Беларускія лекі паляцелі ў Кітай. На чарзе – медыкі

Самалёт з гуманітарным грузам. Фота: mchs.gov.by

Самалёт з беларускай гуманітарнай дапамогай Кітаю, якую ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу 2019-nCoV у КНР загадаў накіраваць Аляксандр Лукашэнка, вылецеў з Менску. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў.

Борт ІЛ-76МД з медыкаментамі, які вылецеў у Пекін з аэрадрому Мачулішчы 29 студзеня, суправаджаюць ратавальнікі на чале з першым намеснікам кіраўніка МНС Аляксандрам Худалеевым. Агульная вага грузу каля 20 тонаў. У склад гуманітарнай дапамогі ўвайшлі 4,5 тоны антыбіётыкаў для лячэння ўскладненняў лёгачных інфекцыяў, больш за 10 тонаў сродкаў дэзынфекцыі, пальчатак, масак, аднаразовай вопраткі, сродкаў абеззаражання паветра.

«Толькі скажы, што яшчэ мы маглі б зрабіць для вас». Лукашэнка напісаў Сі Цзінь Піну

У МНС адзначылі, што медыкаменты абраныя ў адпаведнасці з запытамі кітайскага боку.

«Ніхто не сумняваецца ў здольнасці Кітая кантраляваць сітуацыю, але цяпер усе яго рэсурсы сканцэнтраваныя ў найбольш небяспечных раёнах. А ў іншых рэгіёнах, у тым ліку на фоне панічных настрояў, можа ўзнікаць ажыятаж на некаторыя лекі або медычныя вырабы. Таму любая дапамога і рэзервы, якія маюцца ў распараджэнні кітайскага Міністэрства аховы здароўя, будуць запатрабаваныя», – заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, паведамілі ў ягоным ведамстве.

Усе вырабы, якія накіраваныя ў Кітай, выраблены ў Беларусі. Яны загружаліся на борт ваеннага самалёта Міністэрства абароны наўпрост з заводаў.

Беларусам афіцыйна параілі не наведваць Кітай

Паводле міністра, беларускія медыкі таксама таксама гатовыя вылецець у Кітай, каб абмяняцца з калегамі досведам і вызначыць найбольш эфектыўныя метады прафілактыкі распаўсюджвання інфекцыі. Група медыкаў, якіх плануюць накіраваць у Кітай для вывучэння сітуацыі з каронавірусам, ужо сфармавалі.

Візіт адбудзецца, калі ў кітайскага боку будзе неабходны аб’ём інфармацыі і іх эксперты будуць гатовыя да абмену думкамі.

Каронавірус? У Магілёве шпіталізавалі двух чалавек з тэмпературай

МГ belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны