Прывезла 1,5 таблеткі экстазі з курорту. Прысуд - як за забойства


24-гадовая нарадзінка Віцебску адпачывала на Кіпры. Па прылёце на радзіму дзяўчыну затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце: мытнікі знайшлі ў яе паўтары таблеткі экстазі.

Наркотык яна схавала ў шкарпэтцы. Міліцыянтам патлумачыла, што таблеткі атрымала ад знаёмага ў начным клубе і пра іх уласцівасці не ведала. Пазней дзяўчына адмовілася ад сваіх паказанняў, заявіўшы, што рэчыва ёй падкінулі ў Турцыі.

На судзе жанчына часткова прызнала сваю віну. Аднак працягвала настойваць, што распаўсюджваць іх не збіралася.

Падчас адпачынку яна праз інтэрнэт звязвалася з сяброўкай і абмяркоўвала таблеткі і іх лекавы эфект. Дзяўчына настойвала, што іх размовы аб прыёме пігулак трэба разглядаць не ў кантэксце ўжывання забароненых рэчываў, а як заспакаяльнае для барацьбы з дэпрэсіяй. Хоць у перапісцы эфект расслабленасці ад прыёму прэпарата яны называлі «прыходам».

Суд прызнаў віцяблянку вінаватай у перамяшчэнні праз мяжу асабліва псіхатропных рэчываў, а таксама ў незаконным набыцці з мэтаю збыту. Яе прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

ДР belsat.eu паводле minsknews.by

Стужка навінаў