Беларускі ген змагання-гаравання


Калі мяне папросяць расказаць пра беларусаў двума словамі, я скажу: «Гараваць і змагацца». Толькі два словы, але на іх грунтуецца ўся беларуская філасофія. Піша Андрусь Горват.

У Менску да мяне часта прыязджаў брат, прывозіў бульбу і варэнне ад маці. На развітанне казаў:

– Давай, змагайся.

Маўляў, я табе дапамог, чым мог, далей цягніся да сонца сам.

А потым тэлефанавала маці:

– Трэба гараваць. А як ты думаў – што будзе лёгка?

Гэтыя два словы не перакладаюцца на расейскую мову. На Беларусі яны татэмныя. Яны складаюць структуру інь-янь, у якой змаганне стрымліваецца гараваннем. То бок, мужчынская энергія стрымліваецца жаночай. Стрымліваецца не для знішчэння, а для захавання. Гэта як паліць партызанскае вогнішча: трэба і каб агонь гарэў доўга, і каб яго не ўбачылі здалёк ворагі. Бо такі мы ўжо маем вопыт – толькі пачынаем штосьці рабіць, як хтосьці прыходзіць і топча вогнішча салдацкімі ботамі.

Гаруй, гаруй – не буду перашкаджаць

Слова «гараваць» («цяжка працаваць») ёсць і ў іншых мовах: украінскай, польскай, харвацкай, чэшскай. Патрэба ў ім мусіла знікнуць разам з тым, як беларускі мужык перастаў цягаць плуг на сваіх плячох. І беларускія класікі спрабавалі пахаваць слова. Напрыклад, Купала:

«Я б патрапіў сказаць,

Што і я – чалавек,

Што і мне гараваць

Надаела ўвесь век».

Але калі Купала тое пісаў? А я нядаўна мяняў шыбу, а міма бабця ішла.

– А ты ўсё гаруеш?

– Гарую.

– Ну, гаруй, гаруй – не буду перашкаджаць.

Іншым разам біў пранікам бялізну. Гэта такая старадаўняя забава для тых, хто яшчэ не развіўся да пральнай машынкі. Ішла тая ж бабця.

– А што ты робіш?

– Гарую.

– А хто так гаруе?

Закасвае рукавы, бярэ маё сподняе, і пачынае біць па ім пранікам з усяго дуру так, што са свістам вылятаюць душы мікробаў.

– От як трэба. От як. От як.

– Ага, давайце, я сам.

– Пачакай. От як. От як.

Перабіла мне ўсё вядро.

А Максім Танк расказаў казку пра музыку, якога паміж сабою пачалі дзяліць Бог і чорт:

Пачухаў бог патыліцу: – Тады

няхай сам вырашыць ісці куды:

ці ў тваё пекла, цi ў мой райскі сад,

ці для цябе, ці для мяне іграць.

Напэўна-ж не захочацца назад

ісці на бацькаўшчыну гараваць.

Слова непатрэбнае, колішняе. Але бабцю за вушы ад гаравання не адцягнуць, а музыка добраахвотна выбірае гараванне, а не райскі сад. Бо гараваць – гэта не толькі працаваць, гэта яшчэ і годным чалавекам быць.

Калі памерла матчына сяброўка, матка пра яе сказала:

– Во якая гарованіца. Гаравала ды нічога не нагаравала.

Яе будуць паважаць і любіць менавіта за тое, што яна гаравала – цярпліва, цяжка пражыла беларускае жыццё ды ела свой салёны хлеб, а не чужы салодкі.

На днях прыйшла да мяне цётка Тамара. Хацела папрасіць вядро гліны, але засядзелася, і мы разгаманіліся. Цётка жыве без электрычнасці, носіць у сваім ДНК той старадаўні ген гаравання. Расказваю ёй пра свайго бацьку-палкоўніка.

– Дык ён мусіць ужо на пенсіі?

– Ну, так. Корпаецца ў агародзе.

– І правільна. Лепей гараваць, чымся ў той міліцыі.

От як! Быць міліцыянтам – гэта лёгкае жыццё. Як у тых беларускіх казках, дзе няможна ўсё хацець, а толькі самае неабходнае крывёй і потам здабываць.

