Беларускія інжынеры зрабілі камбайн на газавым паліве


Спецыялісты кажуць, што новая тэхніка дазволіць значна ашчадзіць падчас уборачнай кампаніі.

Першы ў свеце камбайн з газавым рухавіком стварылі інжынеры гомельскага заводу сельскагаспадарчай тэхнікі на базе самага папулярнага беларускага камбайна «Палессе GS12».

Дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтру камбайнабудавання «Гомсельмашу» Аляксандр Шантыка кажа, што галоўная задача, якую ставілі інжынеры, – ашчаджэнне.

«Машына, якая працуе на газавым паліве, у параўнанні з звычайным палівам – гэта мінус 40–60 % эканоміі. На выхадзе мы павінныя атрымаць і атрымліваем больш танны прадукт», – кажа Шантыка.

СТВ падае, што ў Гомельскім раёне ўжо два сезоны адбываюцца выпрабаванні сістэмы запраўкі ў полі.

400 кубічных метраў сціснутага прыроднага газу перацякаюць у вуглепластыкавыя балоны ўсяго за 10 хвілін. Гэтага аб’ёму камбайну з газавым рухавіком хопіць на 10 гадзін бесперапыннай працы

Васіль Антанюк, намеснік Аляксандра Шантыкі, дадае, што ў Расеі ўжо ёсць цэлыя раёны, дзе на газе працуюць трактары.

«Калі такі камбайн патрапіць у гаспадарку, дзе ўжо наладжаная сістэма, ёсць стацыянарныя запраўкі, то няма ніякіх праблем», – кажа Антанюк.

Яшчэ адзін плюс прыроднага газу – ягоная экалагічнасць: метан лічыцца адным з самых чыстых варыянтаў паліва для рухавікоў унутранага згарання. Матор новых беларускіх камбайнаў адпавядае класу стандарт «Еўра-5».

ДД

Глядзі таксама
Каментары