Беларускі нацыянальны кангрэс: Рэферэндум аб змене Канстытуцыі – злачынства

ВІДЭА

Менчукі выказваюцца пра магчымы рэферэндум

Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) выступіў з заявай наконт магчымага рэферэндуму.

Заяву (у тэксце напісана, што гэта «папярэджанне») апублікаваў на сваім «Фэйсбуку» адзін з лідараў БНК Мікола Статкевіч:

«24 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступае перад абедзвюма палатамі «Нацыянальнага сходу». Як нам стала вядома з розных крыніц, у тым ліку з крыніцы ўнутры ўлады, ён мае намер агучыць пытанні на ўжо анансаваны ім «рэферэндум» па змене Канстытуцыі. Асноўнае пытанне – змена Артыкула 81 Канстытуцыі РБ, у якім запісана: «Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь».

Лукашэнка прапануе павялічыць прэзідэнцкі тэрмін да сямі гадоў, пачаўшы ягоны адлік з дня правядзення «рэферэндуму».

Каб адцягнуць увагу грамадства ад спробы забяспечыць сабе яшчэ 10 гадоў бескантрольнай улады нават без звычайнага «выбарчага» спектакля, Лукашэнка збіраецца вынесці на «рэферэндум» іншыя пытанні – у тым ліку пытанне адмены смяротнага пакарання. Але гэта ўсяго толькі дымавая завеса над пытаннем пра ўладу, якую Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ад 1999 года.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы «рэферэндум» па змене Канстытуцыі, мэта якога – пажыццёвая ўлада дзейнага кіраўніка краіны, як дзяржаўнае злачынства, да перадухілення якога мы будзем заклікаць усё грамадства, падымаць увесь народ.

І мы не спынімся ў гэтым ні праз якія пагрозы, бо пажыццёвая ўлада чалавека, які трымае краіну ў палітычным і эканамічным застоі, гэта наўпроставая пагроза жыццю Беларусі.

БНК з’яўляецца прыхільнікам як мірных перамен, так і мірных пратэстаў супраць дзеянняў улады, якія замінаюць пераменам, але амаральныя, цынічныя паводзіны Аляксандра Лукашэнкі, скіраваныя выключна на ўласныя інтарэсы, могуць прывесці да выбуховых працэсаў і вострага грамадзянскага канфлікту з непрадказальнымі наступствамі.

Трыванне народа не бясконцае, таму раім дзейнаму кіраўніку краіны здзейсніць учынак не дзеля сябе, а дзеля Беларусі, «любоў» да якой ён выяўляе, год за годам гвалтуючы яе. Раім адмовіцца ад небяспечных гульняў, пагадзіцца на ўнутрынацыянальны дыялог і вярнуць уладу таму, каму яна насамрэч належыць: народу.

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!»

Пра магчымае правядзенне рэферэндуму аб змене Канстытуцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла 4 красавіка. Паводле яе, рэферэндум могуць падрыхтаваць за 70 дзён і правесці на «пазабюджэтныя сродкі».

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары