Беларускія Джульяны Асанжы. Двое віцяблянаў месяц жывуць у амбасадзе Швецыі

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ўжо амаль месяц жывуць на тэрыторыі шведскай амбасады ў Менску. Жыхары Віцебску пераскочылі праз агароджу амбасады, ратуючыся ад пераследу міліцыянтаў. Бацьку і сына сілавікі спрабавалі затрымаць яшчэ ў Віцебску 6 верасня падчас акцыі пратэсту.

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Уладзіслаў Кузнечык і яго бацька Віталь не жадаюць камунікаваць з медыямі. Тэлефон іх недасяжны, але яны карыстаюцца мэсанджарамі ў сеціве. На пытанне «Белсату» пра іх цяперашні статус і сітуацыю агулам, Віталь Кузнечык напісаў, што не яны даюць каментароў.

Кузнечыкі знаходзяцца на тэрыторыі шведскай амбасады ў Менску з 11 верасня. 6 верасня яны прымалі ўдзел у акцыі пратэсту ў сваім родным Віцебску. Міліцыянты спрабавалі іх затрымаць, ужывалі нават слезацечны газ, білі дубінкамі. Але бацька і сын здолелі пазбегнуць затрымання, патрапілі ў Менск і папрасілі прытулку ў амбасадзе Швецыі. Мужчын не пусцілі на тэрыторыю дыпламатычнага прадстаўніцтва, таму яны пераскочылі праз агароджу і засталіся недасяжнымі для міліцыянтаў, якія ў той дзень атачылі тэрыторыю амбасады і патрабавалі выдачы ўцекачоў.

«З пункту гледжання міжнароднага права мужчыны могуць знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы (а амбасада і ёсць тэрыторыя іншай дзяржавы) столькі, колькі гэта палічыць патрэбным урад Швецыі. Адзінае, канечне, іх вывезці вельмі складана. Нават калі выкарыстоўваць дыпламатычны транспарт – машыну могуць спыніць і праверыць дакументы гэтых грамадзянаў. Гарантыяў дыптранспарт не дае. Закон забараняе ператрус, але пасажыраў, калі яны грамадзяне Беларусі, могуць затрымаць», – кажа Павал Знавец, адмысловец па міжнароднаму праву.

Таму, лічыць эксперт, у бацькі і сына цяпер сітуацыя падобная да той, што была ў Джуліяна Асанжа.

«Яны дэ-юрэ на тэрыторыі Швецыі, але дэ-факта знаходзяцца ў Беларусі. Атрымліваецца патавая сітуацыя. Але любое пытанне можна вырашыць праз дамовы з тым жа МЗС, заключыць пагадненне праз ноту, напрыклад. Гэта значыць, калі Швецыя прадстаўляе ім палітычны прытулак, то з моманту атрымання гэтага статусу, яны могуць бяспечна пакінуць Беларусь. Праўда, такіх прэцэдэнтаў я не ведаю. Таксама трэба глядзець і на міждзяржаўныя пагадненні», – кажа Павал Знавец.

Зрэшты, на думку адмыслоўца, казаць пра наяўнасць такіх пагадненняў, тым больш з Швецыяй, не выпадае. Асабліва ў момант, калі беларускі МЗС фактычна расфармаваны, бо за апошнія месяцы звольніліся дзясяткі дыпламатаў.

«Агулам сітуацыя вельмі неардынарная. Я думаю, што шведы самыя ў замяшальніцтве, не ведаюць, як выйсці з такой сітуацыі. А наагул дазвол на пражыванне на тэрыторыі Швецыі прымае ўрад краіны. Амбасадар Швецыі дазволіў часова ім там находзіцца, пакуль пытанне даць палітычны прытулак ці не – вырашыць урад. Калі ж будзе адмова, то беларускі бок можа запатрабаваць, каб іх выдалі. У любым выпадку, бясконца такая сітуацыя не можа доўжыцца», – кажа Павел Знавец.

«Wikileaks» прадаў беларускую апазіцыю? Медыякансультант пра тое, як гэта магло здарыцца

Прыкладаў, калі грамадзяне краінаў хаваліся ў замежных амбасадах, даволі шмат. І большасць з іх зафіксаваныя ў савецкія часы. Гэтак, пасля задушэння паўстання ў 1956 годзе ў Вугоршчыне ў амбасаду ЗША ў Будапэшце пагрукаўся архіепіскап Эстэргома. На тэрыторыі амбасады ён пражыў ажно 15 гадоў, пакуль улады Вугоршчыны не далі дазвол на пераезд у Аўстрыю ў 1971 годзе.

У 1978 годзе прадстаўнікі савецкай абшчыны пяцідзясятнікаў схаваліся ад спецслужбоўцаў на тэрыторыі амбасады ЗША ў Маскве. Пражылі яны ў амбасадзе ажно пяць гадоў, пакуль не атрымалі дазвол на выезд.

Пасля развалу СССР у 1991 годзе ў амбасадзе Чылі ў Маскве схаваўся былы генеральны сакратар Сацыялістычнай партыі Нямеччыны Эрых Хонекер.

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж у 2012 годзе схаваўся ў амбасадзе Эквадору ў Лондане. У 2019 годзе Эквадор усё ж адмовіў Асанджу даць прытулак, у выніку паліцыя Брытаніі арыштавала яго.

СК belsat.eu

Hавiны