Беларускія добраахвотнікі ў Вярхоўнай Радзе: Просім дапамогі ва ўкраінскіх уладаў у стварэнні легалізаванага дабравольніцкага батальёну


Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь, які ўжо не раз выступаў у абарону беларускіх добраахвотнікаў, звярнуўся да кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы з патрабаваннем не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежных грамадзянаў, якія ваявалі за Украіну на Данбасе.

12 красавіка народны дэпутат Украіны Ігар Гузь разам з беларускімі добраахвотнікамі байцом Тактычнай групы Беларусь пры «Добраахвотніцкай Украінскай арміі» Янам Мельнікавым і Іллём Хрэнавым з палка «Азоў» правялі брыфінг у Вярхоўнай Радзе.

Ігар Гузь звярнуўся да кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы і праваахоўных органаў з патрабаваннем не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежных грамадзян, якія ваявалі за Украіну на Данбасе. Дэпутат адзначыў, што нядаўна ў бацькоў беларускіх добраахвотнікаў прайшлі ператрусы, на іх сем’і працягваецца псіхалягічны ціск. Паводле дэпутата, «беларускі КДБ і сам Лукашэнка хочуць і спрабуюць паўплываць на ўкраінскую ўладу, каб вярнуць добраахвотнікаў у Беларусь, а там адпаведна іх чакаюць суды».

Народны дэпутат паведаміў, што ён з калегамі ў парламенце ініцыюе падачу законапраекта пра мараторый на экстрадыцыю грамадзянаў замежных дзяржаў, якія ваявалі за Украіну. «Гэта – прынцыповае пытанне, і мы павінны абараніць хлопцаў, якія рызыкуюць жыццём за цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы. Шмат хто з іх страцілі там жыццё. І што атрымліваецца? Наша дзяржава пагражае добраахвотнікам пайсці на супрацу з «карнымі« органамі Рэспублікі Беларусь і «здаць« гэтых хлопцаў у турму. Прашу кіраўніцтва дзяржавы «ня граць у такія гульні«. У бліжэйшы час мы ўнясём адпаведны законапраект у Вярхоўную Раду», – заявіў дэпутат.

Ян Мельнікаў распавёў, што ён на фронце ад самага пачатку ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны, ваяваў за Чырвонаармейск і Аўдзееўку.

«Дзякуючы нам, гэтыя гарады засталіся ўкраінскімі. Затым быў у «гарачых кропках« у вёсках Пескі і Белакаменка. Мы прыехалі на дапамогу брацкаму народу. Мы разумеем, што сёння Украіна, якая ўзяла на сябе ўдар, адстойвае не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы ўсёй Усходняй Еўропы. Мы змагаемся на ўкраінскім баку, адстойваючы свабоду Беларусі. Але цяпер падвергліся рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў».

Ілля Хрэнаў, інструктар палка «Азоў» дадаў: «Такіх як мы, шмат у іншых добраахвотніцкіх батальёнах. Просім дапамогі ва ўкраінскіх уладаў у стварэнні легалізаванага дабравольніцкага батальёну, дзе будуць сабраныя ўсе замежныя добраахвотнікі, якія прыехалі бараніць цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы».

4 красавіка Палата прадстаўнікоў Беларусі ўнесла змены ў заканадаўства краіны да артыкула «наёмніцтва». Калі раней законам наймітамі лічыліся людзі, якія за ўдзел у вайне ў іншай краіне атрымлівалі грошы, то цяпер наёмнікамі могуць быць прызнаныя і людзі, якія ваявалі не за грошы, а па ідэйных матывах.

ДР, belsat.eu паводле guz.in.ua

Стужка навінаў