейнічае ў парадыгме таго, што 26 год Лукашэнка прэзідэнт, яго аўтарытэт з боку калектыўнай пазіцыі беларускай улады непахісны. Вашыя беларускія калегі мне казалі пра тое, што ёсць такое пачуццё, што Лукашэнку шкадуюць, недастаткова яго інфармуюць. Ён не можа адпаведна адрэагаваць на падобны выклік.

Таму цяпер давер грамадства ўсё болей ды болей падрываецца, спробаў падвысіць яго Яўген Магда пакуль што не бачыць.

«Відавочна, што ў гэтай сітуацыі Лукашэнка не адступіць, каб агалошваць сваю 80-адсоткавую перамогу. Аднаўляць давер трэба іншымі дзеяннямі, напрыклад, зменай Канстытуцыі, дэмакратызацыяй жыцця. Закручванне гаек не прывядзе да пазітыўнага сцэнару».

Марыя стаіць на каленях перад АМАПам.
Фота: Belsat.eu

Новая ўлада – аўтаматычны давер да праваахоўнікаў?

Гэта залежыць ад таго, калі адбудуцца выбары, вынікі якіх прызнае большасць беларусаў і міжнародная супольнасць. Сказаць, што ёсць нейкі перыяд, за які давер адновіцца, нельга. Гэта пытанне да саміх беларускіх грамадзянаў. Ва Украіне пасля Рэвалюцыі Годнасці паўстала патрульная паліцыя. Гэта добры элемент даверу, але ў нас ёсць шмат праблемаў у гэтым сэнсе. Гэта пры тым, што Рэвалюцыя Годнасці ў нас адбылася 6 год таму. І ўсё роўна давер да паліцыі нашмат ніжэйшы, чым мы б таго хацелі.

Hавiны
«Гэта капітальны піяраўскі правал». Эксперты каментуюць відэа, дзе Лукашэнка ходзіць з аўтаматам
2020.08.24 18:57

Якія захады можа зрабіць новая ўлада, каб грамадзяне пачалі давяраць праваахоўным органам?

Тэхналагічна пытанне даверу вырашаецца (згодна з украінскім досведам і досведам іншых дзяржаў) дзякуючы іншай форме і іншаму прынцыпу фармавання. Напрыклад, варта забараніць сілавікам апранаць балаклавы на любых акцыях. У нас жа падчас Рэвалюцыі Годнасці гучаў лозунг «Міліцыя з народам». Я скажу, што ён даў пэўны эфект. Але найперш дапаможа змена прынцыпу фармавання, іншая форма і адсутнасць ананімнасці, якая можа параджаць злачынствы.

А калі змяніць назву – міліцыю на паліцыю, напрыклад?

Папросту змена назвы нічога не дасць. Трэба змяняць прынцып, а не назву. У комплексе гэты эфект магчымы, але хочацца засцерагчы ад занадта высокіх чаканняў, што адразу ўсё адбудзецца. Чым пазней у краіне пачынаюцца рэформы, тым цяжэй яны ідуць. Ва Украіне на дэмакратычных выбарах да ўлады прыйшоў чалавек, які слаба адпавядае тым вымаганням, якія стаяць перад дзяржавай. Таму трэба разумець, што змены – гэта пастаянны працэс. Перамены мусяць пачынацца ад кожнага грамадзяніна, каб людзі не чакалі, што штосьці зменіцца і ўсё.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў