Беларускі баец «Азова» купіў асабісты самалёт і кватэры на грошы з фонду АТА


«Гісторыя поспеху» Сяргея Кароткіх, вядомага пад мянушкамі Малюта і Боцман, цьмяная. Паводле ўкраінскіх медыяў, раптоўнае з’яўленне ў беларуса з ультраправымі поглядамі статусу мільянера звязанае з карупцыяй у структуры Нацгвардыі.

Шырокую вядомасць ён атрымаў у 2014 годзе, калі атрымаў з рук Пятра Парашэнкі ўкраінскі пашпарт. «Малюта» пераехаў ва Украіну, калі пачынаўся «Еўрамайдан». Пасля ён паехаў ваяваць на Данбас, дзе ўваходзіў у склад батальёна «Азоў» і даслужыўся да пасады камандзіра выведкі.

У кастрычніку 2015 года пераехаў працаваць у Кіеў і ўзначаліў створаны пры кіраванні паліцыі аховы аддзел аховы абʼектаў стратэгічнага прызначэння.

З электроннай дэкларацыі Кароткіх вынікае, што за год працы з афіцыйным заробкам у 77 тысяч грыўняў (менш $ 3 тысяч), ён набыў сабе паўтары дарагіх кватэры ў Кіеве плошчай 74 кв. м.(Кароткаму належыць палова) і 69 кв. м. (агульны кошт інвестыцыі $ 66 тысяч), а таксама асабісты вучэбна-баявы самалёт чэшскай вытворчасці «Альбатрос» за $ 1,2 тысячы.

У дэкларацыі «Боцмана» пазначана, што ён мае $ 223 тысячы долараў, 135 тысячаў еўра і 500 тысяч грыўняў, а $ 565 тысяч ён нібыта пазычыў трэцяй асобе. Агульная сума багацця «беларускага нацыста» – каля $ 1 мільёна.

Акрамя таго, у Сяргея Кароткіх ёсць гадзіннік коштам 140 тысяч грыўняў ($ 5 тысяч), а таксама элітная аўтаручка «Montegrappa» за 120 тысяч грыўняў (больш $ 3,6 тысяч). Што праўда, іх ён набыў яшчэ ў 2013-ым годзе.

Хто такі Сяргей Кароткіх

Кароткіх мае неадназначную і «багатую» біяграфію. Яго называюць верхаводам беларускіх і расейскіх неанацыстаў.

Сяргей Кароткіх

У 1999 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў беларускага аддзялення РНЕ.

У 2004 годзе Кароткіх стаў адным са стваральнікаў і лідараў групоўкі «Нацыянал-сацыялістычнае грамадства», якая «праславілася» жорсткімі збіваннямі замежнікаў і журналістаў. Арганізацыю забараніў Вярхоўны суд Расеі, прызнаўшы экстрэмісцкай арганізацыяй.

«Малюту» падазраюць у тым, што ў снежні 2007 года ён прывёў у дзеянне выбухоўку на Манежнай плошчы ў Маскве. Аднак яго не затрымалі і не дапыталі.

Ён сябраваў з расейскім неанацыстам Цесаком, які ў лютым 2013-га ў Менску разам з Кароткіх зладзіў бойку з фанатамі ФК «Партызан». Абвінавачванні ім не прадʼявілі, бо антыфашысты не захацелі пісаць заяву. Цяпер Цясак у турме за іншыя злачынствы.

Кароткіх неаднаразова пазбягаў пакарання. Беларускія левыя тлумачаць гэта яго сувязямі з беларускімі сілавікамі, чым ён нібыта адкрыта хваліўся.

Нарадзіўся Сяргей Кароткіх у 1974 годзе ў Тальяці, але разам з бацькамі пераехаў у Беларусь. Тэрміновую службу праходзіў у беларускай арміі з 1992 па 1994 гады на пасадзе спецыяліста тэхнічных сродкаў выведкі. Пасля службы Кароткіх паступіў на вучобу ў школу КДБ, але яго выгналі. Здарылася гэта пасля «Чарнобыльскага шляху» 1996 года, падчас якога ён удзельнічаў у збіванні беларускіх апазіцыянераў.

Кароткіх – блізкі сябра спецназаўца Валерыя Ігнатовіча, асуджанага на пажыццёвы тэрмін за выкраданне аператара «ОРТ» Дзмітрыя Завадскага.

Малюта – адзін з апошніх, хто сустракаўся з Паўлам Шараметам перад ягоным забойствам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў