«Беларуснафта» мае намер працягваць здабычу нафты ў Венесуэле


Беларускі бок разлічвае на далейшую рэалізацыю праекту па нафтаздабычы на ​​тэрыторыі Венесуэлы. Нягледзячы на палітычную сітуацыю, «Беларуснафта» спадзяецца на супрацу з Каракасам.

«Мы разлічваем на далейшую рэалізацыю праекту па нафтаздабычы на ​​тэрыторыі Венесуэлы. На сённяшні дзень СП «Петралера БелаВенесалана» працягвае сваю працу, хоць у 2018 годзе аб’ёмы здабычы нафты крыху знізіліся», – сказаў прадстаўнік «Беларуснафты» агенцтву «Интерфакс-Запад».

Паводле яго слоў, цяпер на тэрыторыі Венесуэлы знаходзіцца толькі адзін прадстаўнік «Беларуснафты».

«Праца СП наладжана, удзел у кіраўніцтве ажыццяўляецца дыстанцыйна. Прыбытак ад рэалізацыі нафты паступае прапарцыйна нашага ўдзелу ў капітале – 40 %», – дадаў ён.

Прадстаўнік «Беларуснафты» таксама адзначыў, што ў кампаніі разлічваюць на аднаўленне абʼёмаў нафтаздабычы. У той жа час дадатковых працаў па выведцы не плануецца.

«Агульныя запасы на радовішчах, дзе вядзе здабычу наша СП, складаюць 100 мільёнаў тон. Адпаведна, наша доля патэнцыйна – 40 мільёнаў тон», – паведаміў ён.

Венесуэльска-беларускае сумеснае прадпрыемства па здабычы нафты «Петралера БелаВенесалана» (доля ВА «Беларуснафта» 40%) працуе ў Венесуэле з 2007 году. За гэты час прадпрыемства распрацоўвае 7 нафтавых і 6 газавых радовішчаў. За перыяд 2008-2017 гадоў здабыта больш за 9 мільёнаў тон нафты і 6,8 мільярдаў кубічных метраў газу.

Hавiны
Расея практычна перакрыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь
2019.01.21 11:28

СК, belsat.eu

Стужка навінаў