Беларускіх сапёраў могуць накіраваць у Сірыю, – крыніца


фота AP

Як стала вядома belsat.eu ад крыніцы з афіцэрскага складу ўзброеных сіл, беларускіх сапёраў могуць камандзіраваць у Сірыю для размініравання аб’ектаў.

Паводле слоў крыніцы, якая пажадала захаваць ананімнасць, спецыялістаў з інжынерных войскаў збіраюцца ў бліжэйшым часе накіраваць у гэтую гарачую кропку, але афіцыйнага загаду пакуль не паступала.

«Падчас адзначэння Дня інжынерных войскаў 21 студзеня ў Менску адзін з камандзіраў сказаў, што «наверсе» прасілі выдзеліць размінёраў у Сірыю. Гэта было на ўзроўні нефармальнай прыватнай гутаркі паміж афіцэрамі. Але я лічу, што, калі будзе загад з міністэрства, выбраных людзей туды загоняць», – кажа крыніца.

Таксама крыніца звяртае ўвагу на тое, што раней беларускія спецыялісты ўжо працавалі ў Сірыі на тэхнічным абслугоўванні комплексаў супрацьпаветранай абароны. Імаверна, гаворка ідзе пра комплексы С-300.

«Тады яны ехалі не па кантракце, паездка была аформленая як камандзіроўка. Ведаю дакладна, бо гэта былі людзі з маёй часткі. Думаю, гэтым разам будзе аналагічна», – дадае наш суразмоўца.

Прэс-служба Мінабароны Беларусі сітуацыю не каментуе, ва Упраўленні інжынерных войскаў звесткі пра камандзіроўку ў Сірыю не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.

Эксперт: «Прысутнасць беларускіх сапёраў у Сірыі магчыма з персанальнага дазволу Лукашэнкі»

Ваенны эксперт і журналіст Аляксандр Алесін лічыць, што гэтыя звесткі могуць цалкам адпавядаць рэчаіснасці.

«Размініраванне не належыць да ваенных аперацый, гэта міратворчая дзейнасць. Яна аналагічная той, якую вядзе кантынгент ААН. Многія краіны маюць адпаведныя мандаты, у тым ліку Беларусь. Калі нашыя міратворцы будуць дасланыя ў Сірыю па лініі ААН, то ім абавязкова павінны будуць выплаціць суму, якая пакрые рызыку», – тлумачыць эксперт.

Паводле Алесіна, гаворка ідзе пра размініраванне гарадской забудовы, такой, як у Алеппа і іншых буйных гарадах з важнымі аб’ектамі інфраструктуры.

«У гарадах цяпер засталася вялікая колькасць мін, якім не могуць даць рады мясцовыя і расейскія сапёры. Таксама верагодна, што там будуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых краін АДКБ», – гаворыць Алесін.

«Калі гэта будзе не пад эгідай ААН, значыць, на падставе міжурадавага пагаднення паміж Дамаскам і Менскам. У любым выпадку для камандзіроўкі беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю іншай дзяржавы неабходны персанальны дазвол галоўнакамандуючага», – рэзюмаваў ён.

***

Падчас узброенага супрацьстаяння ў Лівіі ў 2011 годзе ў сеціва траплялі згадкі пра беларускіх вайскоўцаў, што ваявалі на баку Кадафі. Аднак Мінабароны гэтыя чуткі тады зняпраўдзіла.

Яшчэ раней, у 2008, афіцыйны Менск абвясціў пра намер дапамагчы Венесуэле ў стварэнні сістэмы СПА і накіраваць туды спецыялістаў з Беларусі.

Што тычыцца Сірыі, то размовы аб накіраванні туды беларускіх вайскоўцаў пачаліся яшчэ летась. У мінулым чэрвені Расея звярнулася да краін СНД, у тым ліку да Беларусі, з пытаннем аб магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі.

Але гаворка тады ішла пра кантынгент назіральнікаў, а не пра вайсковы кантынгент. Пры гэтым у МЗС Беларусі пазней заявілі, што Менск пакуль не атрымліваў афіцыйнай прапановы ад Расеі накіраваць сваіх назіральнікаў у Сірыю.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары