Беларускі журналіст лічыць, што яго могуць забіць расейскія спецслужбы – і робіць заяву з гэтай нагоды


Рэдактар беларускай службы міжнароднай выведвальнай супольнасці «InformNapalm» Дзяніс Івашын заяўляе аб псіхічным і фізічным здароўі і адсутнасці суіцыдальных схільнасцяў.

Паводле Дзяніса Івашына, некаторыя расейскія рэсурсы ўжо месяц вядуць прапагандысцкую кампанію з мэтай ачарніць і дыскрэдытаваць ягонае імя. За ёй могуць стаяць расейскія спецслужбы, лічыць журналіст.

Каб «зменшыць магчымасць выкрадання або забіцця расейскімі сілавікамі», Івашын заяўляе, што не плануе наведваць тэрыторыю Расеі да поўнай ліквідацыі пуцінскага рэжыму.

«Ня маю аніякіх суіцыдальных схільнасцяў. Фізічна і псіхічна здаровы. Свае жыццё вельмі люблю і шаную, значную частку якога прысвячаю менавіта ўзмацненню нацыянальнае бяспекі Беларусі, бачу ў гэтым сваю ролю як журналіста і жыццёвую місію як патрыёта», – працягнуў Івашын.

«Расейская інфармацыйная аперацыя супраць мяне адбываецца на фоне значнага абвастрэння расейска-беларускіх дачыненняў, адклікання амбасадара РФ Бабіча, гандлёва-эканамічнай вайны, непрыхаваных памкненняў Расеі канчаткова паглынуць Беларусь пад прыкрыццём паўнавартаснага разгортвання праекту Саюзнай дзяржавы. Маем наўпроставую пагрозу страты суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Агрэсіўныя дзеянні РФ супраць маёй асобы – толькі адзін з мноства крокаў рэалізацыі гэтай пагрозы», – дадаў журналіст.

Паводле Івашына, расейская дэзынфармацыя ў ягоны бок – найлепшы паказнік ягонай эфектыўнасці й паспяховасці. Таму журналіст абяцае не спыняць сваю дзейнасць.

«InformNapalm» – украінскі праект па інфармаванні замежных чытачоў пра расейскія вайсковыя дзеянні ўва Украіне, а таксама Сірыі. Удзельнікі праекту асвятляюць падзеі на 30 мовах, сярод якіх і беларуская. Дзяніс Івашын – перакладчык і рэдактар беларускай старонкі праекту.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў