Анатоль Міхнавец Беларускі каляндар на 2019 год

Старшыня арганізацыі "Беларуская Нацыянальная Памяць"

Напэўна, кожны на пачатку новага года складае планы, ставіць мэты на найбліжэйшыя 12 месяцаў. Натуральна, што мы думаем пра важныя падзеі, якія будуць у нашым жыцці. Зараз мы і згадаем важныя для нашай нацыі даты, беларускія даты.

Гартаючы каляндар, бачым, што фактычна на кожны дзень прыпадае нейкая важная падзея, дзень народзінаў ці смерці выбітных людзей, славутыя ці трагічныя дні. У гэтым артыкуле не магчыма апісаць усё, бо сотні, спынюся толькі на некаторых датах, якія трэба годна ўзгадаць сёлета.

Канешне іх варта належна адзначаць кожны год, але ўлады Рэспублікі Беларусь не зацікаўленыя ў сапраўдным патрыятычным выхаванні не толькі моладзі, але i грамадства ў цэлым. Таму ўвесь прыемны цяжар кладзецца на нас з вамі.

22 сакавіка 1864 году ў Вільні загінуў Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на землях сённяшніх Літвы і Беларусі

Кастусь Каліноўскі

Апошнім часам прапаганда чарговы раз спрабуе ачарніць гэтую постаць i скалечыць гістарычную памяць, распаўсюджваючы не сёння створы фэйк, што тыя, хто падымаў паўстанне ў Беларусі супраць маскальскага панавання – гэта палякі.

Беларускія гісторыкі не адзін раз разбівалі гэтую хлусню. Думаю, усе хто цікавіліся тэмай ведаюць і пра пароль паўстанцаў:

Каго любіш?

Люблю Беларусь!

Дык узаемна!

Ведаюць і тэксты паўстанцкай газеты «Мужыцкая праўда» ці «Лістоў з пад шыбеніцы». Дадам яшчэ, што калі б Кастусь Каліноўскі быў палякам, то на яго радзіме ў вёсцы Мастаўляны ўжо даўно быў помнік ад польскай дзяржавы, былі б вуліцы ва ўсіх вялікіх гарадах Польшчы, але гэтага няма, бо ўсім польскім гісторыкам вядома, што Кастусь Каліноўскі – Беларускі Герой!

І беларусы заўсёды памяталі пра гэта. У часе другой сусветнай вайны на Гарадзеншчыне і Беласточчыне дзейнічаў партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага, які быў створаны беларусам Аляксеям Карпюком. Пасля вайны Аляксей Карпюк стане вядомым пісьменнікам і апіша дзейнасць «каліноўцаў». Польскіх атрадаў у гонар Кастуся Каліноўскага не было. Толькі ў часы Польскай Народнай Рэспублікі беларусы на Беласточчыне дамагліся каб у Беластоку была вуліца Каліноўскага і Цэнтар культуры ў Гарадку насіў імя Кастуся Каліноўскага. У Беларусі ў гонар нашага героя названыя вуліцы ў Свіслачы, Менску, Горадні, Магілёве, Слуцку, Пінску, Ваўкавыску, Мастах, Жодзіне, Маладзечне, Глыбокім, Пружанах і ў вёсцы Дубрава (Маладзечанскім раён), а ў слаўным Полацку ў гонар Кастуся Каліноўскага назвалі чамусьці толькі завулак.

Зараз справа за намі, памятаць, шанаваць і пашыраць веды пра паўстанне 1863-1864 гадоў і яго герояў.

На Лідчыне адкрылі помнік Невядомым паўстанцам 1863 года

Сёння ўзгадаю толькі пра тры традыцыйныя даты, дзе варта быць і дзе аддаецца даніна павагі паўстанцам: Дзень памяці Кастуся Каліноўскага, які адбываецца ў Вільні і Фэст памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. штогод праходзіць у Свіслачы.

Там сапраўды варта быць, таму занатоўвайце:

  • Сустракаемся ў суботу 23 сакавіка 2019 г. у Вільні, пройдзем вуліцамі, якія памятаюць падзеі, што адбываліся 155 год таму, дакранемся да муроў звязаных з нашым Кастусём. Урачыстасці адбудуцца на Лукішскім пляцы, дакладная праграма будзе бліжэй да падзеі, а зараз проста занатуйце ў свой каляндар – 23/03/2019 – Дзень памяці Кастуся Каліноўскага (Вільня).
Фота аўтара
  • Другая падзея звязаная з паўстаннем – гэта Фэст памяці паўстанцаў 1863-1864 гг., які традыцыйна адбываецца ў апошнія выходныя кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы. Удзельнікі наведваюць магілу роднага брата Кастуся Каліноўскага – Віктара, які быў адным з натхняльнікаў паўстання.

Потым шэсцем накіроўваюцца ў цэнтр Свіслачы да помніка Кастусю Каліноўскаму, пасля выезд у вёску Якушоўка, дзе знаходзілася сядзіба сямʼі Каліноўскіх.

Фота аўтара

Заключная часта адбываецца ў пушчы, завяршаецца імпрэза патрыятычным канцэртам і святочным пачастункам.

  • Трэцяя падзея, пра якую трэба памятаць, гэта Бітва пад Мілавідамі – самая вялікая і самая вядомая бітва паўстанцаў з расейскімі карнікамі. Бітва ў якой поле бою засталося за паўстанцамі і яны святкавалі перамогу. Кожны год на пачатку чэрвеня ў Баранавіцкім раёне каля вёскі Мілавіды адбываюцца ўрачыстасці. На месцы бітвы была збудаваная капліца-помнік і пастаўлена некалькі валуноў з шыльдамі ў памяць пра паўстанцаў.

25 сакавіка 2019 – святкуем Дзень Волі, 101 год таму паўстала Беларуская Народная Рэспубліка

Падрыхтоўка да святкавання ўжо распачалася, маштаб і поспех Дня Волі залежыць ад кожнага з нас. Зараз можна зрабіць унёсак сваймі фінансамі, ідэямі, удзелам у падрыхтоўцы. Самае грандыёзнае святкаванне было летась у Менску, але не будзем забывацца і пра іншыя гарады.

Далучайцеся да ўжо сфармаваных арганізацыйных камітэтаў ці стварайце самі. Дзень Волі варта і трэба святкаваць паўсюль, дзе ёсць беларусы. А фармат можа быць любы.

15 ліпеня 1410 году адбылася Грунвальдская бітва, у якой ваяры Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства перамаглі Тэўтонскі ордэн

Нашыя продкі здабылі перамогу! Кожны год адбываецца рэканструкцыя бітвы, сотні рыцараў аднаўляюць падзеі ліпеня 1410 году, за гэтым назіраюць дзясяткі тысяч гледачоў. На адкрыцці заўсёды прысутнічаюць афіцыйныя дэлегацыі Польскай і Літоўскай Рэспублік. Афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь на ўрачыстасцях няма, сцяга Беларусі на флагштоку таксама няма, ды і рыцары-рэканструктары з Беларусі амаль перасталі ўдзельнічаць у рэканструкцыі бітвы. На ўсе гэтыя адсутнасці ёсць абʼектыўныя прычыны. Пішучы пра гэтую дату, я хачу ўсіх Вас запрасіць на рэканструкцыю Грунвальдскай бітвы.

«Беларуская Нацыянальная Памяць» гатовая дапамагчы клубам рэканструктараў трапіць на падзею, а гледачоў-турыстаў з Беларусі запрашаем быць на месцы падзеі, бо гэта сапраўды варта таго!

Працягваючы рыцарскую тэму, хачу нагадаць пра падзею, якую мы лічым – Днём беларускай вайсковай славы. 8 верасня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага разбілі пад Воршай маскальскіх інтэрвентаў.

Мужнасць нашых продкаў дала магчымасць здабыць перамогу над значна большым маскоўскім войскам. На сваёй землі, у абарончай вайне, праваслаўны гетман Астрожскі сказаў рашучае НЕ тагачаснаму «рускаму міру».

Кожны год пад Воршай у розным фармаце адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. Будзе ён адзначацца і ў 2019 годзе, фармат свята будзе вядомы бліжэй да падзеі. Пішучы пра гераічныя падзеі і герояў, нельга абмінуць Дзень Герояў, так быў названы дзень пачатку Слуцкага Збройнага Чыну

27 лістапада 1920 г. беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з жыхароў Случчыны пачалі баі супраць наступаючага чырвонага войска.

Беларусы змагаліся за сваю Незалежнасць, за ідэалы БНР. Случакі пацярпелі паразу, пачалася партызанка. Удзячныя нашчадкі наведваюць Случчыну, кожны год там адбываюцца ўрачыстасці, фармат якіх павялічваецца і залежыць ад нашага ўдзелу.

Віншуем з Днём герояў! Глядзіце дакфільм «Белсату» і кліп Дзецюкоў пра «Слуцкі збройны чын»

У 2020 годзе будзем святкаваць 100-вы юбілей, да якога трэба рыхтавацца ўжо зараз.

І яшчэ адна падзея, пра якую трэба памятаць і прысутнічаць.

Усе чытачы незалежных медыяў ведаюць пра знойдзеныя на Замкавай гары ў Вільні парэшткі паўстанцаў 1863-1864 гг., пакуль няма афіцыйнай інфармацыі па ўсіх асобах, але з вялікай упэўненасцю можна казаць, што і Кастусь Каліноўскі знойдзены.

Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў плануецца летам 2019 г. у Вільні і там варта быць, бо пераемнасць паміж пакаленнямі не павінна перарывацца.

У гісторыі Беларусі тысячы важных датаў, супольнае святкаванне захоўвае гістарычную памяць, яднае і ўзмацняе народ. У гэтым тэксце я ўзгадаў толькі некалькі падзеяў, дзе нашыя продкі баранілі нацыянальную годнасць свайго Краю. Зараз усё залежыць ад нас!

Анатоль Міхнавец, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары