Беларускія лекары запісалі відэазварот: Заразіцца большая частка насельніцтва


Больш за два дзясяткі беларускіх лекараў запісалі відэазварот да грамадзянаў, дзе распавялі, як правільна паводзіць сябе падчас пандэміі і папярэдзілі, што каронавірус ахопіць значную частку насельніцтва.

«Мы, лекары, звяртаемся да вас і просім вас аб падтрымцы. Пандэмія каронавіруснай інфекцыі ахапіла практычна ўсе краіны свету, на жаль гэтай долі не пазбегла і наша родная Беларусь. Гэта тычыцца кожнага з нас. Перахварэе і заразіцца вялікая частка насельніцтва – пра гэта кажа досвед іншых краін», – кажуць медыкі з розных рэгіёнаў.

Спецыялісты папярэджваюць, што хвароба можа працякаць без сімптомаў, але нават у такім выпадку можна лёгка заразіць іншых людзей, у тым ліку сваіх блізкіх. Для асобаў старэйшых за 60 гадоў вірус можа аказацца смяротным.

«Максімальна абмяжуйце стасункі з людзьмі. Не хадзіце ў госці да пажылых сваякоў, не адпраўляйце да іх сваіх дзяцей, якія могуць быць крыніцай інфекцыі. Пераканайце сваіх бацькоў, што ім трэба застацца дома. Забяспечце іх усім неабходным», – тлумачаць яны.

Акрамя таго, лекары просяць пазбягаць месцаў скаплення людзей, не хадзіць у тэатры і кінатэатры. Для паходу ў краму лепш абраць аднаго чальца сям’і і прасачыць, каб ён апрануў маску. А яшчэ лепей скарыстацца онлайн-дастаўкай.

Яны просяць не звяртацца да лекараў без неабходнасці, бо зараз не час для планавых медаглядаў і кансультацыяў. Нават калі ў вас зʼявіліся прыкметы прастуды – не трэба адразу бегчы ў паліклініку. Лепш застацца дома і лекаваць свае сімптомы як звычайную прастуду, раяць лекары. Пры пагаршэнні стану – выклікайце хуткую.

Hавiны
Колькі чалавек памерла ад COVID-19 ў Беларусі? Усё, што вядома па стане на вечар 3 красавіка
2020.04.03 22:49

КА belsat.eu

Стужка навінаў