Беларускія бізнесоўцы на саміце ў Рызе: Трэба забыцца пра палітыку і зарабляць грошы


Афіцыйны Менск працягвае спробы пазбавіць «Усходняе партнёрства» палітыкі і перавесці яго ў выключна эканамічны фармат.

Усходняе партнёрства – гэта не толькі палітыка, гэта і грошы. І чым больш палітыка краіны адкрытая, тым больш яна здольная зарабіць. Пра гэта казалі ўдзельнікі бізнес-форуму ў межах рыжскага саміту. Забыцца пра палітыку і зарабляць грошы па-над ёю прапаноўвалі беларускія бізнесоўцы. Падрабязнасці – у чарговым сюжэце са сталіцы Латвіі.

Бізнес па-над палітыкай – гэта адна з улюбёных мантраў афіцыйнага Менску. Пра патрэбу падпарадкаваць эканоміцы і «Усходняе партнёрства» зусім нядаўна на сустрэчы з еўракамісарам Ёганэсам Ганам казаў і аўтар гэтай мантры – Аляксандр Лукашэнка.

На практыцы гэта азначае: мы не спыняем рэпрэсіяў супраць дысідэнтаў, трымаем у турмах палітвязняў, не прымаем прапановаў адносна дэмакратызацыі, а вы, Еўропа, гандлюеце з намі без умоваў і прэтэнзіяў. Але нават калі на хвіліну ўявіць, што Еўропа заплюшчвае вочы на аўтарытарную палітыку кіраўніцтва Беларусі, то бар’ераў для нармальных бізнес-кантактаў і без таго мора. Гэта бюракратыя і недасканаласць заканадаўства. Бяда ў тым, што гэтага не бачаць самі беларускія прадпрымальнікі, якія прынялі ўдзел у бізнес-форуме.

«Такіх крытычных рэчаў няма. Мы прыбралі бар’еры на мяжы, мы прыбралі пытанні афармлення транспартных плыняў. Таму я б сказаў, што няма чагосьці, што трэба рэвалюцыйна змяніць. Трэба працаваць, а калі з’яўляюцца нейкія перашкоды, іх трэба ліквідоўваць», – кажа гендырэктар Рэспубліканскага саюзу наймальнікаў Сяргей Жарнікаў.

Але цяжка пазбывацца перашкодаў, калі ты іх не заўважаеш альбо свядома ігнаруеш. У Беларусі да сённяшняга дня няма базавага гандлёвага пагаднення з Еўразвязам.

«Дасюль паміж Беларуссю і ЕЗ адносіны рэгулююцца даўнейшым савецкім з 1989 года пагадненнем пра гандаль.Гэта ўвогуле выглядае нонсенсам», – адзначае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.

Усе астатнія краіны «Усходняга партнёрства» маюць прынамсі базавае пагадненне пра супрацоўніцтва. Грузія, Малдова і Украіна ўжо ўніфікоўваюць свае законы з еўрапейскімі і знішчаюць апошнія бар’еры ў бізнесовых кантактах з Еўропаю ды, зразумела, зарабляюць на гэтым.

Прытым, што сярод усіх краінаў «Усходняга партнёрства» ў Беларусі самая нізкая эфектыўнасць засваення дапамогі Еўразвязу, у 2006-2012 гадах наша краіна атрымала ад Еўразвязу ажно $ 755 млн дапамогі. Да 2020 года на сацыяльныя, экалагічныя і іншыя праекты Менск атрымае чарговыя сотні мільёнаў. Гэтая сума магла б быць значна большай. Для гэтага трэба зменшыць колькасць узгадняльных органаў, антызаходнія настроі чыноўнікаў і вялікую бюракратыю.

Стужка навінаў