Беларускія аптэкі рыхтуюцца да павышэння коштаў амаль на ўсё


У Беларусі чакаецца павышэнне коштаў на лекі.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Падаражэння медыкаментаў варта чакаць у лютым. Кошты падскочаць на 10 %, паведамляе TUT.BY.

Прадстаўнікі аптэчных сетак кажуць, што праз павышэнне стаўкі ПДВ вырастуць цэны на большасць пазіцыяў. Адмыслоўцы раяць асобам з хранічнымі хваробамі і тым, каму стала трэба прымаць прэпараты, набыць іх у студзені да падаражэння.

З 1 студзеня чыноўнікі паднялі стаўкі падатку на дададзеную вартасць на ўвоз і продаж лекаў ды медычных вырабаў, а на ўвезеныя да гэтага года прэпараты трэба перагледзець кошты да 1 лютага. Аптэчныя сеткі адзначаюць, што маюць намер «цягнуць да апошняга» з павышэннем, то бок да пачатку лютага.

«Гэта лагічна: навошта спяшацца павышаць кошты праз ПДВ, калі ёсць магчымасць пакуль гэтага не рабіць», – распавялі ў адной з аптэчных сетак.

Удзельнікі рынку кажуць, што падаражэе большасць лекаў і медычных вырабаў.

«Згодна з прынятым законам, з 1 студзеня на лекавыя сродкі і медычныя вырабы, што ўвозяцца, ПДВ падвысіцца на 10 %. У тым ліку і на некаторыя дзіцячыя тавары аптэчнага асартыменту стаўка ПДВ павышаецца з 10 да 20 %», – удакладнілі ў прэс-службе холдынгу «Аптэка груп».

У астатнім сістэма цэнаўтварэння на фармацэўтычным рынку не змянілася, кажуць у «Аптэка груп»: «Цэны на лекавыя тавары ды медычныя вырабы ў Беларусі фармуюцца строга на падставе ўказу № 366. Ён абмяжоўвае выкарыстанне агулавых і раздробных надбавак паводле рэгрэсіўнай шкалы: чым вышэйшая адпускная цана, тым ніжэйшая павінна быць надбаўка».

Удзельнікі рынку прагназуюць рост коштаў на паслугі медычных цэнтраў, дзе выкарыстоўваюцца лекі і медычныя вырабы.

У адной з стаматалагічных клінік прывялі прыклад: каля 30 % ад кошту пломбы прыпадае на медыкаменты і сыравіну. Калі пломба каштуе, дапусцім, 120 рублёў, то яе кошт можа вырасці да 8 рублёў.

Таксама чакаецца рост коштаў на аналізы і абследаванні, бо змены па падатку закрануць і дыягнастычныя ды лабараторныя рэагенты, што ўвозяцца ў краіну.

ММ belsat.eu

Стужка навінаў