Беларускі біёлаг распавядае, ці трэба баяцца ГМА




Пагроза для здароў’я ці панацэя ад голаду. Генетычна мадыфікаваная ежа выклікае спрэчкі.
Аднак вердыкт біёлага Аляксея Шпака, госця праграмы «Мова Нанова», адназначны. Таксама ў праграме пра тое, ці рак можна перадухіліць і ці верыць даследаванням, што звязваюць гены чалавека з нацыянальнасцю.

Прадукты геннай інжынерыі больш марозаўстойлівыя, ім не страшныя шмат якія хваробы ды грызуны. Ураджайнасць такіх раслінаў больш высокая, да таго ж яны не патрабуюць рэгулярнага апрацавання пестыцыдамі, якія часцяком з’яўляюцца крыніцай алергіі ў людзей.

Найчасцей выкарыстоўваюць генную мадыфікацыю пры вырошчванні пшаніцы, кукурузы, рысу, цукровых буракоў і рапсу.

Частка спажыўцоў пазбягаюць набываць ГМА прадукты, бо лічаць іх небяспечнымі для здароўя.

Аднак старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксей Шпак лічыць, што ГМА ніякім чынам не зашкодзяць здароў’ю.

«Прадукты праходзяць шматгадовую працэдуру праверкі і тэставання. Некалькі гадоў таму былі апублікаваныя звесткі амерыканскіх навукоўцаў, якія звялі ў адну працу вынікі даследаванняў 20 гадоў. Яны адназначна паказалі, што ГМА баяцца не варта», – сцвярджае навуковец.

Перамагчы рак на генным узроўні

У некаторых людзей ёсць схільнасць да анкалагічных захворванняў. Так галівудская акторка Анджэліна Джоўлі выдаліла малочныя залозы, бо, як паказалі аналізы, верагоднасць захварэць ракам грудзі ў яе была вельмі высокай – 87 адсоткаў са ста праз мутацыю ў гене. Ёсць надзея, што ў бліжэйшай будучыні такія радыкальныя захады не спатрэбяцца.

«Некалькі гадоў таму быў выведзены новы механізм рэдагавання генома, – распавядае спадар Аляксей. – Цяпер праводзяць клінічныя даследаванні. Калі ўсё будзе добра, даказана, гэта дасць нам магчымасць рэдагаваць геном».

Гэта значыць, што некаторыя генетычныя захворванні сыдуць у нябыт, у тым ліку анкалагічныя. Рак можна будзе перадухіліць на генетычным узроўні, і чалавек не захварэе.

Аляксей Шпак дадае, што адна з нядаўніх Нобэлеўскіх прэміяў па медыцыне была прысуджаная менавіта навукоўцам, якія распрацавалі метад, што дазваляе імуннай сістэме чалавека рэагаваць на ракавыя клеткі ды знішчаць іх, уключаючы імунітэт.

Нацыянальнасць паводле генаў?

Раней генетычную экспертызу праводзілі ў сувязі з нейкімі крымінальнымі справамі, вызначэннем бацькоўства, а цяпер робяць паўсюдна. Людзі з яе дапамогаю таксама хочуць даведацца якіх яны крывей, да якой нацыі належаць, хто пераважае. Аднак навукоўцы скептычна ставяцца да гэтага метаду.

«Нельга давяраць даследаванням, якія звязваюць гены чалавека з пэўнай нацыянальнасцю. Існуе такое паняцце, як гаплагрупы. Некаторыя гаплагрупы ў большай ступені характэрныя для некаторых народаў, але яны не прывязаныя да іх», – упэўнены біёлаг Аляксей Шпак.

Пра верагоднасць іншых тыпаў экспертызы, такіх, як тэст на бацькоўства, а таксама пра тое, як расчытаць малекулу ДНК, як размяркоўваюцца атрыманыя намі гены, ды чаму беларусы – людзі з рэцэсіўнымі прыкметамі – глядзіце ў прэм’ерным выданні праграмы «Мова Нанова» (відэа вышэй).

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 19:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота: Szymon Laszewski / FORUM

Стужка навінаў