Беларускія футбольныя клубы паміж жыццём і смерцю


Фінансавы крызіс сурʼёзна бʼе па беларускім спорце. Адразу некалькі футбольных клубаў краіны знаходзяцца на мяжы знікнення. «Рэчыца-2010» ужо знікла з футбольнай мапы краіны, неўзабаве іх лёс могуць падзяліць «Бяроза-2010», ФК «Кобрын» і нават берасцейскае «Дынама».

Пра што казаць, калі фінансавыя праблемы ў аднаго з найлепшых клубаў краіны – менскага «Дынама». Справы аднаго з самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны Юрыя Чыжа ў апошні час ідуць не найлепшым чынам. Па выніках 2014 года шматпрофільны холдынг «Трайпл», кантраляваны Юрыем Чыжом і Уладзімірам Япрынцавым, увайшоў у першую дзясятку самых прыбытковых кампаніяў, фінансавыя паказнікі якіх былі апублікаваныя Міністэрствам фінансаў Беларусі. У прыватнасці, чысты прыбытак «Трайпла» складаў каля 65 млн долараў.

Але ў 2015 Япрынцаў апынуўся за кратамі, а холдынг у дзясятцы самых стратных прадпрыемстваў, атрымаўшы чыстыя страты 84,4 млрд рублёў. Натуральна, Юрый Чыж у першую чаргу стаў эканоміць на спартыўным складніку свайго бізнесу.

У футбольным менскім «Дынама» звольнілі траіх памочнікаў галоўнага трэнера Вука Рашавіча, гульцам прапанавалі падпісаць новыя кантракты на менш выгадных умовах. У выніку каманду пакінулі трынаццаць футбалістаў. Акрамя таго Юрый Чыж адмовіўся ад каманды на сваёй малой радзіме ў Бярозе, якая выступала ў першай лізе. Мясцовы футбольны клуб фінансаваўся Юрыем Чыжом і ў ім гулялі маладыя гульцы, што не прайшлі ў асноўны склад менскага «Дынама».

Цяпер існаванне футбольнай каманды ў Бярозе наагул пад пытаннем. На сёння ў клубе няма трэнерскага штаба ды ніводнага гульца на кантракце. Выглядае на тое, што праблемы мясцовага футбольнага клубу мала хвалююць мясцовыя ўлады. Спецыяліст аддзелу адукацыі, спорту і турызму бярозаўскага райвыканкаму Жана Касевіч была наагул не ў курсе праблем футбольнага клубу. Але крыху пазней спецыялісты аддзелу зазначылі, што «пытанне ўдзелу каманды ў першай або другой лізе вырашаецца. Але пакуль аб нечым канкрэтным казаць рана».

Падобная сітуацыя ў Кобрыне, дырэктар мясцовага клубу першай лігі Кірыл Кудзей распавёў “Белсату”, што сітуацыя ў клубе цяжкая.

«Пакуль нічога не зразумела. Кантракты скончыліся практычна ва ўсіх футбалістаў. Мясцовыя ўлады хочуць, каб каманда гуляла ў чэмпіянаце вобласці. Але пасля сустрэчы са старшынёй федэрацыі Сяргеем Румасам, яны ўсё ж паабяцалі, што будзем выступаць у першай лізе. Але пакуль ніякіх зменаў не бачым. Чакаем!» – кажа Кірыл Кудзей.

Праблемы берасцейскага «Дынама» у вышэйшай лізе цягнуцца ўжо не першы год. Лёс клубу вісіць на валаску дагэтуль, а пазыкаў набегла на 9 млн долараў. У выніку толькі пасля ўмяшання Сяргея Румаса (старшыня Асацыяцыія «Беларуская федэрэацыя футболу» ) берасцейскі аблвыканкам паабяцаў, што каманда выступіць у вышэйшай лізе. Але каманду пакінула 16 футбалістаў, з леташняга складу ў Берасці засталося толькі два футбалісты – Аляксандр Дзямешка і Андрэй Цэван, астатнія – мясцовая моладзь.

dynama

Ды і гарантыі аблвыканкаму нічога па вялікім рахунку не значаць. У мінулым сезоне мясцовыя ўлады давалі такія ж гарантыі, але ў выніку каманда адыграла сезон у доўг, пасля чаго большасць футбалістаў звярнулася ў суд, што яшчэ больш павялічыла клубныя пазыкі. Як прызнаецца старшыня праўлення клубу Аляксандр Каляда, толькі продаж офісу, што належыць клубу, можа дапамагчы камандзе дайграць сезон, які пакуль нават не стартаваў. Толькі пакупніка нерухомасці ў цэнтры гораду пакуль не відаць.

А вось «Рэчыца-2010» ужо адпакутавала. Клуб што заснаваны ў 1952 годзе і гуляў у фінале Кубка Беларусі абвешчаны банкрутам і спыніў сваё існаванне. Пры гэтым суд адмовіў выплаціць футбалістам запазычанасці па зарплаце.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў