Беларускі рэжысёр атуліўся дываном пасля ўручэння галоўнага прызу кінафестывалю ў Эстоніі


Андрэй Куціла (першы злева) пасля ўзнагароджання на Міжнародным фестывалі дакументальнага і антрапалагічнага кіно ў Пярну. Фота з афіцыйнай старонкі фестывалю

Галоўны прыз XXXIII Міжнароднага фестывалю дакументальнага і антрапалагічнага кіно ў Пярну атрымала стужка «Сума» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы.

У абгрунтаванні журы гаворыцца, што ўзнагароду прысудзілі «за найлепшае артыстычнае выкананне і вельмі важны пасыл».

Падчас уручэння галоўнага прызу кінафестывалю ў Эстоніі беларускаму рэжысёру падарылі традыцыйны дыван, зроблены рукамі.

«Самы асаблівы падарунак, які я калі-небудзь атрымліваў – насценны дыван/коўдра, – напісаў Андрэй Куціла у «Фэйсбуку». – Яго спляла Хрысці Кют паводле матываў заходне-эстонскіх вясельных коўдраў».

«Сума» – польскае кіно ад беларускіх аўтараў

Галоўныя героі «Сумы» – 91-гадовы польскі мастак Анджэй Струміла і маладая беларуская мастачка Марыя. Анджэй жыве ў маленькай вёсцы на Падляшшы ў атачэнні сабакаў, арабскіх конях, якіх мужчына сам гадуе, ды лесу. Ён вядзе сціплы і самотны пасля смерці жонкі лад жыцця, малюе, піша вершы. Марыя, будучы ў захапленні ад творчасці мастака, прыязджае да яго ў госці.

Назва фільму паходзіць ад кніжкі Струміла.

«У яго ёсць кніжка, дзе ён як бы падсумоўвае сваю творчасць, плюс гэта сума – як сумаванне пэўных рэчаў», – распавядаў Андрэй Куціла «Белсату» пасля перамогі фільму на фестывалю IDFA у Нідэрландах, дзе адбылася сусветная прэм’ера стужкі.

Ідэя «Сумы» належыць мастацтвазнаўцы Таццяне Бембель, якая пазней стала сааўтаркай сцэнару. Мастацкім кіраўніком фільму быў вядомы польскі дакументаліст Яцэк Блавут. Фінансава фільм падтрымаў Польскі кінаінстытут, Польскае тэлебачанне і Падляшскае ваяводства.

Пасля шэрагу паказаў «Сумы» на сусветных фестывалях стужку чакае тэлевізійная прэм’ера. Аднымі з першых яе змогуць паглядзець гледачы «Белсату» – наш канал таксама браў удзел у стварэнні фільму.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў