Беларускі консул наведаў Насту Рыбку ў тайскай турме


Беларускі консул наведаў у Тайландзе затрыманых грамадзянаў Беларусі. Камандзіроўка адбылася яшчэ ў першы тыдзень красавіка, паведамляе БелТА са спасылкай на МЗС.

Консул сустрэўся з беларускімі грамадзянамі, якія адбываюць пакаранне за эканамічныя злачынствы, а таксама беларусаў, затрыманых у лютым у Патаі паводле абвінавачвання ў незаконнай працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Тайланда.

У прэс-службе МЗС не ўдакладняюць імёны затрыманых, але гаворка, хутчэй за ўсё, пра Аляксандра Кірылава («сэкс-інструктара» Алекса Лэслі) і Анастасію Вашукевіч (Насту Рыбку).

Таксама консул атрымаў ад мясцовых праваахоўных органаў інфармацыю пра ўмовы ўтрымання беларусаў, абмеркаваў варыянты далейшых дзеянняў, якія паспрыяюць іх вяртанню на радзіму.

Нагадаем, Анастасія Вашукевіч з Бабруйску стала вядомай пасля таго, як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Наста Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам віцэ-прэмʼеру Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяць замежнікаў (у тым ліку Наста Рыбка), якія праводзілі незаконныя сэкс-трэнінгі, былі затрыманыя ў Патаі. Арганізатарам трэнінгаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (Алекс Леслі). За парушэнне мясцовага заканадаўства іх чакае суд і дэпартацыя.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў