Беларускія праваабаронцы накіравалі 47 заяваў ад пацярпелых ад катаванняў


Арганізацыі «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт заклікаюць правесці расследаванне па факце сістэматычных катаванняў мірных грамадзянаў у Беларусі пасля 9 жніўня.

Ст. м. Спартыўная, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Катаванні ў Беларусі

Беларускія праваабаронцы накіравалі ў Камітэт па правах чалавека ААН 47 скаргаў ад беларусаў, якія пацярпелі ад катаванняў. Яны прадставілі доказы, што цягам некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, па ўсёй краіне супрацоўнікі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь у розных установах праваахоўнай сістэмы наўмысна прычынялі моцны боль, а таксама фізічныя і маральныя пакуты грамадзянам.

Шматлікія сведчанні пацярпелых указваюць на тое, што іх падвяргалі катаванням і жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню, у тым ліку: абражалі, збівалі дубінкамі, катавалі, прычынялі цялесныя пашкоджанні (пераломы, раненні, шырокія гематомы), білі электрашокерамі і гумовымі кулямі, распылялі газ з балончыкаў у замкнёных прасторах з грамадзянамі, якія знаходзяцца ў іх, прымушалі гадзінамі стаяць у распранутым выглядзе на каленях на асфальце, пагражалі ўжываннем зброі, сексуальным гвалтам, пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў аказанні медычнай дапамогі і прадастаўленні неабходных медыкаментаў і г. д.

Акрамя таго, затрыманыя ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах: у камерах, разлічаных на 4-6 чалавек, змяшчалася да 40 чалавек адначасова, у тым ліку грамадзяне з пацверджаным вірусам COVID-19.

Да пацярпелых таксама масава ўжываліся меры псіхалагічнага ціску: прымус выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і бесперапыннага выкрыквання лозунгаў, патрабаванні ўстаць на калені, патрабаванні прызнаць лаяльнасць і перавагу дзейнай улады і праваахоўных органаў, абразы на глебе палітычных поглядаў і інш.

Агнястрэльная зброя ў Берасці.
Фота: tut.by

Прычыны для катаванняў

  • Катавалі людзей перадусім за выказванне сваёй палітычнай пазіцыі:
  • галасаванне за альтэрнатыўнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь,
  • нашэнне белых бранзалетаў, якія сімвалізуюць галасаванне за альтэрнатыўнага кандыдата, а таксама іншай сімволікі, якая не супярэчыць дзейнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь,
  • удзел у мірных мітынгах і пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў;
  • запалохванне затрыманых грамадзянаў, каб спыніць іх ад далейшага выказвання меркавання
  • Ад 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яны часта суправаджаюцца жорсткімі затрыманнямі, а цягам першых дзён з 9 па 12 жніўня затрыманыя сведчылі пра розныя катаванні.

Паводле звестак праваабаронцаў, агулам больш за 7500 чалавек былі затрыманыя ў жніўні 2020 года. Каля 500 чалавек заявілі пра катаванні або надзвычай жорсткае абыходжанне.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў