Ацалелы падчас вайны беларускі габрэй усталёўвае помнікі ахвярам фашызму



Ісхак Меер Южук або Міша Южук. Гэта наш герой. Лёс гэтага чалавека такі, што хопіць не на адну кнігу ці, прынамсі, на сцэнар мастацкага фільму – нічога не трэба прыдумляць, а некаторыя факты, нават, падаюцца занадта фантастычнымі. Але ж гэта само жыццё.

Нарадзіўся Міша ў мястэчку Пагост (пад Пінскам), у габрэйскай сям’і. Акрамя Мішы, у ёй было чацвёра дзяцей: старэйшы брат Борух, Рувен (брат-блізнюк самога Мішы), яшчэ малодшыя Давід і Двура. Жылі дружна, хоць і не вельмі багата.

У 39-м годзе прыйшлі Саветы. А ў 41-м – з’явіліся немцы. Першая страта ў сям’і адбылася амаль што адразу – загінуў дзядзька. Хутка немцы расстралялі бацьку Мішы, а старэйшага брата Боруха адправілі ў працоўны лагер, пад Ганцавічамі. Неўзабаве прыйшлі і за Мішам і яго братам-блізнюком Рувенам. Іх таксама адправілі ў лагер. Падчас адпраўкі Міша і Рувен доўга развітваліся з роднымі – з маці, бабуляй, малодшымі братам і сястрой. Як пасля высветлілася, назаўжды.

У 42-м годзе непадалёку ад лагера партызаны праводзілі аперацыю. Скарыстаўшыся сітуацыяй, вязні пабеглі. Сярод іх былі Міша, Рувен і іх старэйшы брат Борух. Бегчы прыйшлося праз багну. Праз тое балота людзі і днём баяліся хадзіць – мала хто выбіраўся жывы. Дзецям удалося праскочыць праз яго ноччу. Усю ноч яны беглі і прабеглі да ранку 60 кіламетраў, амаль дабраўшыся да Пагосту. Але радасная сустрэча не адбылася. У лесе дзяцей напаткаў мясцовы жыхар, які расказаў, што літаральна гадзіну таму гета расстралялі. Міша ад такой навіны самлеў. Яму было 17 гадоў.

У вёску ўцекачам вяртацца было нельга. Яны вымушаныя былі застацца ў лесе і пражылі там цэлы год, пакуль не прыбіліся да партызанскага атраду. Там братоў раздзялілі – усіх раскідалі па розных атрадах. Міша выконваў заданні і хадзіў на разведку нараўне з дарослымі. Пасля яго адправілі ў армію.

Разам з савецкім войскам Міша ўдзельнічаў у баях за Варшаву, браў Берлін. Ён жа стаяў у ачапленні на Нюрнбергскім працэсе.

Пасля вайны Міша прыехаў у родны Пагост. Ён нічога не ведаў пра лёс братоў, але хацеў паглядзець на родную хату. У Пагосце на яго глядзелі дзіўна – як так адбылося, што ўсіх расстралялі, а Міша жывы? Ці не здраднік ён? У роднай хаце жыла іншая сям’я. Мішу накармілі, пакінулі на ноч, але з ранку папрасілі з’язжаць:

«Вось табе, Міша, карова. За тое, што мы жывем у тваёй хаце. Але ты тут жыць не будзеш».

Карову Міша пасля прадаў, каб здабыць грошы на жыццё.

З Пагосту ён падаўся ў Пінск да дзядзькі. Тут ён даведаўся, што старэйшы брат Борух загінуў. А Рувен жыве ў Ізраілі. У Пінску ж Міша і ажаніўся з дзяўчынай Ганнай, з якой у яго былі вельмі падобныя лёсы. Усю яе сям’ю забілі ў гета. Ганна ж уратавалася. Яна была светлавалосая, з шэрымі вачыма, не вельмі падобная да габрэйкі.

Таму дзяўчынка мела магчымасць выходзіць з гета, каб прадаваць свае цацкі на базары ў суседняй вёсцы. Гэта давала магчымасць сям’і выжыць.

У адзін з такіх дзён Ганне сказалі, каб не вярталася ў гета, бо ўсіх там расстралялі…

У шлюбе ў Ганны і Мішы нарадзіліся дзеці. Праз некаторы час сям’я з’ехала ў Ізраіль да Рувена. Там дзеці выраслі і раз’ехаліся ад бацькоў. У 90-я гады Ганна памерла ад анкалогіі, а Міша заняўся аднаўленнем памяці пра тое, што здарылася ў Пагосце.

Ён сабраў вялікі архіў матэрыялаў і паставіў у роднай вёсцы некалькі помнікаў – на месцы, дзе было гета, на месцы масавых расстрэлаў габрэяў, там, дзе былі першыя забойствы на пачатку вайны (дзе загінуў бацька Мішы) ды іншыя. Кожнае лета гэты чалавек (а зараз яму 93 гады!) прыязджае ў Пагост, каб займацца такой працай – ён фінансуе раскопкі і даследаванні, і лічыць, што гэта галоўнае, што ён павінен паспець да канца жыцця – ушанаваць памяць кожнага забітага жыхара Пагосту.

Пра лёс Ісхака Меера Южука глядзіце рэпартаж рэжысёркі Касі Растоцкай «Хлопчык з Пагосту» (відэа вышэй).

Глядзі таксама
Каментары