Беларускія бронемашыны «Кайман» знайшлі першага замежнага пакупніка – у Афрыцы


Браніраваная машына для выведкі і дыверсій «Кайман» беларускай распрацоўкі была заўважаная ўчора падчас парада ў гонар гадавіны незалежнасці Кот-дʼІвуара, які стаў такім чынам першым замежным замоўшчыкам «Кайманаў».
Беларусь ужо падазравалі ў пастаўках узбраенняў у гэтую краіну ў пачатку 2010-х гадоў, калі ў Кот-дʼІвуары ішла грамадзянскай вайна. Тагачасныя пакупнікі нашай зброі вайну прайгралі, аднак цяпер ужо новыя ўлады афрыканскай дзяржавы купляюць беларускую тэхніку.

Вырабляй сваё

Яшчэ ў пачатку 2018 года беларускія афіцыйныя ўстановы распавялі пра тое, што «адна з дзяржаў Афрыкі» купляе «Кайманы», аднак падрабязнасцяў не паведамлялася. Учора відэазапіс святочнага параду ў Кот-дʼІвуары развеяў сумневы, піша defence-blog.com.
Мабільны браніраваны транспартны сродак (МБТС) «Кайман» быў распрацаваны беларускім 140-м рамонтным заводам, які знаходзіцца ў Барысаве. Першы доследны ўзор тэхнікі быў выраблены шляхам пераробкі старой савецкай БРДМ-2 (браніраванай разведвальна-дыверсійнай машыны. Серыйныя машыны, як паведамляюцца, вырабляюцца «з нулю», у тым ліку з новым браніраваным корпусам.
Беларускія «Кайманы» на парадзе ў Кот-дʼІвуары. Фота defence-blog.com
Пасля выпрабаванняў у 2017 годзе «Кайман» быў афіцыйна прыняты на ўзбраенне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Каму вайна, а каму – толькі бізнес

Другая грамадзянская вайна ў Кот-дʼІвуары адбывалася ў 2010-2011 гадах, калі пачаліся вайсковыя дзеянні паміж Ларанам Гбагбай, які быў кіраўніком краіны з 2000 года, і Аласанам Ўаттарай. Кожны з палітыкаў абвесціў сябе пераможцам прэзідэнцкіх выбараў, але міжнародная супольнасць (ЗША, Еўразвяз, ААН) прызналі менавіта другога законным прэзідэнтам.
Менавіта падчас гэтай вайны ААН абвесціла эмбарга на пастаўкі зброі ў афрыканскую краіну. І тады ў прэсе зʼявіліся паведамленні, што Беларусь прадае баявыя верталёты войскам, якія былі верныя Гбагбе. Заклапочанасць гэтай меркаванай пастаўкай выказаў нават генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

«Кайман» на выпрабаваннях. Відэа 140-га рамонтнага заводу.
Гбагба вайну прайграў – яго арыштавалі французскія камандас. Зараз краінай кіруе Аласан Ўаттара, які быў пераабраны ў 2015 годзе, аднак, як мы бачым, старыя скандалы не замінаюць Беларусі прадаваць зброю ўжо новай уладзе.
Учора Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Ўаттара з дзяржаўным святам, адзначыўшы, між іншым, што Беларусь зацікаўленая ў «дасягненні значных практычных вынікаў ад супрацоўніцтва ў эканамічным, навукова-тэхнічным і іншых сектарах».

Амфібія з зубамі

«Кайман» можа быць узброены кулямётам ПКС калібру 7,62мм, буйнакаліберным кулямётам «Уцёс» калібру 12,7мм, 30мм гранатамётам АГ-17А/АГ-30С ці комплексам касмічнай сувязі. Акрамя гэтага там можа стаяць дыстанцыйна кіраваны баявы модуль «Адунок» таксама беларускай распрацоўкі.
Асаблівую ўвагу пры выпрабаваннях звярнулі на праверку жыццяздольнасці машыны і экіпажу. «Кайман» атрымаў узмоцненае супрацьміннае браніраванне, павялічылася лабавая браня. Машыну абстрэльвалі на палігоне са стралковай зброі – 7,62мм кулямёта Калашнікава, з 30мм аўтаматычнага гранатамёта, са снайперскай вінтоўкі СВД патронам СН са стальным сардэчнікам.
Пафарбаваны ў грозны чорны колер «Кайман» у складзе жандармерыі Кот-дʼІвуара на парадзе 7 жніўня 2018 г. Фота defence-blog.com
Атрымалася машына поўнай вагай не больш за 7 тон, якая мае хуткасць да 110км/г па шашы і запас ходу да 1 000 км. Хуткасць бранеаўтамабіля на плаву – да 8 км/г.
Беларускія вытворцы зброі лічаць, што «Кайман» добра сябе пакажа падчас разведвальных і дыверсійных аперацыяў, патрулявання, суправаджэння транспартных калонаў, міратворчых і паліцэйскіх аперацыяў, дзеянняў ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі.

Як мы зарабляем на зброі

У 2017 годзе экспарт прадукцыі прадпрыемстваў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту перавысіў $1 мільярда, паведаміў кіраўнік ведамства Алег Двігалёў. Паказчык вырас прыкладна на 15 адсоткаў у параўнанні з 2016 годам.
Па ягоных словах, Беларусь у 2016-2017 гадах увайшла ў 20-ку лідараў сусветнага экспарту ўзбраенняў. Пры гэтым у 2017 годзе вырасла і колькасць краін-пакупнікоў беларускай зброі – прыкладна да 70 краін з 60 годам раней.
Макет беларускага перспектыўнага ўдарнага беспілотніка «Буравеснік». Фота bsblog.info
Беларускі ваенна-прамысловы комплекс відавочна развіваецца, што зʼяўляецца адназначна добрай навіной – гэта не проста прыбытак для дзяржаўнага бюджэту і новыя працоўныя месцы, але і развіццё тэхналогій, кадраў, скарачэнне патрэбы ў ваенным імпарце. З іншага боку праблемай, здаецца, як і ва ўсім беларускім экспарце, дыверсіфікацыя.
Неафіцыйна расейскія эксперты кажуць, што прыкладна палова – $500 мільёнаў беларускага ваенна-прамысловага экспарту праходзіцца на Расею, паведамляе партал Belarus Security Blog.
Пры гэтым беларускія сілавыя структуры не маюць дастатковага фінансавання для адэкватнага тэхналагічнага развіцця, каб забяспечыць найдзейны ўнутраны попыт на прадукцыю айчынных збройнікаў, адзначаюць эксперты Belarus Security Blog.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары