Беларускія школы, прыбіральні і бібліятэку назвалі імем бразільскага стрыптызёра


Праўда, толькі на мапах «Google’у». Новы флэш-моб прыйшоў у Беларусь з Расеі. І пакуль што ў «Google Maps» ніяк на гэта не рэагуюць.

Да Беларусі дайшоў расейскі флэш-моб па перайменаванню абʼектаў на «Google Maps». Сутнасць яго ў тым, каб да рэальнай назвы ўстановы дадаць прыстаўку «імя Рыкарда Міласа». У першую чаргу флэш-моб закрануў установы адукацыі – шэраг менскіх школ і гімназіяй цяпер носяць імя Рыкарда Міласа на сэрвісе «Google Maps».

Але на гэтым удзельнікі флэш-мобу не спыніліся і пачалі даваць новыя назвы і іншым абʼектам. Так, цяпер на мапе Магілёву можна знайсці бібліятэку імя Рыкарда Міласа, на мапе Берасця – Сабор імя Рыкарда Міласа, а ў Талачыне – кінатэатр імя Рыкарда Міласа.

Школа імя Рыкарда Міласа ў Менску

Паступова да флэш-мобу далучыліся і прыхільнікі кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча. І на мапе Менску з’явіўся шэраг грамадскіх прыбіральняў імя Шуневіча.

Прыбіральні імя Шуневіча на мапе Менску

Карыстальнікі сэрвісу «Google Maps» услаўлялі і іншых вядомых герояў. Напрыклад, сярэдняя школа атрымала імя Гары Потара, а Беларуска-расейскі ўніверсітэт у Магілёве атрымаў імя Білі Харынгтана Малодшага. Назвы гэтыя хутка ўзнікаюць у самых нечаканых месцах. Тым цікавей паверыць, чыім імем назвалі абʼекты побач з вамі. Могуць быць вялікія неспадзяванкі – як, напрыклад, прыбіральня імя Рыкарда Міласа ў Берасце ці прыбіральня імя Шуневіча ў Менску.

Бібліятэка імя Рыкарда Міласа на мапе Берасця

Рыкарда Мілас – гэта бразільскі стрыптызёр, які па ўсім свеце стаў мемам у 2010 годзе. У Расеі ролік з Рыкарда стаў «вірусным» толькі ў 2018 годзе. На відэа амаль аголены мужчына танчыць у бялізне і чырвонай бандане.

Школа імя Гары Потэра ў Магілёве

Дарэчы, сэрвіс «Google Maps» дае дазвол усім карыстальнікам інтэрнэту ўдакладняць апісанне абʼекту, чым і скарысталіся ўдзельнікі гэтага флэш-мобу.

Вольга Васільева/Belsat.eu

Стужка навінаў