Беларускія ўніверсітэты апублікавалі сёлетнія кошты навучання. Самы дарагі – БНТУ


Некаторыя беларускія ўстановы вышэйшай адукацыі размясцілі на сваіх сайтах кошты навучання ў 2019/2020 навучальным годзе. У іх ліку Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт ім.М.Танка.

Гэтак, у БНТУ кошт навучання на першым курсе вагаецца ў залежнасці ад спецыяльнасці ад Br3380 да Br3605 за год. На сайце ўніверсітэту пакуль няма інфармацыі аб расцэнках для студэнтаў старэйшых курсаў. У БДЭУ незалежна ад спецыяльнасці першакурснікам трэба будзе аплаціць Br2564, студэнтам другога-чацвёртага курсаў – Br2463, пяцікурснікам – Br1092 за год.

У Акадэміі кіравання кошт адзін на ўсіх студэнтаў – Br3,2 тыс.

У БДПУ на спецыяльнасцях з вывучэннем замежнай мовы аплата вар’іруецца ад Br1966 для выпускнога курсу да Br2666 для першага. Даражэй за ўсё абыдзецца навучанне для студэнтаў-першакурснікаў, якія выберуць спецыяльнасці «музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», «музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура» – Br2,8 тыс.

Прымаць дакументы абітурыентаў будуць з 12 па 17 ліпеня. З 15 лістапада па 5 снежня – на завочную форму ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Прыём дакументаў ад грамадзян, якія вырашылі паступаць на платнае і не будуць здаваць уступныя іспыты непасрэдна ў саміх ВНУ, будзе весціся з 12 ліпеня па 4 жніўня.

З 12 па 14 ліпеня могуць падаваць дакументы выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на спецыяльнасці. Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ Беларусі пройдуць з 18 па 26 ліпеня, з 6 па 15 снежня – ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Тэрміны залічэння для бюджэтнікаў- па 28 ліпеня (за выключэннем вайсковых устаноў вышэйшай адукацыі), на платнай аснове – па 6 жніўня.

КА belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў