Беларускія музыкі праспявалі хіт «Ляпіса Трубяцкога» ў перакладзе NEXTA


Большасць ведае яго як аднаго з самых папулярных блогераў Беларусі і вядоўцу праграмы «Суб’ектыў» на Белсаце. Але мала хто ведае, што Сцяпан Пуціла – таленавіты музыка, а NEXTA – гэта назва музычнага гурта, у якім ён граў.

Некалькі гадоў таму ён пераклаў на беларускую мову песню «Огоньки» – хіт гурта «Ляпіс Трубяцкой». У нашым навагоднім шоу гэтую песню выканалі Ганна Шаркунова, Віталь Гуркоў, Ілля Маліноўскі, Алёна Гіронак і Мікіта Найдзёнаў. Песню можна паслухаць на відэа вышэй, а пра свой музычны бок жыцця нам распавёў сам NEXTA.

«Першую тысячу рублёў старымі зарабілі ў пераходзе»

Сцёпа Пуціла ў Беларусі быў звычайным школьнікам, які вучыўся ў гуманітарным ліцэі імя Я. Коласа. Перад гэтым хадзіў у музычную школу па класе трубы. Не любіў урокі хору і сальфеджыа, але неяк вымучаў гэтыя 7 гадоў. Выступалі ў ліцэі, выступалі ў пераходах. Першую тысячу рублёў старымі зарабілі акурат у пераходзе.

Бачыў сябе ў будучыні музыкам, але так атрымалася…

«Агеньчыкі» запісваліся вельмі цікава – у шафе. Ззаду была штора нейкая для гукаізаляцыі. Запісвалі на стары дыктафон сястры. Неяк запісалася (смяецца). Наагул ідэя запісаць кавер паўстала пасля таго, як нейкая група (я ўжо не памятаю назвы) выпусціла свой кавер, ён быў такі рокавы, нават больш у бок металу.

У той час я перапісваўся ва «Укантакце» з адным беларускамоўным чалавекам, які займаўся вершамі. Не памятаю, па-мойму, Міхась Міцкевіч яго звалі, можа, нехта будзе ведаць. Тэкст я пераклаў. Ён дапамог, дапрацаваў некаторыя моманты, і тэкст стаў такім прыгожым вершам. Атрымалася цікава. Адзінае, што было цяжка і з нагоды чаго ішлі спрэчкі, як перавесці «дурачок»«дуранёк» або «дурнічок».

«Агеньчыкі» – яна ўсё ж такая больш душэўная песня. Новы год, з аднаго боку, час, калі ўсе падводзяць вынікі, што зрабілі, што не зрабілі, а з другога – заўсёды задумваешся, што гэта мінус яшчэ адзін год, што ты становішся старэйшым, у цябе няма ўжо той радасці, якая была ў дзяцінстве, калі ты атрымліваў падарункі і думаў, што Дзед Мароз існуе. Тым больш цяпер, калі няма снегу, гэта такое трохі сумнае свята.

Сцяпан разам з бацькам Аляксандрам Пуцілам

Я наагул не думаў, што іх хтосьці заўважыць. Проста дзеля прыколу адправілі на tuzin.fm. Сяргей Будкін (стваральнік парталу tuzin.fm, аўтар і вядоўца Belsat Music Live. – Заўв. рэд.) сказаў, што нядрэнна атрымалася, і паставіў песню на сайт.

Я ўвогуле не мог падумаць, што камусьці будзе цікавы гэты кавер, гэта, можна сказаць, рабілася для сябе, для сяброў, ад душы запісвалася.

«Я вельмі натхніўся гэтымі пратэстамі»

Пасля «Агеньчыкаў» была песня «Дэкрэт» супраць «падатку на дармаедства». Зразумеў, што трэба нешта мяняць, бо час сыходзіць, як у гэтых «агеньчыках». Я вельмі натхніўся пратэстамі, якія былі ў 2017 годзе супраць «дармаедскага дэкрэту». Нечакана ў Менску 5 тысяч чалавек выйшлі, потым у Гомлі праз пару дзён столькі ж, потым у іншых гарадах. Гэта ўсё сапраўды дадало матывацыі. Там такая была песня: «Не Дэкрэту №3, дармаеды тут не мы». Зрабілі кліп, «Хартыя» перазаліла яго. У іх 69 тысяч праглядаў было, а на маім тагачасным канале – 30 тысяч. Гэта было крыўдна (смяецца). Але потым усё ж такі прагляды выраўняліся.

Песня «Дэкрэт» стала прадвеснікам маёй далейшай дзейнасці ў грамадска-палітычным плане.

Я б вельмі хацеў, каб «Дэкрэт» праспяваў Саша Васільеў з «Спліна» – гэта было б цікава. У апошніх альбомах у яго ідзе такі грамадска значны кантэнт, хоць і завуаляваны.

«NEXTA – музычны гурт, які стаў незразумела чым…»

Я і зараз бачу сябе музыкам, хоць і разумею, што гэта ўжо не будзе на першым плане. Трэба развівацца ў які-небудзь бок, і вось музыка – адзін з іх. Хацелася б выдаць альбом. Трэба сесці, падумаць, каб гэта ўсё цікава выглядала. Проста не хапае часу. Telegram, Instagram, YouTube, «Cуб’ектыў»… Недзе адсоткаў 80 за ўсё вольнага часу сыходзіць на гэта, 20 застаецца на паспаць і паесці. Ды і хлопцы з групы, з якімі мы разам пачыналі, зараз усё па розных гарадах разʼехаліся, ёсць праблема, каб абʼяднацца і нешта запісаць. Група называлася NEXTA яшчэ з часоў ліцэю. Музычны гурт, які стаў незразумела чым… (смяецца). Нейкім грамадска-палітычным праектам.

У праграме Салаўёва ўзгадалі пра блогера NEXTA і «Белсат»

Усё гэта так зацягвае, што няма часу на сябе. Думаю, што з гэтым можна зрабіць, але пакуль так і не прыдумаў. Можа, музыка – гэта і ёсць выйсце. Проста праблема, што гітара стаіць у куце, і я гляджу на яе і думаю: «Вось бы сыграць». А потым гляджу на камп’ютар або на спіс справаў і разумею, што трэба гэта спачатку парашаць. Апошні раз на гітары месяц таму, напэўна, граў.

У мяне ўжо больш за 50 песень, ёсць тэксты і акорды, проста трэба іх неяк разам сабраць, скампанаваць і запісаць.

Думаю, што песні – гэта адзін з такіх заняткаў, які дапаможа адцягнуцца. Спадзяюся, я вярнуся да гэтага ўжо хутка.

Не ведаю, калі будзе альбом, але ёсць шмат песень, якія мне падабаюцца, і хацелася б імі падзяліцца. Хоць не ведаю, як людзі на гэта адрэагуюць: шмат для каго гэта можа быць дзіўна і нечакана. Але трэба спрабаваць, эксперыменты патрэбныя. Як гэта было з акцыяй у Менску, як гэта было з фільмам (фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». – заўв. рэд.). Я нават не чакаў, што столькі людзей прыйдзе і фільм столькі праглядаў збярэ. Трэба спрабаваць.

Баюся казаць, што выпушчу ў гэтым годзе альбом, потым будзе крыўдна, калі не паспею гэта зрабіць. Вось EP (мініальбом. – Заўв. рэд.) можна. Паспрабую выпусціць пасля прэзідэнцкіх выбараў, магчыма, як рэакцыю на зыход гэтага. Хай для мяне гэта будзе стымулам.

Глядзі таксама
Каментары