Беларускія міністры адкажуць за запавольванне эканамічнага росту


Сяргей Румас.
Фота: government.by

За студзень–верасень 2019 года эканоміка Беларусі вырасла толькі на 1 %. Пра гэта 15 кастрычніка заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні Прэзідыума Савету міністраў.

Прэм’ер падкрэсліў, што рост запавольваецца, нягледзячы на дзяржаўнае падтрыманне і запэўніванні міністраў пра тое, што зацверджаныя планы будуць выкананыя. Паводле яго, кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязкі, паведамілі ў Саўміне.

Hавiны
Міжнародныя інстытуты пагоршылі прагнозы эканамічнага росту Беларусі
2019.10.15 18:32

Румас даручыў падрыхтаваць на пачатак лістапада пасяджэнне Савету міністраў пра вынікі працы эканомікі за 9 месяцаў, каб прааналізаваць абяцанні кіраўнікоў дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў ды іх дзеянні.

Прэм’ер таксама адзначыў, што экспарт тавараў не дасягнуў узроўню аналагічнага перыяду мінулага году. У структуры гандлю павялічылася доля ЕАЭС і прасела доля Еўрапейскага звязу.

Кіраўнік ураду падкрэсліў, што ў дыверсіфікацыі экспарту найважнейшая роля адводзіцца амбасадам, але ў 37 з 57 замежных установаў не выконваюцца заданні экспарту тавараў. Аргументаваных тлумачэнняў гэтага, як і рэагавання МЗС няма, заявіў Сяргей Румас.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў