«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы


Больш за 150 беларускіх грамадзянаў з пачатку паслявыбарчых рэпрэсіяў выехалі ў Польшчу прасіць міжнароднай абароны. Гэтыя людзі ўпэўненыя: на радзіме іх чакае пераслед за палітычныя перакананні і суворыя пакаранні за ўдзел у мірных пратэстах. Шмат хто з іх цяпер у адмысловых лагерах для ўцекачоў, бо без грошай і ведання мовы ім няма куды падзецца. У гэткай складанай сітуацыі беларусам дапамагаюць валанцёры ды суайчыннікі, якія стала жывуць у суседняй краіне. Belsat.eu пабываў у двух лагерах для ўцекачоў у Белай Падляскай і паразмаўляў пра ўмовы жыцця тых, хто вымушаны хавацца ад рэжыму Лукашэнкі за мяжою.

Беларусы раскіданыя цяпер па ўсёй Польшчы. Асноўная частка, прыблізна 50 чалавек, цяпер у лагерах у Белай Падляскай, горадзе непадалёк беларуска-польскай мяжы. Праз напружаную эпідэмічную сітуацыю з каронавірусам кожны, хто прыехаў шукаць прытулку, мусіць прайсці 10-дзённы каранцін – самастойна або, калі такой магчымасці няма, у вызначаным памежнікамі асяродку. Нашыя суразмоўцы ўжо адбылі гэты тэрмін і могуць свабодна выходзіць за сцены лагеру.

Цэнтр для замежнікаў у Бялай-Падляскай, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

ІГАР

Наваполацкі актывіст з 19-гадовым досведам і сябра партыі «Народная грамада» Ігар В. разам з жонкаю Наталляю ды малою дачкою прыехалі ў Польшчу з тэрыторыі Украіны ў пачатку верасня. Ігар быў адным з першых, хто папрасіў абароны ў польскай дзяржавы. Цяпер сям’я жыве ў Горбаве, былым прыдарожным гатэльным комплексе, які польскія ўлады выкупілі і перарабілі на лагер для ўцекачоў.

Раней там жылі ў асноўным выхадцы з Чачэніі ды ўкраінцы, але цяпер большасць – беларусы.

Ігар распавядае гісторыю ўцёкаў і прыезду ў Польшчу:

«Я быў адным сярод першых затрыманых 9 жніўня. Мы чакалі вынікаў галасавання на адным з выбарчых участкаў. Нас прыйшлі праганяць міліцыянты: я абурыўся, і шасцёра ціхароў занеслі мяне ў бус на вачах дачкі ды жонкі.

Мне далі 10 содняў за хуліганства ды супраціў міліцыі, з якіх я адседзеў 5, бо 14 жніўня пачалі баставаць мае калегі з «Нафтану» і «Паліміру», дзе я працаваў. Дарэчы, збівалі нас не мясцовыя міліцыянты, яны самыя былі ў шоку. Збіваў нас віцебскі АМАП. Пазней шмат хто з мясцовых пазвальняліся».

Ігар і Наталля – палітычныя ўцекачы, якія пражываюць у лагеры. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Пасля арышту Ігар пачаў сваё расследаванне і знайшоў трох асобаў, сваякі якіх бралі ўдзел у пратэстах, пазней загінулі, а целы былі знойдзеныя пры дзіўных акалічнасцях.

«Вядома, што яны выходзілі на пратэсты, але іхную смерць намагаліся замаскаваць пад бытавую. Я пачаў збіраць сведчанні. Адзін са знаёмцаў-праваахоўнікаў папярэдзіў мяне, каб я перастаў капаць, бо супраць мяне распачнуць справу за паклёп на міліцыю. Тады я пастанавіў зʼехаць дзеля бяспекі».

Мясцовы цэнтр беларускай салідарнасці падтрымлівае бежанцаў. Перадае ім ежу і вопратку. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Неўзабаве Ігара абвесцілі ў вышук. На той момант сямʼя паспела выехаць ва Украіну, а адтуль трапіла ў Польшчу.

«Віза была толькі ў мяне. Мы ехалі звычайным рэйсавым аўтобусам. Нас не хацелі браць, але мясцовыя патлумачылі сітуацыю, дамовіліся, што нас давязуць да мяжы ды высадзяць. Украінскія памежнікі таксама вельмі дапамаглі: звязаліся з палякамі, сказалі, што беларусы шукаюць прытулку і хочуць прыйсці, тыя далі дабро. Нас пасадзілі ў аўтобус».

Сямʼю чакала вялікае сумоўе і 8 гадзінаў на мяжы, пасля чаго іх забралі ў лагер у Белай Падляскай на вуліцы Дакудоўскай. Гэта размеркавальнік, дзе можна адбыць каранцін і здаць патрэбныя аналізы. Пасля гэтых фармальнасцяў можна пакінуць лагер і жыць самастойна ў чаканні асноўнага інтэрвʼю або застацца ў лагеры. У сямʼі Ігара не было матэрыяльных магчымасцяў сысці з лагеру, таму іх перавялі ў Горбаў.

Канадскія журналісты падтрымалі беларусаў прадуктамі. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Цяпер тут у асноўным семʼі з малымі дзецьмі. Маладыя сыходзяць на прыватныя кватэры. Вядома, пра гэта думалі і мы. Але здыманне кватэры вельмі дарагое, працаваць нельга. Можа, на месяц нам бы хапіла ашчаджэнняў, але не даўжэй. А як зʼязджаць, не маючы нічога?

Вядома, хочацца зʼехаць і жыць свабодна. Беларусы не любяць сядзець на шыі, на халяву. Мы хочам працаваць, зняць нагрузку з польскай дзяржавы. Звярталіся да мэраў гарадоў, пісалі ў канцылярыю Маравецкага, каб яны разгледзелі папраўкі ў закон. У Сопаце, напрыклад, будуць разглядаць пытанне, каб уцекачам, якія чакаюць пастановы ў справе, давалі сацыяльнае жытло».

Сумесная фатаграфія беларусаў, якія выйшлі з намі пагаварыць. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Моцна дапамагаюць мясцовыя актывісты і дыяспара. Тут Ігар пазнаёміўся з Паўлам, беларусам, які ўжо 13 гадоў жыве ў Польшчы. Бізнесовец даў на патрэбы сваё аўта і дапамагае з перадачамі ад валанцёраў ды неабыякавых людзей да лёсу беларусаў. Жыццё ў лагеры не разлічанае на каранцін. Ігар распавядае, што яны не мелі туалетнай паперы, шампуню ды іншых сродкаў гігіены. Умовы ў лагеры не найлепшыя: ёсць мышы, прусакі. Палякі не разлічвалі на такую колькасць беларусаў, таму прасілі дапамагчы касцёл, кажа суразмоўца.

«Тапачкі 40-га памеру і туалетную паперу», – кажа валанцёр Павел па тэлефоне. Ён сам купляе неабходныя прадукты для бежанцаў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Агулам палякі добра да нас ставяцца, хочуць нам дапамагчы, але бюракратыя не прадугледзела каранціну. Нам нічога не выдалі, бюджэт не разлічаны. Я пачаў пісаць куды толькі можна, мы выйшлі на чат Белай Падляскай, знайшлі Паўла. Ён не ведаў, што мы тут, але ў той самы дзень мы атрымалі паперу і набор гігіенічных сродкаў. Пазней нам нават выдалі сім-карткі, каб мы маглі падтрымліваць сувязь з вонкавым светам. Мышэй пачалі труціць, адміністрацыя пачала варушыцца».

Ігар адзначае, што палякі вельмі клапоцяцца пра дзяцей. Іх з Наталляй дачку адразу ўзялі ў школу. У лагеры ёсць садок, пасля школы дзеці застаюцца там з выхавальніцай. У лагеры ёсць сталоўка, якая працуе ад панядзелка да чацвярга. З пятніцы да нядзелі жыхарам выдаюць харчы – бульбу, мяса, гародніну. Таксама выдаюць аднаразовую дапамогу 140 злотых і 70 злотых на кішэнныя расходы. Цешыць беларусаў і бясплатнае медычнае абслугоўванне. Аднак сямʼя не ведае, якая будучыня чакае іх у Польшчы.

«Мы не ведаем нашых правоў. Адчуваем страх, разгубленасць, нам пакуль не прызначылі інтэрвʼю, ніхто не звязваўся. Мы не ведаем, ці зможам тут застацца».


ІГАР

Ігар Л. – былы следчы ў асоба важных справах Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці. Яго хацелі змусіць да сфабрыкавання справаў супраць невінаватых людзей, якія выйшлі на пратэсты. Ён адкрыта выступіў супраць гвалту і запісаў зварот да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, у якім назваў чалавекам без гонару і сумлення за апраўданне дзеянняў падначаленых. Міліцыянта звольнілі і пачалі пераследаваць, у тым аказвалі ціск на бацьку.

Ігар з першай хвалі беларусаў, якія трапілі ў Польшчу ў пошуках міжнароднай абароны. Ён з жонкай і дваімі малымі дзецьмі прайшлі праз размеркавальнік на Дакудоўскай, пасля 10 дзён каранціну іх перасялілі ў Горбаў.

Былы супрацоўнік СК у Горадні. Жыве ў лягеры для палітычных уцекачоў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Наш суразмоўца сцвярджае, што мог выехаць з краіны толькі паветраным шляхам.

«Гэта было спешнае рашэнне: квіток набылі ўвечары, а раніцаю вылецелі. Нас не хацелі выпускаць, хаця ў нас гуманітарныя візы на 3 месяцы. Пыталі, чым будзем у Польшчы займацца. Пазней я даведаўся пра ператрус у кабінеце, магчыма, прыходзілі і дадому. Сувязь з калегамі я не падтрымліваю».

Мужчына прызнаецца: калі б былі грошы пажыць самастойна і перачакаць, яны б не прасілі прытулку.

Цэнтр для замежнікаў у Бялай-Падлясцы, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Пракопчык Яна / Belsat.eu

«Мы б пераехалі на здымную кватэру, але з гуманітарнаю візаю нельга працаваць. Дапамогі, якую вылучае Польшча ўцекачам, не стае, каб здымаць кватэру. Чым большая сямʼя, тым менш грошай на чалавека. Напрыклад, на нашую сямʼю з чатырох асобаў – 1500 злотых. Я да апошняга моманту вагаўся, ехаць або не, але 27 жніўня майго бацьку выклікалі на допыт. 28 жніўня я зʼехаў.

Мы былі першыя, хто прыляцеў самалётам. Памежнікі не ведалі, што з намі рабіць. Прыехалі людзі, якія правялі інтэрвʼю, узялі адбіткі пальцаў, сказалі зʼявіцца цягам двух дзён у Белую Падляскую. Мы самі шукалі, як даехаць. На дзень 28 жніўня там было прыблізна 10 беларусаў».

Прыпынак перад будынкам палітычнага прытулку ў ваколіцах горада Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Паводле Ігара, беларусы прыязджаюць штодня. Шмат якія не хочуць дзяліцца сваймі гісторыямі і не асабліва ідуць на кантакт.

«Розныя людзі прыязджаюць. Быў мужчына, які пераплыў Буг. Яго прывезлі ў штанах і шлёпанцах, без майкі. Сабака шукаў дзірку на мяжы, праз якую той прабраўся, але не знайшлі. Людзі не бяруць рэчаў, яны непадрыхтаваныя. Я лічу, што шмат «джэнтльменаў удачы», бачна, што яны не маюць дачынення да пратэстаў».

Гарадзенец распавядае пра ўмовы ўтрымання. У пакоі, дзе ён жыве, – дзве канапы, стол, два крэслы, ёсць санвузел, кухня на паверсе. Адзіночкі жывуць у пакоях на 3-4 чалавекі.

Тэрыторыя лагера для палітычных бежанцаў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Выдаюць сняданак і абед, а пасля рабі што хочаш. Ёсць бясплатныя курсы польскай мовы, але яны не разлічвалі на такую колькасць беларусаў. На кожнага прыходзіцца па адным занятку».

Ігар – адзіны ў лагеры з правамі. Ён ездзіць набываць харчы тым, хто на каранціне. Неўзабаве сямʼя пераязджае ў прыватную кватэру, дзе таксама працягне займацца валанцёрствам.

«Я не эканамічны ўцякач. Я не хацеў выконваць злачынныя загады супраць людзей, таму апынуўся тут. Я служыў годна, мне не сорамна за маю працу. Я кінуў 3-пакаёвую кватэру і новае аўта. Я хачу вярнуцца дамоў. Палякі разумеюць: калі дазволяць нам працаваць – плынь уцекачоў павялічыцца. Шмат хто не хоча прасіць статусу ўцекача, а проста хоча перачакаць, таму мы дамагаемся дазволу на працу».


АЛЯКСАНДР

Пінчук Аляксандр прыляцеў у Польшчу 25 верасня на падставе гуманітарнай візы. У родным горадзе ён працаваў у прыватнай сельскагаспадарчай фірме, за палітычныя погляды яго звольнілі яшчэ да выбараў. Падчас выбарчай кампаніі збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Хлопцу пачалі пагражаць, гэта вымусіла яго перабрацца ў Менск, дзе ён браў удзел у пратэстах і маршах.

Жыхары цэнтра для замежнікаў у Бялай-Падлясцы, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

За Аляксандрам пачалі сачыць, ціхары дзяжурылі каля падʼезду. Аднойчы бус пільнаваў хлопца содні, і на наступны дзень ён пастанавіў уцякаць праз вакно суседзяў на першым паверсе.

Аляксандр паспеў зрабіць гуманітарную візу і па прылёце ў варшаўскае лётнішча яго адправілі на каранцін. Штопраўда, адбываць яго давялося за свае грошы. Хлопец кажа, яму не патлумачылі, што памежныя службы маглі адразу скіраваць яго ў лагер для ўцекачоў.

«Яны не ведалі, што са мною рабіць. Спыталі, ці ёсць, дзе адбываць каранцін, я паказаў ім рэзервацыю з booking.com. Гэта было памылкаю, бо той гостэл і так бы мяне не прыняў, там не было варункаў. Я застаўся на вуліцы пасярод Варшавы з выключаным тэлефонам і без аніводнага кантакту. Ніхто не хацеў браць мяне на каранцін. У «Тэлеграме» мне падказалі гостэл, дзе я правёў 10 дзён, выдаў амаль усё, што было».

Цэнтр для замежнікаў у Бялай-Падлясцы, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Пасля каранціну Аляксандр прыйшоў на Табарову, дзе месціцца аддзел абслугоўвання замежнікаў у Варшаве, але дакументы ў хлопца не прынялі.

«Калі прыйшоў падавацца на статус уцекача, мне сказалі чакаць. Маўляў, нас мала, а вас зашмат. Яшчэ два дні мне давялося здымаць жытло. Калі ўсё ж падаўся, мяне скіравалі ў Белую Падляскую на Дакудоўскую. Тут я мушу прайсці медычны агляд і здаць аналізы».

Канадскія журналісты падтрымалі беларусаў прадуктамі. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

 

Павел – мясцовы валанцёр. Дапамагае беларусам па ўсіх пытаннях: ад прадуктаў харчавання да занятасці. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

На Дакудоўскую з Аляксандрам у той самы дзень заехалі яшчэ сямёра беларусаў, аднак яны не захацелі размаўляць з журналістамі. Сам жа пінчук не хавае твару, бо ўпэўнены, што беларускія спецслужбы ведаюць пра ягоныя ўцёкі.

Умовы на Дакудоўскай хлопец апісвае досыць сціплыя: пакоі па 20 метраў на 8–12 асобаў, па перыметры стаяць 2-павярховыя ложкі. Выходзіць можна з 7:00 да 23:00. Лагер адкрыты, яго дазволена пакідаць – адсутнічаць можна 48 гадзінаў. У асяродку ёсць тэлевізар, Wi-Fi, стадыён з трэнажорамі. Яму, як і рэшце, не выдалі туалетнай паперы ды сродкаў гігіены.

Бежанцам не хапае нават такіх бытавых рэчаў, як туалетная папера. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«У першую ноч мне не паспелі даць нават бялізны на ложак. У чым прыехаў, у тым спаў. Трэба разумець, што мы ўцякаем і ў нас банальна няма нават тапак. Я – веган. У сухім пайку, які нам давалі, для мяне было толькі пячэнне і сок. У сталоўцы мне давалі блінцы з тварагом, якія не магу есці. На сняданак – яблык, кілаграм хлеба і кавалачак масла. Але я ўсцешаны, што пазней да мяне прыслухаліся, на вячэру раз давалі салату са шпінатам і аліўкамі».

Тэрыторыя лагера для палітычных бежанцаў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Пасля размеркавальнага лагеру на Дакудоўскай яго таксама накіравалі ў Горбаў. Тут ён дзеліць пакой з двума беларусамі.

«Пакой – некалькі метраў, на падлозе ляжаць матрацы. Няма камфорту, няма шафы. Два крэслы і тры матрацы, а паміж імі – вузкі праход да гаўбца. Не ведаю, як можна жыць тут паўгода. Пераезды вельмі засмучаюць. Перад прыездам у маім ложку была мыш, яе забілі. На трасе недалёка ёсць крама з вялікаю нацэнкай. Умовы адбіваюць жаданне тут заставацца, але як пайсці на прыватную кватэру?

Сухі паёк. Фота суразмоўцы
Пакой на Дакудоўскай. Фота суразмоўцы
Спіс патрэбных рэчаў. Фота з тэлеграм-чату ўцекачоў
Адзін з пакояў у лагеры ў Горбуве. Фота суразмоўцы
Адзін з пакояў у лагеры. Фота суразмоўцы
Прыбіральня. Фота суразмоўцы
Ванная. Фота суразмоўцы
Прыбіральня. Фота суразмоўцы
Кухня. Фота суразмоўцы

За грошы, якія даюць, я не здолею жыць, здымаць жытло. За нелегальную працу пагражае дэпартацыя. За тыдзень, што я ў Горбаве, прыехалі з дзясятак беларусаў. Але 70 % едуць у прыватныя кватэры. Не ведаю, ці Польшча рэальна падрыхтаваная на такую плынь беларусаў».

Некалькі беларусаў выйшлі да журналістаў пагаварыць. Распавядаюць аб умовах знаходжання ў цэнтры. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Хлопец распавядае пра дапамогу валанцёраў з Беластоку, Варшавы, Белай Падляскай. Паводле яго, уцекачам у лагерах збіраюць і перадаюць шмат рэчаў, але з патрэбных толькі траціна, рэшта выкідваюцца.

«Людзі не гатовыя да халадоў, прыязджалі без зімовых рэчаў. Найбольш патрэбныя сродкі гігіены, вітаміны. Праз стрэс у мяне пачалі выпадаць валасы, праблемы са скураю. Банальныя вушныя палачкі, бытавыя дробязі, якія ёсць у кожным доме. Трэба разумець, што мы тут без нічога. Гэта падняло б настрой».

Мясцовыя валанцёры перадаюць беларусам адзенне і абутак, але не ўсе памеры падыходзяць. Некаторыя рэчы пакідаюць каля сметніцы на вуліцы – можа, спатрэбяцца бяздомным. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Цяпер Аляксандр чакае галоўнага сумоўя, тэрмін размовы яшчэ не прызначылі.


АЛЯКСАНДР

Сярод беларусаў, якія жывуць у былым гатэлі, ёсць яшчэ адзін Аляксандр. Мужчына прыехаў у Польшчу 7 верасня праз памежны пераход Брузгі. Мінаць мяжу давялося на ровары, бо пехатой яго не пусцілі.

«Я прыехаў на мяжу з дзвюма торбамі. Мне кажуць, што пераходзіць нельга, трэба пераехаць, бо, паводле правілаў, нельга выпускаць без транспартавага сродку. Беларусы не бяруць у аўтобус без візы, за гэта даюць 3000 еўраў штрафу. Я знайшоў развязанне:у бабулі ў вёсцы побач выкупіў стары ровар і на ім мінаў мяжу. У палякаў адразу сказаў, што здаюся і прашу міжнароднай абароны».

Мужчына пацярпеў пры затрыманні 10 жніўня. Ён захаваў копію тлумачальнай са Следчага камітэта. Лагер для палітычных уцекачоў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Аляксандра затрымалі 10 жніўня на Пушкінскай, калі ён вяртаўся з крамы дадому.

«Выйшаў з метро, а там паводле адчуванняў – вайна. Выбухі, страляніна, чалавека без нагі нясуць. Я быў у шоку. Мяне затаўклі ў бус і пачалі збіваць. Тлумачыць, што я ні ў чым не браў удзелу, было бессэнсоўна».

У бардачку машыны Павел возіць нацыянальны беларускі сцяг. Ён часты госць Варшаўскі мітынгаў і акцый у падтрымку беларусаў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Мужчына кажа, што трое содняў яго катавалі на Акрэсціна. На чацвёрты дзень перавялі ў жаночае ЛТП у Слуцку.

«Жанчын вывезлі, а туды звозілі людзей з Акрэсціна. Мне далі 15 содняў. Змушалі падпісаць пратакол з хлуслівымі сведчаннямі. Я адмовіўся. Міліцыянт паклаў маю галаву на стол, ударыў дручком побач і сказаў: «Жывёліна, калі не падпішаш – разабʼю галаву. Калі ЕЗ пачаў патрабаваць вызвалення людзей, нас пачалі выпускаць, патрабуючы падпісваць паперку, што мы прызнаём віну і каемся. Я разумеў: калі не падпішу і не выйду – не здыму пабояў».

Адзенне жыхароў лагера сушыцца на балконе дома. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

16 жніўня Аляксандр паехаў з заявай у Следчы камітэт, але яе не хацелі прымаць.

«Калі я падаў скаргу – доўга не было рэакцыі. Аднойчы я стаяў на прыпынку, чакаў маршрутку, да мяне падышоў хлопец моцнага целаскладу і кажа: маўляў, калі супакоіцца не можаш, дык мы цябе знойдзем у лесе павешаным».

Бежанцам часта не хапае адзення. Некаторыя прыехалі ў тапачках, у іх няма цёплага абутку. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu
Мясцовыя валанцёры перадаюць беларусам адзенне і абутак, але не ўсе памеры падыходзяць. Некаторыя рэчы пакідаюць каля сметніцы на вуліцы – можа, спатрэбяцца бяздомным. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Аляксандр таксама застаецца ў лагеры ў Горбаве. Сродкаў сысці на прыватнае жытло ён не мае. Кажа, што не падрыхтаваны да халадоў.

«Няма зімовай курткі і штаноў, каб хадзіць па доме. Я ўцёк, нас заверылі, што нам дапамогуць, што будзе ўсё добра, а цяпер зʼяўляюцца чуткі, што шмат каму адмаўляюць. Таму невядома, што далей».


ЛІЗАВЕТА І АЛЯКСАНДР

Лізавета і Аляксандр – з Магілёва, у Менску працавалі ў IT і рэкламе, здымалі кватэру. 9 жніўня выходзілі на паслявыбарчыя пратэсты і абое трапілі на Акрэсціна. Пару затрымалі ля стэлы. Лізавета адседзела пяць содняў, Аляксандр – трое.

Канадскія журналісты падтрымалі беларусаў прадуктамі. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Нас збівалі паўсюль. У РУУСу Змушалі на каленях поўзаць уздоўж плота і білі. Распраналі і голых, на каленях, збівалі. Я адзін з першых трапіў на Акрэсціна, пад дзвярыма нашай 3-й камеры катавалі людзей. Мы чулі плач, стогны, а пасля цішыня, нібыта людзі паміралі. Але нас збівалі не міліцыянты, якія там працуюць, а АМАП. Яны самыя плакалі ад таго, што тварыў АМАП».

У Польшчу сямʼя выехала 2 верасня без візаў. Маладзёны сабралі дакументы, закрылі сім-карткі, рахункі ў банку. Як самі заўважаюць, «абнуліліся цалкам». Маршруткаю пара прыехала на пераход Баброўнікі, выйшла на прыпынку і пайшла пехатою на мяжу. Трэцяе аўта ўдалося спыніць. Аляксандр сказаў кіроўцу, што ў Польшчу едуць спынам і просіць перавезці толькі на польскі бок.

Беларусы кантактуюць паміж сабой праз тэлеграм каналы. У машыне валанцёра Паўла заўсёды ляжаць палкі для сцягоў. Ён часты госць мітынгаў у Варшаве. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Ён высадзіў нас на мяжы, мы прыйшлі здавацца палякам. А 16:00 пачалі працэдуру, а 2:00 уначы скончылі. Нас павезлі ў Беласток да доктара, а адтуль памежнікі забралі нас на каранцін на Дакудоўскую. Мы нічога не ведалі пра каранцін, не ведалі, што трэба будзе сядзець 10 дзён у замкнёным пакоі. Уцякаючы, хто бярэ туалетную паперу? Шмат хто не меў нават мыла. Праз 10 дзён нам аддалі вынікі аналізаў, адвезлі ў Горбаў. Адтуль мы пайшлі на прыватнае жытло».

Цяпер пара жыве ў Кракаве, здымае кватэру на падставе часовых дакументаў, якія выдаюць замест пашпарта. У Магілёве ў кватэру маці Аляксандра, дзе ён прапісаны, прыходзілі праваахоўнікі. Мужчына кажа, што пераслед пачаўся пасля таго, як ён пайшоў скардзіцца ў Следчы камітэт ды іншыя інстанцыі.

Тэрыторыя лагера для палітычных бежанцаў. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

«Пачаліся размовы, што тых, хто скардзіўся ў Следчы камітэт, саджаюць другі раз. Я ведаю, што маіх сукамерніц за скаргі зноў закрылі. Мы баімся, што сядзем у турму і не выйдзем. Для іх не праблема пасадзіць на чарговыя содні, дастаткова выйсці і адысці на колькі метраў. Мне давалі падпісаць дакумент, што калі мяне недзе заўважаць на акцыі, то распачнуць крымінальную справу. Мы баяліся выходзіць у краму».

Аляксандр і Лізавета прыехалі ў Белую Падляскую на сумоўе. Цяпер ім застаецца чакаць пастановы ў сваёй справе.

«Працэдура разгляду заяваў на атрыманне прытулку занімае да шасці месяцаў. Калі абстаноўка ў Беларусі за гэты час зменіцца, нас могуць вярнуць у Беларусь. Мы баімся, што нам адмовяць, што нас дэпартуюць у Беларусь, дзе нам пагражае турма за іншадумства. Невядома, ці працягнуць нам легальны побыт, а калі не, то што рабіць далей. Нашая мэта – выжыць і застацца на свабодзе».

  • Пакуль няма афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі беларусаў папрасілі палітычнага прытулку ў Польшчы. 6 верасня кіраўнік канцылярыі прэмʼера Польшчы Міхал Дворчык канстатаваў, што за палітычным прытулкам у Польшчы звярнуліся больш за 100 чалавек.
  • 20 верасня, чалец Каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў, што ў Польшчы знаходзяцца ўжо каля 500 беларускіх уцекачоў. У Літве, паводле дадзеных арганізацыі «Дапамога», іх каля 300, параўнаў ён.

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў