Беларусы ацанілі, як сталі жыць падчас эпідэміі. Новае даследаванне Вардамацкага


Згодна з найноўшым даследаваннем Беларускай аналітычнай майстэрні, больш за палову беларускіх сем’яў не лічыць, што іхная эканамічная сітуацыя неяк змянілася падчас эпідэміі. Ілюстрацыйнае фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Беларуская аналітычная майстэрня з 11 сакавіка па 6 красавіка апытала 1075 чалавек старэйшых за 18 гадоў (рэпрезентатыўна прадстаўлены ўзрост i пол) з усіх вобласцяў і ўсіх тыпаў населеных пунктаў Беларусі метадам «face-to-face», пра тое, як яны ацэньваюць эканамічную сітуацыю ў краіне і ў сваёй сям’і. Паводле аўтара даследавання, сацыёлага Андрэя Вардамацкага, эканамічнае самаадчуванне беларусаў знізілася да рэкордна нізкіх паказнікаў за два апошнія дзесяцігоддзі.

Паводле вынікаў даследавання, большасць беларусаў – 62 % – лічыць, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі паміж лютым і красавіком пагоршылася. Падчас падобнага даследавання, якое БАМ правяла напярэдадні Новага года, гэтак лічыла толькі 26 % рэспандэнтаў.

Калі ў снежні 2019 года сітуацыю ў Беларусі ацэньвалі як кепскую толькі 38 % апытаных, то паміж сакавіком і красавіком іх доля вырасла да 61 %.

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі ў размове з «Белсатам» заяўляе, што гэта найвялікшы скачок у настроях эканамічнага самаадчування за ўсю гісторыю вымярэнняў – то бок, больш чымся 20 гадоў.

«Такога падзення адчування пагаршэння сітуацыі не было ніколі ані падчас пратэстаў «дармаедаў», ані падчас дэфолту 2008 года, ані падчас крызісу 2011-га», – кажа Вардамацкі.

Найноўшыя звесткі яскрава дэманструюць, што беларусы ацэньваюць асабістую сітуацыю лепей, чымся сітуацыю ў краіне: калі агульную сітуацыю назвалі «кепскай» 2/3 рэспандэнтаў, то сваёй сям’і – толькі кожны трэці апытаны. Калі асабістую сітуацыю «сярэдняй» ацанілі 55 % апытаных, то сітуацыю краіны так змаглі ахарактарызаваць толькі 34 % людзей.

Сацыёлаг тлумачыць гэта індывідуальна-псіхалагічнымі асаблівасцямі людзей і наяўнасцю ў краіне дзвюх «паралельных грамадстваў».

«Кожны разважае прыкладна так: «Сітуацыя ў краіне кепская, але я энергічны, разумны, добры арганізатар і менеджар, магу працаваць 24 гадзіны на суткі на некалькіх працах». То бок людзі схільныя меркаваць, што здольныя пераадолець кепскую сітуацыю, якая складваецца на макраўзроўні. Гэта адбываецца і ў іншых краінах, але ў Беларусі выражана ў значнай і надзвычайнай ступенях. Гэта феномен «паралельных грамадстваў», якія існуюць у Беларусі, добра тлумачыць тое, чаму беларусы настолькі цярплівыя», – працягвае Вардамацкі.

Паводле спецыяліста, вялікую ролю ў зніжэнні ацэнак эканамічнага адчування і самаадчування беларусаў адыгралі афіцыйныя і незалежны медыі (хаця і рознымі метадамі), а таксама доўгае маўчанне дзяржавы аб дапамозе бізнесу і людзям.

«Дзяржаўным СМІ асабліва няма чаго было сказаць пра дзяржаўную дапамогу, бо яна доўга падрыхтоўвалася. У гэтым выпадку вакуум запаўняўся страхамі. Недзяржаўныя медыі паказвалі адсутнасць рашэнняў з гэтай нагоды ды параўноўвалі сітуацыі ў Беларусі ды краінах, дзе рашэнні па падтрымцы прымаліся імгненна. Злучэнне гэтых двух разнастайных плыняў зрабіла кумулятыўны эфект на паніжэнне», – працягвае Вардамацкі.

Згодна з даследаваннем, больш за палову беларускіх сем’яў не лічыць, што іхная эканамічная сітуацыя неяк змянілася. Тое, што іхныя сем’і сталі жыць горш, прызналіся толькі чацвёра з дзесяці апытаных.

Добрай эканамічную сітуацыю ў краіне назвалі толькі 2,3 % апытаных, амаль столькі ж лічыць, што ў апошні час іхныя сем’і сталі жыць лепш. Асабістую сітуацыю ацанілі «добра» больш за 6 % рэспандэнтаў. Тое, што краіна стала ў апошні час жыць лепш, лічыць толькі адзін адсотак беларусаў.

«Падчас любога крызісу ёсць групы, якія выйграюць у цяжкія часы. Напрыклад, цяпер заваленыя працай тыя, хто распрацоўваюць камунікацыйнае абсталяванне. Уладальнікі гэтых кампаніяў становяцца мільянерамі за суткі. Такіх групаў ёсць некалькі, але гэта не тое, што трэба аналізаваць, бо гэтыя звесткі знаходзяцца ўнутры памылкі выбаркі», – кажа сацыёлаг.

Даследчык заўважае, што апытанне распачалося яшчэ да таго, як у краіне выбухнула эпідэмія а скончылася яшчэ да таго, як пачаўся гвалтоўных рост колькасці інфікаваных. З іншага боку, для сацыёлагаў гэта была апошняя магчымасць правесці гэтае даследаванне, бо цяпер праз эпідэмію зрабіць гэта складана, дадае Вардамацкі.

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў