Беларускія плыні шэрага імпарту


Штодня на мяжы з Расеяй санітарныя службы суседкі вяртаюць у нашую краіну харчовыя тавары. Галоўная прэтэнзія – падазрэнні ў рээкспарце прадукцыі з краінаў Еўропы, на якія Крэмль наклаў гандлёвае эмбарга. Хто ж намагаецца зарабіць на шэрым імпарце і чаму часам вяртаюцца тавары ўласна беларускай вытворчасці.

Сотні тонаў затрыманай на мяжы садавіны, гародніны, мяса-малочных вырабаў. Супрацоўнікі «Рассельгасналяду» толькі сёння вярнулі ў Беларусь дзесяць тонаў сыру. Сфальсіфікаваныя сертыфікаты, адсутнасць адпаведных дакументаў, а пры пільным аглядзе высветлілася, што насамрэч прадукцыю стварылі ў краінах Еўразвязу, але не ў Беларусі. Шэры гандаль усё больш пашырае маштабы.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ЭКАНАМІСТ:

«Гэта некалькі соцень мільёнаў долараў. Прыкладна ад 200 да 400 мільёнаў, калі груба зрабіць падлік. Але гэта вельмі ўмоўная лічба, калі рабіць падлік з агульнага аб’ёму імпарту, з агульнага ліку затрыманняў.

З моманту ўвядзення харчовага эмбарга ў дачыненні краінаў Захаду, працаўнікі «Рассельгаснагляду» праверылі больш як 34 тысячы цяжкавікоў з Беларусі, і 1 700 з іх вярнулі назад. Але гэтая захада не дапамагае, на мяжы мусіць быць канфіскацыя і знішчэнне забароненых тавараў, мяркуюць у «Рассельгасналядзе», адпаведны законапраект накіравалі ў Еўразійскую камісію.

СЯРГЕЙ ДАНКВЕРТ, КІРАЎНІК «РАССЕЛЬГАСНАГЛЯДУ»:

«Атрымоўваецца, што мы вяртаем прадукцыю ў Беларусь, а куды яна далей ідзе? Перагружаюць яе на маленькія машыны і правозяць ляснымі сцежкамі. «Рассельгаснагляд» вядзе актыўную працу з тым, каб гэтага не было».

Зрэшты, расейскія санітарныя службы маюць прэтэнзіі да беларускага боку ня толькі ў справе рээкспарту, але і да якасці ўласна беларускай прадукцыі. У харчовых таварах, якія паступілі ў маскоўскі рэгіён, толькі сёлета ў 36 выпадках з 327-мі пробаў выяўленыя парушэнні. Раней «Рассельгаснагляд» забараніў пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў нашае краіны. Урадоўцы абмяркоўваюць гэтыя пытанні. І на думку менчукоў, насамрэч гэта палітыка, а не санітарныя патрабаванні.

Што праўда, «Рассельгасналяд» ня толькі ў дачыненні Беларусі, але раней і ў дачыненні Літвы ды Грузіі ўводзіў абмежаванні на пастаўскі прадукцыі пасля таго, як адносіны паміж краінамі псаваліся.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ЭКАНАМІСТ:

«Сыходзячы з тых звестак, якімі я валодаю, магу выказаць меркаванне, што насамрэч прысутнічае і адзін і другі чыннік: тут сапраўды частка прадукцыі кепскай якасці, але і палітычныя паводзіны Расеі таксама маюць месца».

Зрэшты, і эканамічны крызіс у Расеі прывёў да таго, што беларускія ўрадоўцы чарговы раз загаварылі пра неабходнасць пераарыентацыі экспарту ў іншыя кірункі. Але дзе і ў якіх краінах чакаюць беларускіх вытворцаў, чыноўнікі ня маюць адказу.

Сяргей Скулавец, belsat.eu

Стужка навінаў