Беларускі сектар IT будзе імкліва расці. За кошт падатковых ільготаў


Топ-менеджары менскага Парку высокіх тэхналогіяў лічаць, што да 2019 году колькасць супрацоўнікаў у іх кампаніях заўважна вырасце.

Цягам году міжнародная кансалтынгавая кампанія Ernst & Young праводзіла інтэрв’ю з топ-менеджарамі беларускага сектару IT і збірала статыстычныя звесткі. У выніку аналітыкі падрыхтавалі грунтоўны прагноз развіцця беларускай галіны інфармацыйных тэхналогіяў на бліжэйшыя гады.

Самы вядомы ў свеце прадукт беларускай ІТ-індустрыі. Фота wikimedia.org

Згодна са справаздачаю, сектар інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогіяў у Беларусі пакуль не складае вялікай долі нацыянальнай эканомікі: усяго 2,2 % нацыянальнай працоўнай сілы ў ім вырабляюць 5,1 % валавога ўнутранага прадукту.

У айчынным сектары ІКТ агулам занятыя больш за 85 тысячаў чалавек, а ўласна распрацоўваюць ІТ-прадукты і паслугі каля 34 тысячаў асобы. На 2015 год дзве траціны з іх працавалі ў кампаніях, якія зарэгістраваныя ў Парку высокіх тэхналогіяў.

Поспех і ільготы

Сегмент прадукцыі і паслуг IT развіваецца ў Беларусі вельмі хутка – толькі за апошнія 5 гадоў іх экспарт рос з сярэднегадавым тэмпам 28,4 %. Асноўную частку экспартнай прадукцыі і паслуг, якія вырабляюцца ў Беларусі, ствараюць у Парку высокіх тэхналогіяў.

Менавіта арганізаваны ў 2006 годзе ПВТ, па меркаванні аналітыкаў, адыграў ключавую ролю ў хуткім развіцці ІТ-індустрыі ў Беларусі: кампаніі, якія ў ім зарэгістраваныя не плацяць большасці падаткаў, у тым ліку падатак на дадатную вартасць і падаходны падатак, а супрацоўнікі плацяць падатак на асабісты даход на 30 % меншы, чым у эканоміцы ў цэлым.

«Дзякуючы ПВТ Беларусь змагла пабудаваць спелую індустрыю распрацоўкі праграмнага забеспячэння, якая арыентуецца на экспарт, і зрабіцца значным гульцом на рынку ІТ-паслуг у Еўропе ўсяго за 10 гадоў», – адзначаецца ў 118-старонкавым дакладзе.

Цэнтры распрацоўкі Viber знаходзяцца ў Беларусі і Ізраіле. Фота flickr.com

Пры гэтым, калі адабраць ільготны падатковы рэжым ПВТ у беларускіх праграмістаў, то на фоне іншых краін беларускія ІТ-кампаніі будуць у горшым становішчы – будуць прайграваць канкурэнтную барацьбу.

Можа быць варта ільготны рэжым пашырыць на ўсю беларускую эканоміку?

Адукаваны народ

Яшчэ адна прычына паспяховасці беларускага ІТ-сегменту – высокі ўзровень адукацыі працоўнай сілы, прычым доля людзей з вышэйшай адукацыяй у індустрыі расце. Паводле даступнасці вышэйшай адукацыі Беларусь у рэйтынгу Сусветнага банку займала ў 2014 годзе 2-е месца – у выніку міжнародным і мясцовым кампаніям ёсць сярод каго набіраць сабе супрацоўнікаў.

«Супраца паміж дзяржаўнай адукацыйнай сістэмай і кампаніямі ІТ-індустрыі забяспечыла высокія тэмпы развіцця цягам апошніх 15 гадоў», – пішуць аналітыкі.

Фота з сайту курсаў навучання праграмістаў у Беларусі

У той жа час хутка Беларусь адчуе дэмаграфічную яму сярэдзіны 1990-х–пачатку 2000-х гадоў, ужо цяпер скарачаецца колькасць беларускіх студэнтаў і выпускнікоў – у тым ліку на ІТ-спецыяльнасцях. У 2020 годзе іх можа быць на 20–30% менш, чым цяпер, адзначаюць аўтары справаздачы.

Лепш, чым «папіццот»

Сярэднія месячныя заробкі ў беларускай ІТ-індустрыі значна большыя, чым у краіне ў цэлым – яны рэгулярна растуць нават у даляравым вызначэнні. Калі ў ПВТ яны складалі ў 2013 годзе $1 674 на чалавека, то зараз больш за $ 2 000, а ў 2020 годзе, як прагназуецца, дарастуць і да $ 2 400.

Несумненна, гэта адбіваецца і на папулярнасці адпаведных спецыяльнасцяў сярод моладзі – што будзе дапамагаць вырашаць праблему з пошукам новых спецыялістаў. Увогуле ж колькасць супрацоўнікаў ІТ-сектара расла ў сярэднім на 19 % у год з 2010 па 2016 год, адзначаюць аўтары дакладу.

EPAM Systems мае ў Беларусі 8 000 супрацоўнікаў. Фота з сайту кампаніі

Большасць апытаных топ-менеджараў Парка высокіх тэхналогіяў лічаць, што да 2019 году колькасць супрацоўнікаў у іх кампаніях заўважна вырасце. Прычым 14 % рэзідэнтаў ПВТ лічаць, што іхная працоўная сіла вырасце больш чым у паўтары разы.

Арыентацыя на Захад і рост

Аналітыкі чакаюць, што толькі ПВТ будзе атрымліваць у 2020 годзе $ 1,3-1,4 млрд выручкі, а колькасць супрацоўнікаў у ім будзе расці на 15-20% у год. Такім чынам у 2020 годзе ў ПВТ будуць працаваць 36-40 тысячаў.

Пры гэтым, калі агулам беларускі экспарт прыкладна на 45 % арыентаваны на Расею, ІТ-індустрыя амаль цалкам завязаная на гандаль з ЗША і Еўразвязам. Доля краінаў СНД у экспарце ПВТ складала толькі каля 11 %, ды і тая скарацілася ў 2016-ым да 5,3 % з-за эканамічных праблемаў у Расеі.

У той жа час большасць рэзідэнтаў ПВТ не сканцэнтраваныя у прагрэсе ад выконвання чужых замоваў да стварэння ўласнага прадукту – толькі 12 % менеджараў назвалі гэта значным прыярытэтам для сябе.

Справаздача сведчыць, што большасць кіраўнікоў кампаніяў у беларускім ІТ не хоча рызыкаваць, а засяроджваецца проста на пошуку новых кліентаў і паляпшэнні ўнутраных працэсаў.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў