Беларускі «кароль бройлераў», якога вінавацілі ў няплаце падаткаў, пашырае бізнес


Холдынг «Сервалюкс», які ўжо вырабляе звыш за 30 % мяса птушкі ў краіне, павялічыць свае магутнасці за кошт развіцця новай пляцоўкі.

Уладальнік «Сервалюкса» Яўген Баскін набыў у дзяржавы Слуцкі племптушказавод і інвестуе ў яго мадэрнізацыю, паведамляе выданне «Заўтра тваёй краіны».

Уласнікам Слуцкага племптушказаводу адзін з самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі стаў у канцы мінулага года. Умовы ўгоды не раскрываліся.

На базе былога камунальнага прадпрыемства створаны філіял «Генетык», а ў красавіку – траўні гэтага года адбыліся грамадскія абмеркаванні па інвестыцыйным праекце. «Сервалюкс» плануе рэалізаваць праект на працягу 2018-2019 гадоў.

Новы птушкагадоўчы комплекс будзе ўзводзіцца ў два этапы. На першым – у вёсцы Селішча, дзе размяшчаецца прадпрыемства, мадэрнізуюць тры птушнікі, узвядуць адзін новы і створаць неабходную інфраструктура. На другім этапе новы ўласнік мадэрнізуе адзін і пабудуе два новых птушнікі, паведамляецца на афіцыйным сайце «Сервалюксу».

Ухіляўся ад выплаты падаткаў

14 сакавіка 2016 году Яўгена Баскіна разам з калегамі па «Сервалюксу», агулам 15 асобаў, затрымалі супрацоўнікі КДБ. На наступны дзень старшыня Камітэту дзяржбяспекі Валерый Вакульчык распавёў, што Баскін і ягоны фінансавы дырэктар былі затрыманыя ў менскім аэрапорце пры спробе ўцячы за мяжу.

22 сакавіка Яўгена Баскіна перавялі пад хатні арышт «у сувязі з выяўленымі акалічнасцямі». Праз некалькі месяцаў стала вядома, што бізнесовец цалкам кампенсаваў страты і яго адпусцілі пад падпіску пра нявыезд.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў