Беларускі найміт, які паехаў на пабыўку да мамы на Гарадзеншчыну: Забіў у ДНР 150 чалавек


І цяпер пра беларусаў, якія едуць забіваць сваіх славянскіх братоў ва Украіне. А з імі ў Сінявокую трапляе зброя, боепрыпасы, а самае галоўнае – небяспека для кожнага з нас. Нарэшце да справы прыгледзіўся Аляксандр Лукашэнка. І нашыя суайчыннікі, што сталі прарасейскімі баевікамі, маюць адказваць з усёй суровасцю закону.

Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй вырашыла праверыць 16 беларускіх грамадзянаў, якіх падазраюць ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на Данбасе. На гэты раз размова не толькі пра беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну, але і аб чальцах ДНРаўскіх і ЛНРаўскіх груповак. Крымінальных справаў пакуль не распачалі. Пра беларусаў з прарасейскімі поглядамі паклапаціліся толькі пасля загаду зверху.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Баевікі ды іншыя, што ваявалі ў Данбасе, пазуюць ужо ў Менску са зброяй… Таму разбірайцеся імгненна, разам з міліцыяй і КДБ. Ніякіх пазёраў і ніякіх баевікоў у краіне быць не мусіць».

Заява прагучала напярэдадні падчас нарады на тэму дзяржаўнай мяжы з Украінай. З Расеяй мяжа празрыстая, таму «пазёры са зброяй» спакойна ездзяць у Беларусь адтуль. І выстаўляюць у сацыяльныя сеткі фатаграфіі то з Менску, то з Данецку.

«Мы знаходзімся пад Данецкам. Выведка!».

А гэтае відэа «Белсату» прапанаваў гарадзенец, што падвёз цікавага спадарожніка. Хлопец прадставіўся Аляксеем, наймітам-спецназаўцам з 10-й асобнай брыгады ГРУ, што ў Краснадары. Па дарозе беларус-баявік распавёў і пра ваеннае жыццё, і як ездзіць да мамы на Гарадзеншчыну.

«– Нас паціху цяпер шчымяць. У вышуку мы…

– КДБ?

– Так.



– Ты колькі людзей забіў?

– Не падлічваў.

– А прыкладна?

– Чалавек 150.

– З чаго?

– З СВД-16 забіў 20 чалавек».

Адзін з беларусаў-баевікоў даслужыўся ў бутафорскай рэспубліцы да даволі высокага чыну. Яўгеній Конанаў, былы дэсантнік з Марʼінай горкі, стаў падпалкоўнікам і замкамбрыгам мотастралковай брыгады.

ЯЎГЕНІЙ КОНАНАЎ, ПАДПАЛКОЎНІК «РЭСПУБЛІКАНСКАЙ ГВАРДЫІ ДНР»:

«Урачыста прысягаю памнажаць славу злучэння пад сцягам якога іду ў бой».

Вось толькі на днях Конанава забілі ў Данецку. «Белсат» адшукаў сябра забітага падпалкоўніка ДНР. Жыў Конанаў вось у гэтым доме на Дняпроўскім бульвары. Але жыццё не задалося.

ВІТАЛІЙ ШЭЙНІН, СЯБАР ЯЎГЕНІЯ КОНАНАВА:

«Пасля войска, малады, зрабіў крадзеж і яго трошкі асудзілі. Пасля суду ён прыйшоў у 98-м годзе, не мог знайсці працу. Так мы з ім зʼехалі на Маскву».

З Масквы Конанаў і адправіўся ваяваць за пашырэнне Расеі. Матывы самыя матэрыяльныя.

ВІТАЛІЙ ШЭЙНІН, СЯБАР ЯЎГЕНІЯ КОНАНАВА:

«Любоў прыходзіць і сыходзіць, а кушаць хочацца ўсігда».

Але хапае і ідэалагічных прыхільнікаў сепаратызму. Адна з самых вядомых беларусак-баевікоўснайперша Наталля з Барысава.

НАТАЛЛЯ КРАСОЎСКАЯ, СНАЙПЕР ДНР З БАРЫСАВА:

«Мне надакучыла падтрымліваць апалчэнне праз інтэрнэт».

Вайна на Данбасе ідзе амаль 2 гады. І ўвесь гэты час у Беларусі спакойна дзейнічаюць казацкія суполкі, што вучаць падлеткаў ваяваць у беларускіх балотах пад песні пра вялікую і магутную Расею.

ПЁТР ШАПКО, КІРАЎНІК «КАЗАЦКАГА СПАСУ»:

«Гэта заняткі і па рукапашным баі, і стральба з пісталета, і з пнеўматычнай вінтоўкі… Дзяржава не ставіць нейкіх перашкодаў у гэтым, і ёсць розныя рычагі і магчымасці, прадугледжаныя заканадаўствам, каб такія людзі, як у нас, маглі працаваць».

Гэтая практыка зʼявілася не цяпер. Ідэалагічна падрыхтаваныя «казацкія дзеці» паспелі ўжо адслужыць ва Унутраных Войсках ды вайсковым спецназе ў Марʼінай Горцы. Цяпер некаторыя з іх ваююць на Данбасе за Расею. А ў Беларусь прыязджаюць да мамы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў