Беларускіх міратворцаў не будзе на Данбасе


Спачатку Кіеў, а праз два гады і Масква. Абедзве краіны бачаць сэнс ва ўвядзенні міратворцаў ААН на Данбас. Праўда, кожная сталіца ўяўляе місію па-свойму. Хто мог бы забяспечыць мір на ўсходзе Украіны, якімі сіламі? Колькі міратворцаў трэба для місіі на Данбасе? Чаму там не зʼявяцца беларускія вайскоўцы?

Расея ў асобе прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна неспадзявана ўхваліла ўвядзенне міратворчага кантынгенту на Данбас.

«Наяўнасць міратворцаў ААН, нават не міратворцаў, а тых людзей, якія гарантуюць бяспеку назіральнай місіі АБСЕ на Данбасе, лічу цалкам дарэчнай і не бачу тут нічога дрэннага», – сказаў Уладзімір Пуцін

прэзідэнт Расеі.

І запрацавала крамлёўская машына… Прэс-сакратар Пуціна Уладзімір Пяскоў у той жа дзень удакладніў, што прэзідэнт ніколі не быў супраць увядзення міратворцаў на Данбас. А Міністэрства замежных справаў Расеі аператыўна накіравала ў ААН праект рэзалюцыі аб міратворцах на ўсходзе Украіны.

Але менавіта Расея апошнія два гады катэгарычна адмаўлялася размаўляць пра міратворцаў. У 2015 годзе тагачасны сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін казаў, што гэта супярэчыла б Менскім дамоўленасцям. Кіраўнік расейскай дыпламатыі таксама быў супраць:

Журналіст: «Калі такая гісторыя дойдзе да Рады Бяспекі ААН – як прагаласуе Расея?»

Лаўроў (выдых): «Мы нават галасаваць не будзем!»

Цяпер жа Масква лічыць інакш. Услед за Крамлём меркаванне змяняюць і ўлады самаабвешчаных ЛНР і ДНР.

«Лічым, што ёсць рацыянальнае зерне ў гэтай прапанове. Вядома, трэба гэта дадаткова абмяркоўваць», – кажа Дзяніс Пушылін, кіраўнік народнага савету ДНР.

Чаму ў Крамлі, пасля двух гадоў блакавання гэтае ідэі нечакана вырашылі змяніць стратэгію.

«У кастрычніку мінае трохгадовы тэрмін украінскага закону пра выключны статус самаўрадавага кіравання асобных тэрыторыяў Луганскай і Данецкай вобласцяў. Адпаведна, калі гэты статус больш не дзее, то Украіна мае ўсе юрыдычныя і палітычныя падставы змяніць трактоўку гэтых тэрыторыяў», – сказаў Дмытро Снегіроў з

грамадскай ініцыятывы «Права справа».

Адметна, што першым, яшчэ ў 2014 годзе, гатовасць выслаць свае войскі ў якасці міратворцаў на ўсход Украіны выказаў прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Беларускі бок прапанаваў увядзенне міратворцаў паводле мандату ААН падчас размоваў «Менск-2». Да гэтага Аляксандр Лукашэнка паспяхова «прадаў» беларускую сталіцу ў якасці зручнай усім пляцоўкі для перамоваў пра Украіну. Верагодна, акрамя пасіўнай ролі, Менск бачыць сябе яшчэ і актыўным міратворцам.

«Юрыдычна такая магчымасць ёсць – перадусім згодна з беларускай прававой базай і мандатам ААН, кіраўніцтва Беларусі мае права прыняць такое рашэнне. Гэта магчыма і з вайсковага гледзішча. У нас ёсць міратворчая рота ў сілах спецыяльных аперацыяў, падрыхтаваная да такога кшталту місіяў», – разважае Юрый Царык з Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Але колькі б міратворцаў спатрэбілася, каб забяспечыць аперацыю? Мы запыталіся пра гэта ў былога ўкраінскага вайскоўца, які браў удзел у міратворчых місіях у Харватыі і Чарнагорыі ў 90-тыя, у Іраку ў сярэдзіне 2000-ых, а таксама ў шэрагу афрыканскіх краінаў.

«Гэта ўсё вядомыя факты. Калі гэта міратворчая аперацыя, то ўсё залежыць ад кіламетражу. Кожнае падраздзяленне – у залежнасці, ці гэта батальён, ці рота – мае гэта прапісанае ў статутах. Рота – 5 кіламетраў, батальён – 15-ць…»

Такім чынам, каб цалкам ахапіць абедзве акупаваныя вобласці, патрэбна каля 25-ці тысяч жаўнераў, што параўнальна з аперацыяй ААН у Самалі ў 1995 годзе, якая каштавала дзясяткі мільярдаў долараў. Няма гаворкі пра тое, каб Беларусь нават у супрацы з Казахстанам адолела такую задачу. Да таго ж існуе і палітычны аспект.

«Яшчэ ў 2015 годзе, калі ўпершыню прагучала заява Парашэнкі пра міратворчую аперацыю, было заяўлена, што ў якасці міратворцаў не могуць выступаць ні расейскія, ні беларускія войскі. Толькі краіны Захаду», – кажа Дмытро Снегіроў з грамадскай ініцыятывы «Права справа»

На што не пагодзіцца Масква… Сапраўдная мэта Крамля ў гэтай гульні – аддзяліць Данбас ад рэшты Украіны чужымі рукамі – буфернай зонай міжнароднага кантынгенту. Кіеў жа мае супрацьлеглую задачу – закрыць мяжу паміж самаабвешчанымі рэспублікамі і Расеяй. А таму нават калі абодва бакі пагаджаюцца, што міратворцы патрэбныя, кажуць яны пра абсалютна розныя рэчы.

Ігар Кулей belsat.eu

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет»

Як «Захад-2017» забірае ў краіны самастойнасць.

Што палкоўнік КДБ сказаў лідару «Белага легіёну»?

Стужка навінаў