Беларускі дом у Варшаве абвясціў акцыю ў падтрыманне беларускіх матуль


Пакажам усяму свету смеласць і гераізм беларусак, якія змагаюцца за свабоду. З такім заклікам у Дзень маці стартавала адмысловая акцыя Беларускага дому ў Варшаве.

Ініцыятыва мае заахвоціць найбуйнейшыя медыі ды міжнародныя арганізацыі апублікаваць здымкі беларускіх жанчын на пратэстах, каб паказаць усяму свету смеласць і гераізм беларусак, якія змагаюцца за свабоду.

Аўтары кампаніі заклікаюць 14 кастрычніка – у беларускі Дзень мамы – зрабіць гэта на першых старонках сваіх газет і ў інфармацыйных выпусках. Такім чынам увага ўсяго свету засяродзіцца на спробах гвалтоўнага здушэння беларускага пратэсту, які доўжыцца ўжо трэці месяц.

«Гэта адна з акцыяў у межах тых ініцыятываў, што падтрымлівае ўрад Польшчы. Польшча з самага пачатку цяперашняй сітуацыі адназначна выказалася ў абарону правоў грамадзянаў Беларусі, якія хочуць быць пачутымі ды самі вызначаць будучыню сваёй краіны», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Павэл Яблоньскі.

Далучыцца да акцыі цягам бліжэйшых дзён можа кожны. Дастаткова зайсці на сайт mothersdaybelarus.pl, выбраць фотаздымак, падпісаць ліст і абраць рэдакцыю або арганізацыю, на адрас якой вашая паштоўка прыйдзе ў друкаванай форме.

10 % палітычных вязняў у Беларусі – гэта жанчыны. Сярод іх – чальцы Каардынацыйнай рады і давераныя асобы Святланы Ціханоўскай. У Дзень маці яны застаюцца за кратамі.

belsat.eu

Стужка навінаў