Беларускія тэлеграм-каналы, на якія варта падпісацца


Стамленне ад лонгрыдаў і валу інфармацыі даўно назіраецца не толькі сярод беларусаў, але гэта агульны трэнд у медыяпрасторы. Паступова ўсё большая аўдыторыя пераходзіць ад сайтаў з вялікімі матэрыяламі да сацыяльных сетак з кароткімі пастамі. Але, калі сяброў і суполак становіцца шмат, пасты ператвараюцца ў вялікія тэксты, а стужка навінаў становіцца не менш насычаная, чым медыі, некаторыя карыстальнікі пачынаюць шукаць іншае выйсце, адное з якіх – мэсіджэры.

Сёння адным з мэсінджэраў, які пачынае ўсё актыўней набіраць папулярнасць сярод беларусаў, з’яўляецца Telegram, які стварыў Павел Дураў (стваральнік vk.com). Гэта аплікацыя дазваляе не толькі абменьвацца асабістымі паведамленнямі з сябрамі, удзельнічаць у супольных чатах, але таксама ствараць уласную падборку тэматычных каналаў.

У гэтым матэрыяле мы адабралі для вас самыя мінімалістычныя беларускія каналы, без вонкавых спасылак, рэкламы і непатрэбнай інфармацыі.

Metamodernizm

Канал, аўтар (дызайнер) якога дасціпна візуалізуе актуальныя падзеі. Нічога непатрэбнага, толькі лёгкае інтэлектуальнае задавальненне.

Невядомая мова

Канал рэгулярна публікуе рэдкія і малавядомыя словы беларускай мовы. Для адных публікацыі могуць стаць адкрыццём, для іншых штодзённай цікавінкай. У кожным выпадку, гэта добры варыянт для вывучэння беларускай мовы ці, прынамсі, пашырэння слоўнікавага запасу. Варта адзначыць, што інфармацыя падаецца ў даволі лёгкім і зручным для ўспрымання фармаце.

25.07

Канал цалкам збудаваны вакол цікавых ці малавядомых лічбаў. Навіны, культура, гісторыя і іншае пра Беларусь у фармаце цікавых фактаў: «59,6% беларусаў не выязджалі па-за межы краіны за апошнія 3 гады», «-42.2°C складае гістарычны тэмпературны рэкорд на тэрыторыі Беларусі». Часам можна сустрэць інсайдарскія лічбы.

Беларусь

Таксама амаль цалкам візуальны канал. Знаёміць з Беларуссю з дапамогаю падпісаных фотаздымкаў.

#Asensavannie

Яшчэ адзін канал, які дапамагае лёгка вывучыць новыя беларускія словы.

#Працытуй

Цытаты, у тым ліку з літаратурных твораў, а таксама быстрамоўкі, прымаўкі, цікавінкі, вершы, народныя прыкметы і народны каляндар ды шмат і чаго іншага.

P.S. Таксама запрашаем вас падпісацца на наш канал у Telegram, дзе можна атрымліваць нашы новыя матэрыялы ды аператыўна сачыць за падзеямі.

КС belsat.eu

Стужка навінаў