Беларускія студэнты абвесцілі 3 верасня – днём выхаду з БРСМ


У супольнасці «Студэнцкая ініцыятыўная група» з’явілася інструкцыя, як можна выйсці з БРСМ. 3-е верасня абвешчана «Чыстым чацвяргом». Мы пагутарылі з дзвюма маладзёнамі, якія вырашылі выйсці з грамадскай арганізацыі.

Як высветлілася, пайсці з Саюзу моладзі не вельмі проста. У юнакоў не прымаюць заявы ці нават проста замыкаюць дзверы кабінета БРСМ ва ўніверсітэце.

Таццяна вучыцца ў БДУ, выйсці з саюзу думала даўно: «Я ўступіла ў БРСМ у школе, пад уплывам адміністрацыі. Хацела выйсці яшчэ ў 11 класе, па рэлігійных прычынах. Але на той час не атрымалася. Зараз перш за ўсё хачу выйсці з-за палітычнай сітуацыі ў краіне. На маё рашэнне паўплывала шмат фактараў. Па-першае, БРСМ як арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы моладзі, на практыцы гэтага не робіць. Па-другое, на маю асабістую думку, БРСМ выступае з ярка выяўленай ідэалогіяй у падтрымку цяперашняй улады. Па-трэцяе, унёскі, якія мы плацім, выдаткоўваюцца на невядомыя патрэбы».

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г. Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ТК / belsat.eu

Дзяўчына распавяла, што аддаць заяву не проста: «Я спрабавала падаць заяву некалькі разоў. Старшыня першаснай арганізацыі БРСМ майго факультэта першапачаткова паабяцаў яго падпісаць. Аднак пасля некалькіх спроб мне было сказана звярнуцца пазней. Калі я ў чарговы раз перадала заяву на подпіс, мне сказалі, што яна неўстаноўленага ўзору і мне трэба атрымаць правільны ўзор у старшыні. Сёння, у чарговы раз, мне адмовілі, спаслаўшыся на занятасць старшыні і прапанавалі прыйсці праз пару дзён».

Акрамя бюракратычных складанасцяў, дзяўчыну намагаліся нават адгаварыць і запужаць нейкімі выплатамі: «На маё жаданне выйсці з арганізацыі, адзін з намеснікаў старшыні спытаў навошта мне гэта трэба і чаму я так настойваю на выхадзе. Стварылася адчуванне, што ён быў упэўнены, што зможа мяне пераканаць.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

У якасці аргументаў мне сказалі: «Ты ж разумееш, што ты ўсё павінна выплаціць?» Што выплаціць? У мяне пазык няма, па меншай меры я заўсёды плаціла, ды і я не абавязаная здзяйсняць якія-небудзь выплаты для выхаду. Аднак, яны думаюць, што гэта можа неяк паўплываць на маё рашэнне. Яны спрабавалі яшчэ нешта сказаць, але калі я зразумела, што мне на той момант нічога не падпішуць, сказала, каб яны не перажывалі і сышла».

Hавiны
«Табе проста трэба выйсці замуж». Як актывістка студэнцкага стачкаму схадзіла на размову ў ГУБАЗіК
2020.09.02 19:57

Студэнт БНТУ Сямён вырашыў пайсці з БРСМ яшчэ ў ліпені: «Прычын сабралася дастаткова шмат. Па-першае, пазіцыя саюзу безумоўнай падтрымкі ўлады і гатоўнасць апраўдаць любыя рэпрэсіі. Па-другое, адсутнасць рэальнай падтрымкі або мерапрыемстваў, звязаных з моладдзю. Па-трэцяе, вельмі асіметрычнае фінансаванне з боку Вуза – брсмшчыкам значна лягчэй атрымліваць прэміі, узнагароды, розныя рэгаліі. Аднак я прадстаўнік навуковага вну. З якой прычыны матэрыяльна больш падтрымліваюцца актывісты за любыя рухі цела, збольшага няўдалыя, а не сапраўды таленавітая моладзь – незразумела. Вну няздольны аплаціць любую маю паездку на навуковую канферэнцыю, аднак заўсёды рады даваць штомесячныя прэміі за найменшую актыўнасць у БРСМ.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Іншы цікавы прыклад, гэта формулы разліку прэзідэнцкіх стыпендый і фондаў. Калі паглядзець на формулу разліку балаў, то бачна, што набраўшы максімум па навуковай дзейнасці, можна прайграць актывісту з больш сціплай навуковай дзейнасцю».

У Сямёна заяву прынялі адразу. Хлопец спадзяецца, што яе падпішуць.

Hавiны
«Чакалі, што выйдзе рэктар, але ён не выйшаў». Удзельнікі менскага маршу студэнтаў – пра тое, чаму выйшлі на вуліцы
2020.09.02 12:26

Паводле адкрытых крыніцаў, па стане на 2014 год, колькасць чальцоў БРСМ складала 474 тысячы асобаў.

belsat.eu

Стужка навінаў