Сутнасць беларускага гаравання ў тым, што лёгкага выніку не будзе («Хэй ла-ла-ла-лай, Нiхто не чакае, i ты не чакай»). Калі я летась прыйшоў у агарод палоць лён, я разумеў, што гэта дзікунства. Спаліў сабе спіну на палескім сонцы, але цярпліва палоў. Гараваў, гараваў ды нічога не нагараваў. Увесь лён згарэў, як і спіна. Такі ён – салёны беларускі хлеб. Калі б памёр на градках, мяне б вельмі паважалі суседзі. Асабліва бабця, што маё сподняе біла пранікам.

Не, не маглі беларускія класікі пахаваць татэмнае слова.

Матрыца ўсеагульнага гаравання

Але не падумайце – не толькі мы тут, у дзяроўні, гаруем. Любы чалавек, які з гонарам назваў сябе беларусам, падключаецца да матрыцы ўсеагульнага гаравання.

Напрыклад, тое, што я пішу гэты тэкст па-беларуску, а вы яго чытаеце, – вынік гаравання беларусаў, якія збіралі кожнае з гэтых словаў, складалі кніжкі і атрымоўвалі кулю ў патыліцу. На іх месцы прыходзілі новыя беларусы, працягвалі збіраць новыя словы і складаць новыя кніжкі. Сёння гэтыя новыя беларусы радуюцца, калі ў краме з’яўляецца цукар замест сахара. І паспрабуйце растлумачыць гэтую радасць замежнікам. Яе зразумее толькі чалавек, які гараваў па-беларуску.

Гэта адначасна і наш боль, і наш гонар. Бо гараванне навучыла беларуса спадзявацца толькі на сябе, верыць толькі сваім рукам. Што я магу падняць тымі рукамі, тое і нясу.

За акном сусед на возе цэлы дзень ездзіць туды-сюды. Нешта возіць. Што возіць? Навошта возіць? Няма яму ніякай справы да імперый і сусветных капіталаў. Ён робіць сваю справу. І я не здзіўлюся, калі імперыі разваляцца, капіталы лопнуць, застанецца толькі ён адзін і захавае толькі сваю філасофію. Як той кажа, каму гараваць, таму не ўміраць.

Я змагу, то я змагар

Гараванне – гэта толькі адзін бок філасофіі беларускага жыцця, яе жаночы складнік. Але ўваходзіць у хату беларускі мужык і кажа:

– Я змагу.

З таго «я змагу» пачынаецца змаганне.

Цёткі-маткі будуць цягнуць яго да сваёй спадніцы:

– Куды ты, дурань, сядзі тут, дзе цёпла. Вышыю табе налета новую кашулю, знойдзеш маладзіцу, і будзеце сабе гараваць паціху, як усе нармальныя людзі.

А ён:

– Я змагу.

На справе выглядае ўсё так. Прыходжу я на агарод, гляджу на свой лён, бачу, што працы непачаты край – гараваць і гараваць Але мяне гэта не пужае, кажу:

– Я змагу.

І пачынаю палоць.

Гэта і ёсць беларускае змаганне праз гараванне. Бо няма ў беларускай філасофіі лёгкага і хуткага хлеба. Гараванне стрымлівае змаганне, змаганне надае гараванню сэнс.

Як пісала Ларыса Геніюш:

Не прашу я ў вас дапамогі,

слабым дапамогі не даць…

Сама я гора за рогі

парою ўмею браць!

Натура ў мяне такая –

другіх засланяць сабой.

З чала майго пот сцякае.

Не ваш, але мой гэта бой!

Мацней заціскаю зубы,

не звучана адступаць.

Хто Край свой бязмерна любіць,

той мусіць перамагаць!

Звіняць кайданы на запясцях,

пакутны праходжу шлях,

змагацца за волю – шчасце,

змагацца за праўду – не страх!

Кнігавыдаўцы выдаюць кнігі, мовазнаўцы вучаць мове, музыкі ладзяць канцэрты, рэжысёры здымаюць кіно, гісторыкі расказваюць гісторыі – мы ўсе змагаемся за тое, каб захаваць Беларусь. Мы ўсе гаруем – захоўваем Беларусь цяжкай працай, неймавернымі высілкамі.

Гэта адначасна і наш боль, і наш гонар, і наш беларускі ген змагання-гаравання.

Андрусь Горват, belsat.eu

Стужка навінаў