Беларускі космас сучаснага Палесся


«Падаляка справіўся з дастаткова складанай задачай – ён зрабіў не проста спектакль з яснага фабульнага літаратурнага твора, а тэатральны эксперымент па кнізе, напісанай у форме не лінейнага апавядання, запрасіўшы гледача ў аўтарскае падарожжа па лабірынтах планеты Прудок». Паэтка і тэлевядоўца «Белсату» Валярына Кустава піша пра спектакль «Радзіва «Прудок».

Даведка. «Радзіва «Прудок»» Андруся Горвата – зборнік кароткіх нататак з Facebook расказвае пра беларускага журналіста і дворніка, які адправіўся ў «космас» роднай вёскі, каб аднавіць хату продкаў і знайсці сваё месца ў свеце. Пастаноўка была здзейснена пры падтрымцы кампаніі velcom і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Чытачка Света Іванова з Мазыра нечакана вырашыла падзяліцца са мной уражаннямі ад Купалаўскай прэм’еры спектакля «Радзіва «Прудок», адзін з паказаў якога адбыўся ў Калінкавічах: «Добры дзень! Чыталі «Радзіва «Прудок»»? Глядзелі спектакль па гэтай кнізе? Я была ў Калінкавічах на пастаноўцы і так захапілася… Да гэтага ня ведала пра кнігу. Там ёсць на 24 старонцы абзац пра немаўлятку. Дык гэта пра сястру маёй бабулі Мані з Бярозаўкі. Немаўлятка аказалася дванаццатай дачкой маіх прадзеда і прабабкі з Бярозаўкі. Мая прабабуля Ульяна памерла, калі матулі было тры з паловай гады. Яна застудзілася дзесьці. Мужык працаваў у пана Аскеркі на бровары. У Вадовічах. А бабка павінна была рабіць усю астатнюю працу па дому, па гаспадарцы. Яны мелі надзел зямлі. І яна яго сама апрацоўвала. А як запяе, усе ў акрузе змаўкалі. Мама казала, што людзі бачылі, як Ульяна пасля смерці прыходзіла і карміла малую дачку цыцкай і тая была заўсёды накормленая. І папярэджвалі, што калі прыходзіць, дык скора і забярэ яе. Так і атрымалася. Немаўлятка памерла. Ёй быў месяц ці трохі болей. Я так і ня ведаю, як яе звалі. От табе і радзіва гісторыі майго роду…» – вось яны, існыя гледачы і чытачы сённяшняга Палесся, з адпаведнай рытмікай малення, паступовасцю, людскасцю.

Гэты спектакль пра беларускую будучыню, дзе гучыць кітайская мова, дзе ўсе мы станем зорным пылам, бо такі закон існавання. Спачатку мне не хапала ў творы Любові, Кахання, Жывых пачуццяў паміж людзьмі, але яно там ёсць… і гэта любоў, што існуе непадзельна ад Космасу Беларусі, які і ёсць асобнай касмічнай сістэмай. Ён складаецца з планет Менску, Пінску, Мазыра, Берасця, Давыд-Гарадка, Белаазёрска, Шаркаўшчыны і… Прудка. Гэта спектакль пра малую вялікую Радзіму, што амаль заўжды ёсць большаю за тых, хто на ёй нарадзіўся.

Кейс Горвата

Андрусь Горват

Нават не адна, а некалькі адметнасцяў… Андрусь Горват першы з беларускіх аўтараў, хто напісаў кнігу як дзённік жыцця-онлайн, пускаючы чытачоў у сваю прастору, чым выклікаў давер у беларускай публікі.
Ён паказаў у кнізе сучаснае беларускае Палессе, якое, зрэшты, мала чым адрозніваецца ад Палесся былога. І размова тут перадусім не пра інфраструктуру (зрэшты, і яна будзе нечаканым дзівам для падлеткаў, што гнездаваліся ў горадзе), колькі ў лакальнай ментальнасці, ва ўспрыняцці жыцця ўва ўсёй яго непадманнасці.
Як казаў мой сябар-паляшук: «Вельмі паволі час тут ідзе… з суседзямі размаўляю пра розныя побытавыя справы – хто куды паехаў, калодзеж выкапаў, у каго хворы хто. Іншы свет тут, іншыя праблемы зусім – простыя і звычайныя, але не менш важныя ад гэтага».

Гэтак яно і ёсць.

Андрэй Горват быў журналістам, які марыў стаць пісьменнікам. Ён файна прадумаў свой канцэпт. Сюжэт у кнізе можа падацца збегам абставінам – чым зачароўвае, таму і не ўсім хочацца верыць, што Горват так прафесійна нагадаваў і прыручыў сваіх чытачоў. Але гэта ўжо не так істотна. Аўтара выпадае судзіць толькі па законах напісанага ім. І вось цяпер у нашай культуры маем кейс Горвата. Кейс поспеху. Сведчаннем гэтаму – аншлагі падчас продажу квіткоў: усе 440 месцаў на шэсць чэрвеньскіх паказаў былі выкупленыя ўсяго за 6 гадзінаў.

…Ён кінуў усё – сям’ю, працу… Спачатку пайшоў працаваць дворнікам у «Купалаўскі тэатр» (з якога ўсё пачалося і ў якім цяпер доўжыцца), а пасля – з’ехаў у дзедаву хату ў Прудок, на Палессе – да сваёй фантасмагарычнай будучыні: казы Цёці, мухі Наташы, Марусі Зайчыкавай і беларускага Космасу…

Ён зрабіў тое, пра што ў глыбіні душы хоць зрэдзьчас задумваюцца, бадай, усе беларусы, але абцяжараныя абавязкамі перад сям’ёй, дзяржавай, грамадствам – не вырашаюцца.

Для гарадскіх хіпстэраў і…

Гарадскіх хіпстэраў, што вылецелі з урбаністычнага падстрэшша, для якіх Палессе дзіва і экзотыка, твор зачэпіць не меней, чым тых, што настальгуюць па вясковым маленстве, парным малаку і бабуліных блінцах. А яшчэ «Радзіва «Прудок» можа зачапіць беларускую інтэлігенцыю, што сачыла за онлай-дзённікам Горвата і, якую пакідала неабыякавай сама канцэпцыя даўншыферства, пераўтварэння з гарадскога на вясковага ў жывым часе, сведкамі чаго яна і зрабілася. І, канечне ж, спектакль будзе цікавы ўсім чытачам (тым, хто ўжо прачытаў ці толькі збіраецца) кнігі.

Эксперымент Падалякі

«Радзіва «Прудок» – гэта рэжысёрскі тэатральны дэбют аднаго з вядучых купалаўскіх актораў Рамана Падалякі.

Перад тым, як паставіць гэты матэрыял, Раман супольна з Міхасём Зуем зняў караткаметражны фільм «Ягор». Гэтая стужка ўдзельнічала ў фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm і атрымала прыз глядацкіх сімпатыяў. А ў снежні 2017 года Падаляка выйграў конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, арганізаваны міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, што дало магчымасць увасобіць кнігу ў эксперыментальную тэатральную пастаноўку. Да ажыццяўлення гэтай ідэі далучылася і кампанія velcom, што падтрымлівала кнігу і раней у межах праекту Movabox.

Раман вырашыў зрабіць акцэнт на ідэі ўнутранага космасу. Адметнасць пастаноўкі яшчэ і ў тым, што ўсе шэсць галоўных роляў выконваюць усяго тры акторы: Міхаіл Зуй, Святлана Анікей і Зміцер Есяневіч.

Калі герой Горвата (Міхаіл Зуй) закалыхвае сваёй нязменна-адчужанай сузіральнасцю, то пераўвасабленне Святланы Анікей і Змітра Есяневіча напраўду ўражваюць: ад шалёных іранічна-смешных жукоў пад ложкам героя, да старой (Анікей), якая самазабыццёва пяе народныя песні.

Падаляка справіўся з дастаткова складанай задачай – ён зрабіў не проста спектакль з яснага фабульнага літаратурнага твора, а тэатральны эксперымент па кнізе, напісанай у форме не лінейнага апавядання, запрасіўшы гледача ў аўтарскае падарожжа па лабірынтах планеты Прудок.

На фоне вонкава-эфектных, але не заўсёды энергетычна-змястоўных пастановак Купалаўскага, гэты спектакль выглядае сапраўднай знаходкай.

Што такое Радзіма?

Раман Падаляка: «Мне хацелася перадаць сваё адчуванне таго – што такое Радзіма, беларускасць і як да іх духоўна наблізіцца… Гэта можа прагучаць дзіўна, але ў мяне была задача, каб праз пачуцці і простыя рэчы, з аднаго боку, і праз форму касмічнасці, з другога, дасягнуць празрыстага разумення: што ўсё ў гэтым свеце паўтараецца… Мы жывем у гэтай краіне, і мы самі яе ствараем, і яна застанецца нават пасля таго, як мы ўсе ператворымся ў касмічны пыл…».

Падаляка сціпла робіць акцэнт на тым, што гэта не была яго праца ў чыстым рэжысёрскія выглядзе. «Радзіва «Прудок» – шчаслівы прыклад сутворчасці, дзе артысты паводзілі сябе не ўнутрана-абыякавымі прафесіяналамі, а працавалі, як сапраўдныя мастакі-стваральнікі, паэты сцэны. Складанасці былі ў тым, каб выявіць касмічную тэму тэхнічнымі сродкамі. Трэба аддаць належнае мастаку па касцюмах і сцэнографу Кацярыне Шымановіч. Гэта бадай адна з найвялікшых заслугаў спектакля – так лаканічна, адпаведна, дарэчна мяняць прастору, герояў мінімальнымі бюджэтнымі сродкамі – папросту малюючы касцюмы на белых кавалках пенапластавай тканіны.

Палессе як планета


Цікава, а як бы ўспрынялі самі прудкоўцы такую падачу іх жыцця, ці не было ідэі паказаць пастаноўку на малой радзіме Горвата?

Раман Падаляка: «Усё ж такі гэта не дакументальны спектакль, у якім дзейнічаюць рэальныя героі. Мы шмат чаго перарабілі. Тут пераважае не пратакольная праўда, а наша суб’ектыўна-фантазійнае ўспрыняцце Палесся, я думаю, што калі і ёсць пэўнае супадзенне, то яно фрагментарнае». Добра калі б жыхары Прудка маглі паглядзець пастаноўку, але баюся, што нашыя касмічныя фантазіі могуць не быць ім блізкія…»

Раман Падаляка і яго артысты стварылі ўнікальны спектакль. Вонкава лёгкі па форме і шчымліва-глыбокі па сваім паэтычным змесце. У «Радзіве «Прудок» час ад часу гучыць у запісу проза Івана Мележа. Ягоныя класічныя «Людзі на балоце». І гэта не даніна таннаму постмадэрну. Іван Мележ у свой час па-новаму адкрыў нам беларускае Палессе, паказаў яго вытанчаны, поўны дзівоснай пластыкі, гукаў, паўшэптаў амаль казачны свет, дзе трава, дрэвы, людзі, утвараюць адно магічнае непарушнае цэлае. Вось менавіта да такой гармоніі імкнецца галоўны герой спектакля, а разам з ім і Падаляка са сваёй камандай. Да такой забытай, страчанай гармоніі імкнуцца многія. Таму на гэты спектакль і цяжка набыць квіткі, таму яго ўжо зараз можна смела назваць з’явай у нашым тэатральным дыскурсе.

Валярына Кустава, belsat.eu

Фота прэс-службы Купалаўскага тэатру

Глядзі таксама
Каментары