Беларускую марку прызналі адной з найпрыгажэйшых у свеце


Паштовы блок з Беларусі атрымаў адзін з «Вялікіх прызоў» Венскай міжнароднай філатэлістычнай выставы (WIPA, Wiener Internationale Postwertzeichen-Ausstellung).

Журы гэтай найстарэйшай у Еўропе выставе, прысвечанай знакам паштовай аплаты, аддало блоку «Беларуская праваслаўная царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі» 6-е месца.

У конкурсе ўзялі ўдзел больш за 70 краін.

Тытул найпрыгажэйшай маркі свету 2017-га года і кубак «Галоўны прыз WIPA» атрымалі Фарэрскія выспы за блок «Фарэрскія нажы» з залатым цісненнем.

Блок «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі» «Белпошта» выпусціла ў зварот 26 кастрычніка 2017 года. Мастак – Таццяна Дольская, дызайнер – Яўгенія Бедонік. Блок надрукавалі ў Бабруйскай друкарні імя Непагодзіна накладам у 20 тысячаў.

Полацкая епархія вядзе сваю гісторыю ад 992 года, калі тут была заснаваная першая на Белай Русі епіскапская кафедра. Летапіснае ўпамінанне аб першым праваслаўным полацкай святыні – Найсвяцейшай Багародзіцы – датуецца 1007 годам. У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку збудавалі чацвёрты ў хрысціянскім свеце Сафійскі сабор. З Полацку паходзіць святая Еўфрасіння – нябесная заступніца Беларусі.

Праект марак падрыхтаваны ў супрацы з Беларускай Праваслаўнай Царквой і Менскай духоўнай акадэміяй імя Свяціцеля Кірылы Тураўскага, падае афіцыйная старонка «Белпошты».

Венская міжнародная філатэлістычная выстава – адная з самых старэйшых філатэлістычных выставаў у Еўропе. Яна ладзіцца ў аўстрыйскай сталіцы з 1881 года (нерэгулярна). Паштовыя адміністрацыі розных краінаў могуць дасылаць на конкурс толькі адну марку. «Белпошта» удзельнічае ў конкурсе больш за дзесяць гадоў. За гэты час маркі з Беларусі ўваходзілі ў топ-10 некалькі разоў.

Дагэтуль самае высокае месца – таксама 6-е – беларусы атрымалі ў 2014-м з марачным аркушам «Слуцкія паясы».

Журы конкурсу складаецца з вядомых мастакоў марак, філатэлістычных журналістаў, прадстаўнікоў Аўстрыйскай паштовай адміністрацыі і Аўстрыйскай нацыянальнай дзяржаўнай друкарні (аўстрыйская марка не ўдзельнічае ў конкурсе).

ДД

Стужка навінаў