Беларускія парашутысты склалі ў небе пяціканцовую зорку і ўстанавілі новы рэкорд


Трыццаць парашутыстаў, склаўшы на вышыні 5 км вялікую пяціканцовую зорку, устанавілі новы нацыянальны рэкорд у Беларусі.

Новы рэкорд Беларусі ў парашутнай групавой акрабатыцы ў класе «Вялікая фармацыя» ўстанавілі ў Менскім аэраклубе Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) 31 ліпеня на фестывалі авіяцыйнага спорту «Пранеба-2016».

Відэа: як беларускія парашутысты ўстанавілі новы нацыянальны рэкорд, стварыўшы фігуру зоркі

Новы рэкорд – гэта 30 чалавек, якія падняліся ў неба і склалі там фігуру. На вышыню ў 5 тыс. метраў іх уздымаў самы вялікі верталёт у свеце – Мі-26.

Дасягненне атрымалася з трэцяй спробы (з пяці магчымых).

Мінулы рэкорд устанавілі 20 чалавек у 2014 годзе, паведаміў генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў, які сам узяў удзел у будаванні фігуры. Паводле ягоны словаў, у свеце ёсць прыклады, калі фігуру складалі 100 і болей чалавек, але для Беларусі сённяшняя лічба – знак росту.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў