Беларускія мастакі ды акторы выступілі супраць гвалту ды хлусні

Сябры мастацкай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў выступілі з заявай, у якой заявілі, што абураныя «падманам, хлуснёй і гвалтам», якія прадэманстравала беларуская ўлада напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў, піша радыё «Свабода».

«Мы смуткуем па тых, хто загінуў, хто атрымаў калецтвы, спачуваем тым, хто быў затрыманы, збіты, зняволены. Усе палітычныя вязні павінны быць неадкладна вызваленыя, а адказныя за гвалт – панесці справядлівае пакаранне», – гаворыцца ў заяве.

Мастакі заклікалі ўлады праявіць мужнасць і прызнаць, што людзі стаміліся ад такой «апекі».

«Мы ганарымся, што ў краіне вырасла пакаленне людзей, якое хоча жыць у вольнай, дэмакратычнай Беларусі. Яны становяцца ў ланцугі салідарнасці з бела-чырвона-белымі сцягамі. Мы разам з імі. Мы жадаем міру, спакою, дабрабыту сваім дзецям і ўнукам у свабоднай Беларусі», – адзначылі яны.

Канстытуцыя 1994 года. Фота: «Белсат»

Аўтары звароту патрабуюць новых выбараў прэзідэнта пры тым, што Аляксандр Лукашэнка мусіць скласці свае паўнамоцтвы, выступаюць за вяртанне Канстытуцыі 1994 году з гербам «Пагоня» і бела-чырвона-белым сцягам. Паводле іх, перад новымі выбарамі ўсе паўнамоцтвы павінен прыняць Нацыянальны сход у каардынацыі з грамадскай камісіяй з найбольш аўтарытэтных і паважаных прадстаўнікоў беларускага грамадства.

Таксама да прадстаўнікоў дзяржаўных службаў і органаў звярнуліся Магілёўскі драматычны тэатр і мастацкі музей імя Масленікава. 75 работнікаў культуры патрабуюць «спыніць беспрэцэдэнтны і неапраўданы гвалт, які дапускаюць праваахоўныя органы супраць мірных грамадзянаў».

Яны нагадалі пра неад’емныя права на жыццё, на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і перакананняў, а таксама свабоду слова ды перасоўвання.

У звароце адзначаецца, што атмасфера страху і гвалту не дазваляе грамадзянам жыць і працаваць, а пра творчасць гаворкі наагул няма.

МГ belsat.eu

Hавiны