Беларускі Касцёл ахвяруе сродкі на патрэбы дактароў і медсёстраў


Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі ўсіх каталікоў удзельнічаць у зборы ахвяраванняў для барацьбы з пандэміяй каронавіруса, гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе Касцёла.

Залічэнне сабраных сродкаў мусіць адбывацца на спецыяльна адкрыты для гэтага рахунак беларускага аддзялення каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas. З 1990-га году яна займаецца дапамогай пацярпелым ад Чарнобыля, дзецям, хворым, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, бедным, самотным і пажылым.

«Плануецца, што сродкі будуць не Міністэрству аховы здароўя, а канкрэтным шпіталям», – распавёў Белсату дырэктар Карытас Менска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Касцёла брат Андрэй Жылевіч.

Іерархі заахвочваюць беларускіх католікаў аказаць магчымую дапамогу медыкам – арганізаваць добраахвотны збор ахвяраванняў дзеля набыцця неабходных установам аховы здароўя абсталявання і медычных вырабаў.

«Сёння складаная сітуацыя з эпідэміяй таксама ў Беларусі. Колькасць хворых павялічваецца, расце нагрузка на спецыялістаў. Ужо 25 тысяч медыкаў у шпіталях ратуюць ад страшнай хваробы нашых родных і блізкіх, знаёмых і незнаёмых. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць медыкам і моліцца за іх, але ў гэты час можа стаць для іх не толькі духоўнай падтрымкай», – гаворыцца ў звароце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў.

Плакат да акцыі збору сродкаў. Фота catholic.by

Па словах брата Андрэя Жылевіча, братоў-капуцынаў, якіх шпіталізавалі ў Докшыцах з пнеўманіяй у пачатку месяца, зараз выпісалі.

Ён адзначыў, што гэта былі пакуль адзіныя выпадкі заражэння з падазрэннем на каронавірус сярод каталіцкага духавенства Беларусі. «Доказаў таго, што богаслужэнні на Вялікдзень прывялі да росту заражэнняў сярод каталіцкіх вернікаў, няма», – дадаў Жылевіч.

Салігорскія медыкі атрымліваюць дапамогу ад католікаў. Фота catholic.by

Асобныя каталіцкія парафіі пачалі перадаваць дапамогу шпіталям яшчэ раней. Гэтак 15 красавіка салігорскія католікі разам са сваім святаром манахам-францішканінам Сабеславам Тамалам перадалі ў Салігорскі цэнтральны раённы шпіталь дапамогу для медперсаналу і хворых (маскі, рэспіратары, ахоўныя акуляры і шчыткі для твару, пальчаткі, бахілы).

belsat.eu

Стужка навінаў