Беларусы атрымліваюць лісты з прапановай пайсці на службу ў расейскае войска. Імаверна, гэта фэйк


Некаторыя беларусы апошнім часам атрымалі лісты, у якіх ім прапаноўваюць пайсці на кантрактную службу ва Узброеныя Сілы РФ. Belsat.eu правяраў, ці сапраўды беларусаў адмыслова вярбуюць у расейскае войска.

«Увага: тэрмінова патрабуецца ў пункт адбору на вайсковую службу па кантракце ва УС Расейскай Федэрацыі грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Патрабуюцца: вадзіцелі (пасведчанне кіроўцы кат. B, С, D), стралкі, спецыялісты сувязі, спецыялісты артылерыі, камандзіры аддзяленняў», – адзначаецца ў лістах.

Скрыншот ліста

Беларусам абяцаюць заробак у памеры ад 20 да 65 тысяч расейскіх рублёў (ад $ 300 да $ 985) плюс пад’ёмныя, матэрыяльная дапамога і прэміі. Акрамя таго, аўтары ліста абяцаюць вырашэнне жыллёвага пытання, магчымасць атрымання адукацыі і сацыяльныя гарантыі.

У якасці зваротных кантактаў пазначаны адрас пункту адбору на вайсковую службу па кантракце па Пскоўскай вобласці і мэйл. Belsat.eu праверыў кантактныя дадзеныя, пазначаныя ў лісце. Яны апынуліся абсалютна рэальныя – іх можна знайсці на сайце Мінабароны РФ.

Скрыншот сайту Мінабароны

Сам тэкст ліста – тыповы. За выключэннем згадвання «грамадзянаў, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ён амаль цалкам паўтарае звыйчайныя аб’явы пра набор на службу па кантракце ва Ўзброеныя сілы ў розных рэгіёнах РФ.

Расейскі вайсковец: «Дадзеная аб’ява – фэйк»

Карэспандэнт Belsat.eu патэлефанаваў па прапанаванаму нумару пад выглядам беларускага грамадзяніна, які раней праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах Беларусі, а цяпер хоча пайсці служыць у расейскае войска. Суразмоўца журналіста, які прадставіўся дзяжурным сяржантам, не здзівіўся, пачуўшы пра набор беларускіх грамадзянаў. Ён папрасіў пачакаць хвілінку, а пасля (відавочна, з кімсьці параіўшыся) перапісаў імя, прозвішча і імя па бацьку патэнцыйнага кандыдата ў расейскія жаўнеры, нумар тэлефону, а таксама ўдакладніў, дзе канкрэтна той пабачыў аб’яву. Пасля гэтага сяржант паабяцаў журналісту, што яму ператэлефануюць. Пры гэтым ад адказу на пытанне, ці сапраўды ідзе адмысловы набор грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у расейскае войска, сяржант ухіліўся.

Адваротнага званка карэспандэнт Belsat.eu не дачакаўся, і таму сам ператэлефаванаваў у прызыўны пункт праз некалькі гадзінаў. На гэты раз вайсковец адназначна заявіў, што дадзеная аб’ява – фэйк.

Калі гэта сапраўды фэйк, то застаецца не зразумелым, хто рассылае падобныя лісты і ці сапраўды ў расейскім войску праяўляюць асаблівую цікавасць да вярбоўкі беларусаў.

«Гэта можа быць часткай інфармацыйнай вайны»

Журналіст, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын звяртае ўвагу, што паведамленні трапляюць на пошту з адрасаў з даменнай назвай «povsk-pskov.ru», які быў створаны ўсяго тыдзень таму. І менавіта тыдзень як людзі пачалі атрымліваць такія лісты. Сам сайт зарэгістраваны прыватнай асобай.

«З улікам усяго пададзенага вышэй можна зрабіць выснову, што звесткі пра набор грамадзянаў з тэрыторыі нашай краіны для кантрактнай службы ў УС РФ ёсць, меркавана, дэзынфармацыяй, і могуць выкарыстоўвацца ў якасці фішынг-рэсурсаў для збору персанальных дадзеных і быць кампанентам інфармацыйнай вайны, якая здзяйсняецца супраць Беларусі», – піша Івашын у «Facebook».

На працягу апошняга тыдня да мяне паступае маса зваротаў з просьбай даць ацэнку факту масавай рассылкі паведамленьняў…

Opublikowany przez Дзяніс Івашын Środa, 28 listopada 2018

Цікава, што напярэдадні журналісты Еўрарадыё датэлефанаваліся ў той самы прызыўны пункт і там сказалі наступнае:

«Замежныя грамадзяне, якія выказалі жаданне праходзіць ваенную службу па кантракце ва ўзброеных сілах РФ, могуць заключыць адзіны кантракт на пяць гадоў. Кандыдату павінна быць ад 18 да 30 гадоў. У Баранавічах, дарэчы, ёсць наша воінская мотастралковая часць. Нават там патрабаваліся вадзіцелі. Яшчэ ў Ленінградскай вобласці (горад Луга), Калінінградскай, Белгарадскай».

Еўрарадыё распавялі таксама, што пры жаданні можна трапіць і ў «гарачую кропку».

Ці можа беларус служыць у расейскім войску?

Тое, што беларусы могуць цалкам афіцыйна пайсці на службу ў расейскую армію – не навіна. Паводле расейскага заканадаўства, заключыць кантракт на службу ў войску не складана. Гэтая працэдура рэгулюецца законам ад 28 сакавіка 1998 года «Аб вайсковых абавязках і вайсковай службе». У адпаведнасці з гэтым дакументам, галоўныя патрабаванні да патэнцыйнага жаўнера расейскай арміі з замежным пашпартам – гэта валоданне расейскай мовай, узрост ад 18 да 30 гадоў і пацвярджэнне, што на тэрыторыі РФ ён знаходзіцца законна. Першы кантракт можна заключыць на 5 гадоў. 2 студзеня 2015 года Уладзімір Пуцін падпісаў змены ў закон «Аб вайсковай службе», якія ў першую чаргу накіраваныя на ўрэгуляванне прававога статуса замежнікаў у расейскім войску. У прыватнасці, там асобна прапісана права замежных грамадзянаў прымаць удзел ва ўзброеных канфліктах.

Цікава, што сама па сябе служба ў замежным войску (без удзелу ў вайне), паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не лічыцца найміцтвам. Прыкметай арт. 133 КК РБ (найміцтва) з’яўляецца «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце». Непасрэдна ўдзел у вайне – галоўная прыкмета і арт. 363-1 КК (удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы).

ІІ, Belsat.eu

Стужка навінаў