Беларускія школьнікі зноў паўдзельнічалі ў зборах неанацыстаў у Расеі


Гэтым разам дзеці прыехалі ў Падмаскоўе неафіцыйна, «каб не выклікаць шквал абурэння на радзіме». Паводле інфармацыі сайту групоўкі расейскіх баевікоў «E.N.O.T. CORP», 9-11 верасня там праходзілі міжнародныя вайскова-патрыятычныя зборы ў гонар святога Дзмітрыя Данскога. Беларусы не рэгістраваліся на зборах, а ўдзельнічалі ў складзе камандаў з Расеі, ЛНР і ДНР.

«На мінулыя нашы зборы ў траўні гэтага году прыязджала каманда з брацкай Беларусі. Паказала сябе выдатна, дзеці з’яжджалі радасныя, натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх абрынуліся магутным шквалам лібералы, бандэраўцы, нацыяналісты і іншая падобная «грамадзкасць». А яна апошнім часам карыстаецца сакрэтнай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да ганення падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іх кіраўнікоў літаральна задзяўблі. Вылучаліся абвінавачванні аж да таго, што яны рыхтуюць заваёву Беларусі Расеяй! У выніку клуб, які пабываў у нас, быў задушаны, раздаўлены і зачынены. І ўсё ж такі, нягледзячы на гэта, на цяперашнія зборы прыбыла іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна, і мы ўжо былі навучаныя сумным досведам папярэднікаў. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клубаў – яны выдатна знайшлі агульную мову з аднагодкамі. Чаго б не знайсці, калі мова ў нас адна, мова сяброўства і патрыятызму, і дзяліць ім зусім няма чаго», – пішуць у справаздачы прадстаўнікі «E.N.O.T. CORP».

Аўтары артыкулу падкрэслілі, што некаторым удзельнікам няпроста прыязджаць на зборы з прычыны «палітычных цяжкасцяў»:

«У нас заўсёды цікава і даступна для ўсіх ахвотных. Гэтым разам паспела зарэгістравацца 19 камандаў колькасцю ад 5 да 20 удзельнікаў рознага ўзросту. Ёсць каманды студэнцкія, а ёсць дзеткі гадоў 8–10. У нас яны стаяць у адным шыхце, і пра свой удзел не шкадуюць ні самыя старэйшыя, ні самыя малодшыя. Праграмы будуюцца так, каб падыходзілі кожнаму. […] Менавіта з-за гэтага да нас прыязджае ўсё больш камандаў здалёку, з іншых гарадоў, а з мінулага году – і з іншых краін. Хоць ня ўсім гэта проста. У кагосьці грашовыя цяжкасці, а ў кагосьці нават палітычныя», – пішуць на сайце «E.N.O.T. CORP».

Некалькі месяцаў таму Віцебскі аблвыканкам пацвердзіў, што беларускія падлеткі ездзілі ў Расею на ваенізаваныя зборы, дзе інструктарамі былі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведнай брыгады «Русіч».

Нагодай стаў зварот у прэзідэнцкую адміністрацыю (зварот перанакіравалі да віцебскіх уладаў) ад аднаго з беларускіх актывістаў, якога расейская ваенізаваная нацыяналістычная групоўка «E.N.O.T. Corp» унесла ў «расстрэльны спіс».

І хоць Віцебскі аблвыканкам адкрыта не асудзіў паездкі беларускіх дзяцей у расейскія вайскова-патрыятычныя лагеры, праз кароткі час тэлеканал АНТ у сваім сюжэце «Татуіроўкі за гранню маралі і закону: якая сімволіка падпадзе пад забарону?» закрануў тэму дзейнасці расейскіх нацыстаў у Беларусі, падкрэсліўшы яе небяспеку.

Тады праваахоўныя органы Беларусі заявілі пра праверку інфармацыі аб удзеле беларускіх падлеткаў у ваенна-патрыятычных зборах.

ДР belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў