Руслан Шошын Беларускі міліцыянт не паедзе працаваць у Польшчу

Журналіст польскай газеты «Rzeczpospolita»

Каб атрымаць сярэдні па краiне заробак польскi паліцыянт мусiць прайсці шэсць ступеняў у іерархіі мясцовай паліцыі. У Беларусі хопіць атэстату і службы ў арміі.

Кіраўнік Беларусі наведаў у пятніцу (13 снежня) Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт. Сустракаючыся з будучымі дактарамі, ён паведаміў: нікуды беларускія медыкі не выязджаюць, а, наадварот, вяртаюцца з-за мяжы дамоў. Маўляў, там працуюць цэлыя содні. «Мы народ распесцілі», – прыйшоў да высновы Лукашэнка. Прайшоўся па незалежных медыях, якія «сядзяць у Польшчы ды Літве» і, на ягоную думку, «мусіруюць гэтае пытанне». Кіраўнік краіны сцвярджае, што ўсё робіцца, каб «перацягнуць туды беларускіх спецыялістаў».

Польшча чакае беларускіх лекараў? Праўда і міфы

Давайце ж паспрабуем перацягнуць у Польшчу беларускіх міліцыянтаў. Тэлефаную ў прэс-службу МУС Беларусі і запытваю, дзе можна на сайце ведамства знайсці інфармацыю пра заробкі міліцыянтаў у залежнасці ад колькасці зорачак на пагонах, пасады і выслугі.

«Вы такой інфармацыі не знойдзеце, такая інфармацыя не публікуецца і не агалошваецца ў Беларусі», – адказвае мне прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. Шкада.

Супрацоўнікі АМАПу каля амбасады Расеі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Сапраўды, інфармацыі пра заробкі ў МУС мы не знойдзем у афіцыйных крыніцах. Адзінае, пра што можна лёгка даведацца, – колькі ў Беларусі зарабляе звычайны працаўнік Дэпартаменту аховы МУС, якіх аддзелы міліцыі шукаюць у сеціве. Адкрываем старонку вакансіяў belmeta.com і бачым, што Маскоўскі раённы аддзел сталічнай міліцыі прапануе 800–1200 рублёў за месяц.

Пералічваюцца ўсе прывілеі: выхад на пенсію ў 48 гадоў, дадатковыя вольныя дні, ільготныя крэдыты на жытло пад еўрапейскія 5 % гадавых ды ільготныя пуцёўкі ў санаторыі. Зусім нядрэнна, калі параўноўваць нават з моцна накручанымі звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту за кастрычнік, паводле якіх сярэдні заробак у Беларусі складае 1120 рублёў. Каб пайсці ў ахову, трэба няшмат: сярэдняя адукацыя, пашпарт і служба ў войску, якая не патрабуецца, калі ёсць вышэйшая адукацыя.

Супрацоўнікі АМАПу каля амбасады Расеі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Паўстае лагічная пытанне. Калі шараговы працаўнік Дэпартаменту аховы атрымлівае сярэдні афіцыйны заробак, колькі ж можа зарабляць начальнік раённага аддзелу міліцыі?

«Думаю, недзе каля 1700 рублёў. Усё залежыць ад гадоў выслугі і звання», – кажа мне былы начальнік аднаго з раённых аддзелаў міліцыі ў Беларусі. Прызнае, што лічбы могуць быць большыя, бо не працуе ў міліцыі ўжо больш за пяць гадоў і даўно не цікавіўся заробкамі былых калегаў.

Польшча – Беларусь: дзе лепш быць настаўнікам?

Колькі зарабляюць у польскай паліцыі?

Пасля 12 гадоў жыцця ў Польшчы цяжка ўявіць, што такую інфармацыю маглі б хаваць ад грамадзянаў. Прапісваем у «Google» zarobki policjantów – і атрымліваем адказы на ўсе пытанні. На галоўнай старонцы польскай паліцыі www.info.policja.pl глядзім табліцу сярэдніх па краіне заробкаў. Курсант (падрыхтоўчыя курсы 144 дні) атрымлівае 2376 злотых (1200 рублёў), шараговы паліцыянт – 3445 злотых (1800 рублёў), участковы – 4090 злотых (2200 рублёў), дэтэктыў – 4300 злотых (2300 рублёў), кіраўнік аддзелу – 4900 злотых (2600 рублёў), раённы камендант – 7900 злотых (4300 рублёў), ваяводскі камендант (абласны) – 10 300 злотых (5500 рублёў), намеснік галоўнага каменданта паліцыі – 13 900 злотых (7500 рублёў) і галоўны камендант усёй польскай паліцыі – 16 000 злотых (8600 рублёў).

Супрацоўнікі польскай паліцыі. Фота Madeleine Lenz / Zuma Press / Forum

А цяпер самае галоўнае. Колькі сёння ў Польшчы складае сярэдні заробак? Паводле звестак польскай Дзяржаўнай статыстычнай службы, у лістападзе сярэдні заробак у Польшчы складаў 5230 злотых (2800 рублёў). У адрозненне ад Беларусі, у сярод працаўнікоў паліцыі Польшчы сярэдні заробак не атрымлівае нават кіраўнік аддзелу, не кажучы ўжо пра шараговага паліцыянта.

Руслан Шошын belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары