Беларусу, які страляў у офісе «Thomson Reuters», пагражае 3 гады турмы


Гданьская пракуратура выставіла новае абвінавачанне 32-гадоваму грамадзяніну Беларусі Сцяпану Свідзерскаму, які ў 2017 годзе двойчы выстраліў са свайго пісталета ў офісе «Thomson Reuters».

Мужчыну абвінавачваюць «у стварэнні небяспекі страты жыцця або нанясенні цяжкай шкоды здароўю пацярпелага». Яму пагражае да 3 гадоў турэмнага зняволення. Беларус не лічыць сябе вінаватым.

Абвінаваўчы акт 5 лютага быў накіраваны ў суд, паведаміла Гражына Ваўрынюк, прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Гданьску, якая займаецца справаю беларуса.

14 лістапада ў гдыньскім офісе міжнароднай кампаніі «Thomson Reuters» прагучалі стрэлы. Паліцыя, якая прыехала на месца здарэння, затрымала беларуса Сцяпана Свідзерскага. Мужчына быў працаўніком гэтай кампаніі. Беларус прыйшоў на працу са спартовай вінтоўкай «Suhl KK 150», якая ляжала ў футаралы, і пісталетам «Glock 17» у кабуры.

Пачаткова Акружная пракуратура Гданьску распачала следства паводле факту спробы забойства. Змену абвінавачання пракуратура патлумачыла наяўнассцю новых фактаў, якія вынікаюць з балістычнай экспертызы і экспертызы адмыслоўца ў справах зброі.

Свідзерскі атрымаў дазвол на нашэнне зброі ўвесну 2017-га і пасля гэтага рэгулярна прыходзіў з ёй на працу – не хаваючы гэтага факту, але і асабліва не афішуючы яго.

У дзень страляніны працаўнік фірмы, якая займаецца адміністраваннем будынку, заўважыў футарал са зброяй і ўзяў яго ў рукі.

Паводле абвінавачання, паміж беларусам і гэтаю асобаю адбылася штурханіна, падчас якой прагучалі стрэлы – Свідзерскі «стрэліў у кірунку» пацярпелага.

Hавiны
Сцяпан Свідзерскі распавёў, чаму страляў у Гдыні
2017.11.27 17:57

«Усе мае дзеянні падчас здарэння былі накіраваныя на тое, каб зброя не трапіла ў рукі асобы, якая не мае права яе мець, і каб бяспечна скончыць крызісную сітуацыю», – тлумачыў Свідзерскі «Белсату» у 2017-ым.

Беларус сцвярджае, што быў вымушаны страляць, бо ён «проста абараняў сваю зброю».

pj/ ЮВ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў