Беларускія навукоўцы абвесцілі конкурс на стварэнне электрамабіля


Фота Міхаіл Асіпенка

Нацыянальная акадэмія навук хоча прастымуляваць «інтэлектуальную і інавацыйную дзейнасць у стварэнні новых тэхналогіяў для электратранспарту, уключыць у праект шырокае кола вынаходнікаў».

Падаць заяўку можна да 15 кастрычніка 2018 года на паперы і ў электронным выглядзе ў форме дакументу Word у абʼёме не больш за 10 старонак фармату А4 з прэзентацыяй у PowerPoint.

Пераможцам і прызёрам абяцаюць не толькі дыпломы, але і грашовыя прызы. Іх вызначыць экспертная рада да 1 снежня. Плануецца, што конкурс «Электрамабіль» будзе праводзіцца на пастаяннай аснове.

Інфармацыю аб прынятых заяўках, даце правядзення пасяджэнняў экспертнага савету і яго рашэннях можна будзе знайсці на сайце oim.by.

Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі неабходна наладзіць вытворчасць электрамабіляў. Спачатку ён тэставаў Tesla, пазней кітайскі Geely, пасля чаго адзначыў, што «мы павінны гэткі аўтамабіль з вамі тут выпускаць».

«У нас ужо ёсць у Акадэміі навук спецыялісты, якія займаюцца распрацоўкай электрамабіляў. І калі вы нас дзесьці пракансультуеце, нам дапаможаце ў чымсьці, ці мы абʼяднаемся з вамі для выпуску такога аўтамабіля ў Беларусі – я буду вам вельмі ўдзячны. Калі прыедзеце ў наступны раз да нас – мы з вамі праедзем на гэтым электрамабілі разам», – сказаў Лукашэнка кітайскім калегам на ўрачыстым адкрыцці беларуска-кітайскага заводу па вытворчасці аўтамабіляў Geely.

ДР belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары